Вы тут

У Магілёве сёння назавуць імёны найлепшай студэнцкай сям'і 2021 года


Яны яшчэ зусім дзеці, глядзяць адно аднаму ў вочы, трымаюцца за ручкі. І такія конкурсы, як гэты, напэўна, — толькі першыя выпрабаванні на сур'ёзнасць іх пачуццяў. Нездарма праект «Шчаслівыя разам» нарадзіўся менавіта сярод студэнцкай моладзі, у сценах Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій. Сёлета конкурс праводзіцца ўжо трэці раз. Пачалося ўсё яшчэ ў чацвер з заданняў на такія бытавыя тэмы, як размеркаваць сямейны бюджэт і што прыгатаваць на вячэру.


У пятніцу з раніцы ў парку Падніколле грымела музыка і танчыла моладзь. Арганізатары запрасілі сваіх канкурсантаў на вясёлую квэст-гульню, дзе трэба было праявіць спрытнасць і знаходлівасць. Напрыклад, знайсці сваю другую палавінку з завязанымі вачыма або назваць прадмет па яго апісанні. Было шмат заданняў спартыўнай тэматыкі на хуткасць, трапнасць і сілу. Гэта яшчэ трэба даказаць, што жанчыны — пол слабы. Дзевяць студэнцкіх пар з вышэйшых навучальных устаноў Брэста, Гомеля, Гродна, Магілёва і Магілёўскай вобласці, Мінска і нават Масквы паказалі, на што яны здольныя.

— Конкурс з кожным разам выклікае ўсё большую зацікаўленасць у маладых сем'яў, — адзначыла прарэктар Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Вольга Мацікава. — Калі раней нам прыходзілася агітаваць прыняць удзел, то гэтым разам жадаючых было нават болей, чым прапісана ў палажэнні. Прыйшлося яго крыху падкарэкціраваць, каб не крыўдзіць моладзь.

Павышаную цікавасць да конкурсу праявілі гродзенскія студэнты. У Магілёў прыехалі аж тры пары з Гродна, дзве з якіх вучацца ў медыцынскім універсітэце. Знамянальна, што ў Год народнага адзінства да конкурсу далучылася студэнцкая сям'я з Маскоўскага дзяржуніверсітэта тэхналогій і кіравання імя К. Разумоўскага. Марыі і Алегу Свавіцкім вельмі спадабалася атмасфера студэнцкіх спаборніцтваў. Кажуць, што, калі даведаліся пра магчымасць пабываць у Беларусі, доўга не раздумвалі. Пацвердзілі заяўку, сабралі сумкі і прыехалі ў Магілёў. Кажуць, што любяць усё нестандартнае і цікавае, не губляюць магчымасці падарожнічаць, а тут была такая цудоўная нагода. У Беларусі Марыя з Алегам упершыню і не расчараваны. У адрозненне ад шумнай Масквы, тут ім падабаецца натуральнасць і запаволенасць. «Ціха, свежа, спакойна», — выказала ў трох словах пачуцці Марыя. «Шчаслівыя разам» яны ўжо чатыры гады, пазнаёміліся перад паступленнем ва ўніверсітэт. Установа, дарэчы, лічыцца ў Расіі першай казацкай. І сёння сужэнцы ў творчым паядынку будуць дэманстраваць танец з шаблямі.

Наогул, навізны ў сёлетняй праграме шмат. Акрамя квэст-гульні ў Падніколлі, студэнцкія сем'і запрасілі яшчэ і на маладзёжны пікнік — на маляўнічы бераг Дняпра. Тут жа, на месцы, студэнты ўніверсітэта харчовых і тэхнічных тэхналогій, між іншым, пастаянныя ўдзельнікі міжнароднага конкурсу WorldSkіlls, гатавалі для іх вытанчаныя стравы. Смаката на свежым паветры з прыгожай панарамай — што можа быць лепш для маладых рамантыкаў? Але тут ім прыйшлося прадэманстраваць веданне сямейнага этыкету. Ацаніў намаганні аўтарытэтны псіхолаг. Выпрабаванне, дарэчы, — своеасаблівы тэст на правільнасць пабудовы ў сям'і адносін.

— Нам казалі, што, каб захаваць сямейныя адносіны, трэба разам пуд солі з'есці, і гэта так, — усміхаецца намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка. — Гэта, як той казаў, класіка. Трэба разам прайсці шмат выпрабаванняў, быць побач і ў цяжкія хвіліны, і ў хвіліны радасці. Конкурс добры тым, што можа шмат чаму навучыць і яшчэ больш умацаваць сем'і. Па статыстыцы, у Беларусі жыве ўсяго 300 пар, якія стварылі сем'і ў студэнцкія гады. Хочацца, каб такіх сем'яў было болей.

Сёння ў кавярні «Парк Хол» сужэнцы прадэманструюць свае візіткі і пакажуць творчыя нумары. Але, нягледзячы на тое, што галоўны прыз атрымае толькі адна сям'я, астатнія не застануцца без тытулаў і падарункаў. Конкурс добры тым, што тут усе, па сутнасці, пераможцы. Таму што шчаслівым разам нічога не пагражае. Конкурс сёлета падтрымалі Магілёўскі гарвыканкам, Міністэрства адукацыі, шэраг магілёўскіх прадпрыемстваў, у тым ліку кавярня «Парк Хол», якая арганізавала для студэнцкіх сем'яў бясплатнае свята на сваёй тэрыторыі.

У тэму

Сёння ў Магілёўскай вобласці будзе дадзены старт рэспубліканскаму сямейнаму сельскагаспадарчаму праекту «Уладар сяла», а актывісты Магілёўскага абкама БРСМ павіншуюць пераможцаў рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла — 2019» сям'ю Фядотавых з Кіраўскага раёна.

У Магілёўскай вобласці запланаваны шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню сям'і. У Бабруйску пройдзе сямейная канферэнцыя «Мір вачыма дзіцяці» і ўрачыстае мерапрыемства «Зазірніце ў сямейны альбом». У Быхаве адбудзецца музычна-спартыўнае свята «Спартыўная сямейка». У Краснаполлі запланаваны фестываль-конкурс «Сям'я, якая спявае», а ў Клічаве — вечар адпачынку «Усёй сям'ёй да нас прыходзьце». Круглянскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей запрашае сёння сем'і на Дзень адчыненых дзвярэй, а раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Вясёлка» — на конкурсна-забаўляльную праграму «Сем Я — мая сям'я».

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: «Шчаслівыя разам»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.