Вы тут

Дружалюбнасць да сем'яў і моладзі — важны крытэрый сацыяльна арыентаванай дзяржавы. Круглы стол


Нацыянальным брэндам Беларусі па праве лічыцца сацыяльная падтрымка сем'яў дзяржавай, і таму напярэдадні Міжнароднага дня сям'і прадстаўнікі ўлады, духавенства і грамадства сустрэліся, каб падвесці вынікі дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльнай аховы сям'і. Падчас круглага стала былі вызначаны і кірункі, на якія ўладам трэба звярнуць увагу. Так, у прыватнасці, плануецца заахвоціць работадаўцаў быць больш дружалюбнымі да сем'яў і падтрымаць моладзь.


Старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, намеснік старшыні Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Людміла КАНАНОВІЧ падкрэсліла, што пры арганізацыі сямейнай дзяржаўнай палітыкі варта звярнуць увагу на матывацыю наймальнікаў у дачыненні да работнікаў з дзецьмі.

— Справа ў тым, што пры прыёме на работу, асабліва калі гаворка ідзе пра жанчын, наяўнасць дзяцей нярэдка ўспрымаецца кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый як мінус саіскальніка, — сказала Людміла Канановіч. — Такім саіскальнікам, як правіла, задаюць пытанні, ці змогуць яны поўны працоўны дзень працаваць, ці часта хварэюць іх дзеці, ці ёсць у іх сваякі, здольныя на час адсутнасці бацькоў замяніць іх па доглядзе. Але ж можна не толькі праводзіць адбор падыходзячых кандыдатур, але і ствараць умовы для паспяховага сумяшчэння работнікам працоўных функцый і бацькоўскіх абавязкаў. Тым больш што сёння ў заканадаўчых актах, якія рэгулююць працоўныя адносіны, ужо ёсць нормы, што дазваляюць паспяхова трымаць баланс сямейных і працоўных абавязкаў.

Людміла Канановіч адзначыла, што працэс удасканалення працоўнага заканадаўства працягваецца. Неўзабаве ў краіне стане магчымым выкарыстанне змешанага рэжыму працы, калі частку працоўнага часу работнік праводзіць у офісе, а частку — на аддаленні.

У той жа час старшыня Пастаяннай камісіі адзначыла і неабходнасць стварэння мер падтрымкі работнікаў з дзецьмі ў рамках калектыву.

— Трэба ствараць свой сацыяльны пакет для работнікаў з дзецьмі, — лічыць дэпутат. — Напрыклад, прадугледзець для шматдзетных ільготныя абанементы на аздараўленчыя мерапрыемствы за кошт прыбытку, арганізацыю для іх бясплатных свят, удзел у конкурсах і іншае. Падобная практыка ўжо мае месца ў калектыўных дагаворах некаторых прадпрыемстваў і арганізацый. Але, як правіла, гэта асаблівасць калектываў, якімі кіруюць жанчыны. А вось там, дзе кіраўнікі — мужчыны, матывацыя дружалюбнасці сям'і нашмат слабейшая. Будзем знаходзіць і папулярызаваць такі перадавы вопыт.

Дацэнт кафедры рэпрадуктыўнага здароўя і медыцынскай генетыкі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, акушэр-гінеколаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Аксана ДРАЖЫНА заўважыла, што сёння ў краіне паўстае праблема рэпрадуктыўнага здароўя.

— Маладыя сем'і, якія прынялі рашэнне жыць разам, адкладваюць нараджэнне першынца, — сказала Аксана Дражына. — Паводле статыстыкі, толькі да 35 гадоў яны задумваюцца пра дзіця, калі ўжо ёсць кватэра, машына і дача. Але прыкладна ў гэтым узросце арганізм жанчыны пачынае рэпрадуктыўна згасаць. І ў нас паўстае праблема, каб у такой сям'і з'явілася хоць бы адно дзіця. Неабходна стымуляваць моладзь, каб заахвоціць рашыцца на першае дзіця, тым больш што СААЗ лічыць найлепшымі цяжарнасць і роды, якія наступілі ў жанчыны да 26 гадоў.

З прадстаўніком аховы здароўя згадзілася і кіраўнік Цэнтра падтрымкі сям'і і мацярынства «Матуля» Вераніка СЯРДЗЮК. Яна расказала, што ў краіне зарэгістравана толькі каля 300 студэнцкіх сем'яў:

— Жанчыны і мужчыны ў Беларусі з кожным годам на ўсё больш позні тэрмін адкладаюць уступленне ў шлюб і нараджэнне дзяцей. Заўважная гэтая тэндэнцыя і па студэнцкіх сем'ях, колькасць якіх скарачаецца. Іх падтрымка можа стаць стымулам для маладых людзей ствараць сем'і раней, таму важна распрацаваць праграму з пералікам спецыяльных, цікавых менавіта гэтай катэгорыі насельніцтва, ільгот, якія дазволяць зрабіць іх жыццё і бытавыя ўмовы больш якаснымі.

Як адзначыла кіраўнік цэнтра, колькасць сем'яў з нараджэннем другога і наступных дзяцей узрастае, а вось са з'яўленнем першага дзіцяці, наадварот, памяншаецца.

Для паляпшэння сітуацыі, якая склалася, цэнтр працягвае рэалізоўваць праекты па захаванні традыцыйнай і падтрымцы маладой сям'і, адукоўвае насельніцтва па тэме ўступлення ў шлюб і нараджэння дзяцей.

— Забеспячэнне нармальных умоў жыцця і развіцця грамадзян, паляпшэнне іх дабрабыту для сацыяльна арыентаванай Беларусі заўсёды было першараднымі задачамі, такімі яны застаюцца і цяпер, — запэўніла парламентарый падчас дыскусіі. — Штогод у краіне стараюцца паляпшаць узровень жыцця розных катэгорый насельніцтва, сярод якіх пажылыя людзі, асобы з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама шматдзетныя маці, сем'і з дзецьмі. Усе разумеюць, што гадаваць дзіця — даволі складаны занятак не толькі фізічна, але і фінансава, таму ў краіне падтрымліваюць гэтыя групы насельніцтва з дапамогай сістэмы дзяржаўных дапамог. Зараз такой формай дапамогі забяспечаны больш за 450 тыс. дзяцей, а гэта практычна кожнае чацвёртае дзіця ў Беларусі.

Усяго ў краіне налічваецца 2 млн 612 тыс. сем'яў, з іх больш за 1 млн 140 тыс. сем'яў (44 % ад агульнай колькасці сем'яў з дзецьмі) — з дзецьмі да 18 гадоў. Адно дзіця выхоўваюць амаль 60 % сем'яў, дваіх — 31,4 %, траіх і больш — 8,7 %.

Сем'ям з дзецьмі працягнуць удзяляць увагу і ў далейшым, у прыватнасці і праз рэалізацыю аднаго са стратэгічных напрамкаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2025 года — праекта «Шчаслівая сям'я». Яго задача — стымуляваць нараджальнасць і ўмацоўваць інстытут традыцыйнай сям'і, развіваць даступнасць паслуг па доглядзе дзяцей і сістэмы сацыяльнага абслугоўвання сем'яў, забяспечваць роўнасць абодвух бацькоў у выхаванні дзяцей.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Фота Анатоля Клешчука

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Ігар Петрышэка: «ЦТ — спаборніцтва, і перамога ў ім павінна быць чэснай!»

Сацыяльнае дыстанцыраванне і напаўняльнасць да 50 чалавек — такія патрабаванні да аўдыторый ЦТ.

Культура

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»

Яны яшчэ не ведалі, што наперадзе — доўгія тры гады жыцця пад акупацыяй. 

Грамадства

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Ва ўсім вінаваты... заяц. Як не падхапіць інфекцыю на прыродзе і падчас сельгасработ

Выпадак захворвання тулярэміяй зарэгістраваны ў чэрвені.