Вы тут

Фермеры са Шчучыншчыны пра тое, чаму гародніна з градак не з'яўляецца экалагічна чыстым прадуктам


Не ведаю як вы, але я да пачатку цёплага сезона прылаўкі з агароднінай у супермаркетах вельмі рэдка наведваю. Узорныя агурочкі, памідорчыкі, радысачка зусім не абуджаюць апетыту. Рэцэптарная памяць падказвае — на смак усё гэтае хараство пакуль яшчэ прэснае і вадзяністае, а калі не пашанцуе, то пасля такіх «здаровых» прадуктаў яшчэ і высыпанне з'явіцца, а можа і алергія. Таму стараешся не купляць «жывыя» прадукты ў буйных крамах, пераходзячы на куплю «прама з рук».

«Ці можна сказаць, што бабулі на рынку прадаюць экалагічна чыстую прадукцыю?», — мяркуючы, што «так», задаю пытанне Валерыю АДАШЧЫКУ, старшыні праўлення Гродзенскай абласной асацыяцыі фермераў, кіраўніку фермерскай гаспадаркі «Лапішкі-Агра». Менавіта да яго я звярнулася з намерам даведацца ўсё аб арганічнай прадукцыі, зялёным земляробстве і экалагічных трэндах у сельскай гаспадарцы.


Тры гады пад аздараўленне

У дзень камандзіроўкі ў Шчучынскі раён не асабліва пашанцавала з пагодай. Гэта быў канец красавіка, які хмурыўся і спрабаваў наскрозь прадуць і прамачыць. Усе гэтыя прыкрасы я адчула літаральна ў чыстым полі, куды мы прыехалі з Валерыем Аркадзьевічам. Па дарозе да «свайго ўчастку» ён распавёў мне аб уласнай фермерскай гаспадарцы.

— У мінулым годзе раённыя ўлады выдзелілі нам участак пад арганічнае земляробства. Мы з калегамі вырашылі не займацца змяшанай, паралельнай вытворчасцю, паколькі фермерская гаспадарка «Лапішкі-Агра» — гэта, у цэлым, інтэнсіўнае земляробства. Было вырашана развіваць арганіку на асобных землях і кінуць туды ўсе веды і сілы, назапашаныя ў гэтай галіне. Так з'явілася фермерская гаспадарка ТАА «ШчучынЭкаПрадукт», — распавядае кіраўнік прадпрыемства.

Тады ж мы і пазнаёміліся з 40 гектарамі зямлі, куды нас ледзь давёз белы мінівэн, якому ўжо відавочна даставалася ад капрызных і залежных ад надвор'я палявых дарог. Нягледзячы на значную аддаленасць ад аўтатрас і вялікіх населеных пунктаў, хутар Зайкаўшчына (так ён пазначаны на картах) гэта менавіта тое, што трэба для такой задумы.

Справа ў тым, што арганічная прадукцыя вырабляецца без выкарыстання мінеральных і сінтэтычных угнаенняў, гербіцыдаў і пестыцыдаў. Яе аснова — урадлівасць зямлі і спецыяльныя біялагічныя прэпараты. Таму важным фактарам з'яўляецца аддаленасць ад аўтастрад і вытворчых палёў, якія апрацоўваюцца згодна з правіламі інтэнсіўнай гаспадаркі. Хімічныя занясенні — выключаныя.

Валерый Аркадзьевіч тлумачыць, што асновай «зялёнага» падыходу да земляробства з'яўляецца выкарыстанне сідэратаў: раслін, якія вырошчваюцца з мэтай іх наступнай закладкі ў глебу для паляпшэння яе структуры, узбагачэння азотам і прыгнёту росту пустазелля. Сідэраты яшчэ называюць зялёнымі ўгнаеннямі. Яны будуць узбагачаць гэты ўнікальны ўчастак зямлі сярод стройнага ланцужку дрэў на працягу трох гадоў.

— Сёлета на ўчастку будзе зелянець рэдзька алейная. У наступным — пасеюць жыта азімае, а на трэці год у ролі аздараўляльніка выступіць канюшына. Толькі пасля гэтага можна будзе рабіць больш дакладныя планы, — дзеліцца праграмай на Зайкаўшчыну Валерый Адашчык. — Мяркуецца, што ўчастак падзеляць на чатыры ўмоўныя сектары, дзе стануць сеяць збожжавыя і бабовыя культуры: жыта, пшаніцу, грэчку. Пазней будзем вырошчваць арганічную гародніну — бульбу, буракі і іншае.

Тым больш, як кажа фермер, на збожжавыя ўжо ёсць попыт — іх плануюць прадаваць на «Маладзечанскі камбінат хлебапрадуктаў», у якога таксама будзе сертыфікат на вытворчасць жывой прадукцыі з арганічнага збожжа.

Сертыфікацыя — гэта заўсёды выдаткі

Дарэчы аб сертыфікатах. У адрозненне ад еўрапейскіх краін арганічная сертыфікацыя ў Беларусі пакуль толькі робіць першыя крокі, таму з іх атрыманнем могуць узнікнуць некаторыя складанасці. Справа ў тым, што да мінулага года ў Беларусі не было спецыяльных інстытутаў, якія маглі б пацвердзіць якасць арганічнай прадукцыі. Яно, дарэчы, пазначаецца спецыяльным знакам «Арганічны прадукт. Беларусь», маючы на ўвазе, што гэта не толькі чысты прадукт, але і вырашчаны выключна па правілах арганічнай вытворчасці.

Выкарыстоўваць яго ці не — справа добраахвотная. У любым выпадку эфектыўнасць вытворчасці арганічнай прадукцыі павышае эканамічны патэнцыял, якасць і бяспеку прадуктаў харчавання, захоўвае прыродныя рэсурсы. Гэта значыць працуе на здароўе грамадзян і навакольнага асяроддзя. Атрымаўшы нацыянальны сертыфікат адпаведнасці, вы аўтаматычна трапляеце ў Адзіны дзяржрэестр вытворцаў такой прадукцыі, весці які ўпаўнаважаны Беларускі дзяржаўны інстытут стандартызацыі і сертыфікацыі. На сайце Дзяржстандарту гэты рэсурс размесцяць у вольным доступе.

На дадзены момант Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні і Беларускі дзяржаўны інстытут метралогіі з'яўляюцца нацыянальнымі сертыфікацыйнымі органамі.

Сертыфікацыя — гэта заўсёды выдаткі. У Еўропе прадугледжаны розныя спосабы фінансавай падтрымкі вытворцаў арганічнай прадукцыі. Так, у Аўстрыі памер дзяржаўных субсідый дасягае 600 мільёнаў еўра ў год, калі вырошчваецца пэўны план па прадукцыі. У Латвіі вылучаецца дапамога з разліку на гектар сельгасугоддзяў, прадугледжаны і падатковыя льготы. У Швейцарыі субсідыі, якія выдзяляюцца фермерам-арганікам, наўпрост залежаць ад таго, наколькі яны спрыяюць захаванню натуральных угоддзяў.

У Беларусі дзейнічае Закон «Аб вытворчасці і звароце арганічнай прадукцыі», а таксама створана праграма «Развіццё аграрнага бізнесу на 2021–2025 гады», у якой ёсць раздзел, які тычыцца вытворчасці арганічнай прадукцыі, уключаючы пераходны перыяд, дзе будуць разгледжаны магчымыя механізмы фінансавай падтрымкі. Таксама гаспадаркам, занятым выпускам арганічнай прадукцыі, прадугледжаны тыя ж ільготы, што і іншым сельгаспрадпрыемствам.

У выпадку з ТАА «ШчучынЭкаПрадукт» Валерый растлумачыў, што частка выдаткаў на атрыманне сертыфікацыі фермерскай гаспадарцы аплаціць дзяржава. Важную ролю ў гэтым таксама адыгрывае «Цэнтр экалагічных рашэнняў», арганізацыя, якая займаецца папулярызацыяй экалагічна дружалюбнага ладу жыцця і прынцыпаў устойлівага развіцця. Але галоўны спонсар — уласнае прадпрыемства з інтэнсіўнай гаспадаркай «Лапішкі-Агра».

Зялёныя палі — доля энтузіястаў

Фермеры са Шчучына арыентаваліся на нямецкі вопыт. Пяць гадоў таму Валерый Аркадзьевіч змог адправіцца ў інфармацыйную паездку па тэме «Экалагічная сельская гаспадарка» па запрашэнні МЗС ФРГ у складзе іншых сацыялістаў з Беларусі. Арганізатарам і каардынатарам паездкі выступаў Інстытут імя Гётэ ў Беларусі, які арганізаваў групу цікаўных да зялёнага земляробства.

Вопыт арганічнай сельскай гаспадаркі Германіі паказвае, як павінна працаваць невялікае фермерская гаспадарка, аднак арганічнае земляробства ў гэтай краіне не прыняло масавага характару. Тым не менш попыт на біяпрадукцыю па-ранейшаму застаецца высокім настолькі, што вытворцы не могуць паскардзіцца на адсутнасць прыбыткаў.

Да таго ж, экапрадпрыемствы ў Германіі маюць магчымасць атрымаць разнастайныя субсідыі. Гэта і пазямельныя прэміі, і аграрныя праграмы па развіцці жывёлагадоўлі або структур збыту на сваім прадпрыемстве.

Лічыцца, што калі б не значная падтрымка, наўрад ці хто-небудзь з фермераў стаў бы гэтак захоплена, па якіх-небудзь ідэалістычных памкненнях займацца экалагічным земляробствам, працуючы ў шкоду сабе. І нават высокі попыт на дарагаватую арганічную прадукцыю, які, як вядома, стварае прапанову, не выратаваў бы.

Аднак наша гісторыя, падобна, зусім супрацьлеглага толку. Пакуль мы абмяркоўвалі з Валерыем Адашчыкам працу яго калег і зялёныя палі, мне падумалася, што гэтая гісторыя менавіта пра энтузіязм.

На іншым участку, дзе праз пару месяцаў зазелянеюць клубніцы ад «Лапішкі-Агра» да нашай кампаніі далучыўся Уладзімір УШКЕВІЧ, генеральны дырэктар абласной асацыяцыі фермераў. Дзялюся з імі думкай пра энтузіястаў, а мужчыны расплываюцца ва ўсмешцы — аказваецца, не адна я так лічу.

– Праводзіш сертыфікацыю сваёй прадукцыі, наладжваеш вытворчасць здаровых тавараў, а яны аказваюцца нікому не патрэбнымі,– заўважае Уладзімір Ушкевіч, які тэму арганічнай гаспадаркі вывучае амаль дваццаць гадоў. — Але за гэтым будучыня, бо дзяржаве патрэбная здаровая нацыя, здаровыя грамадзяне.

Тым не менш, энтузіязмам сваю справу мужчыны называюць таму, што тэмай зялёнага земляробства ў нашай краіне займаюцца часцей за ўсё менавіта ініцыятыўныя і неабыякавыя людзі. У нейкім сэнсе яны першапраходцы, бо веды аб арганічнай сельскай гаспадарцы даводзіцца збіраць літаральна па крупінках і цалкам самастойна, калі няма часу з'язджаць спецыяльна на замежнае навучанне.

Справа ў тым, што востра паўстае пытанне кваліфікаваных кадраў, а для дадзенай сферы айчынныя ўніверсітэты пакуль не рыхтуюць настолькі вузканакіраваных спецыялістаў.

— У нашых ВНУ пакуль не рыхтуюць спецыялістаў па экалагічнай сельскай гаспадарцы, — разважае Уладзімір Вітальевіч, — ды і няма для гэтага адпаведных перадумоў, бо адукацыя досыць інэртна і не заўсёды паспявае за цягам часу. Хоць, наколькі я ведаю, гэтай тэмай вельмі цікавяцца ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, у Палескім дзяржаўным ВНУ.

Сам дырэктар абласной асацыяцыі фермераў займаўся толькі самаадукацыяй. Акрамя вывучэння літаратуры, набываў важныя знаёмствы з замежнымі спецыялістамі, і, вядома, пускаўся ў камандзіроўкі ў іншыя краіны, дзе не толькі гатовы падрабязна расказаць пра тэхналогіі, але і з радасцю прадэманстраваць, як усё ўладкавана на практыцы.

— Важным з'яўляецца не толькі фінансавая падтрымка, але і ўласнае разуменне грамадзян, — упэўнены Уладзімір Вітальевіч, — бо людзі павінны клапаціцца пра сваё здароўе, а аграрыі надаваць вялікую ўвагу сельскай вытворчасці, будучы моцна перакананымі, што ўсё пачынаецца з зямлі.

Дзякуючы падобным ініцыятарам, прыхільнікаў арганічнага земляробства на Гродзеншчыне з кожным годам становіцца больш. На фермерскія і асабістыя падсобныя гаспадаркі ўскладаюцца вялікія надзеі.

Паводле звестак аблсельгасхарча, у вобласці пад вытворчасць арганічнай прадукцыі сертыфікаваныя каля 300 гектараў сельгасзямель. У цэлым жа на пачатак бягучага года ў Гродзенскай вобласці налічваецца амаль чатырыста сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак.

Буйнымі вытворцамі арганічнай прадукцыі разам з ТАА «Здаровая краіна» з'яўляюцца СФГ «Здаровы свет», ТАА НПК «Біятэст» Гродзенскага раёна. На падтрымку вытворцаў арганічны прадукцыі з абласнога бюджэту ў найбліжэйшыя пяць гадоў будзе выдзелена амаль 548 тысяч рублёў. У цэлым у вобласці вырошчваюць арганічнае збожжа, гародніну, плады і ягады, лекавыя травы.

Хто купіць, бо дорага?

Усе разумеюць важнасць прынцыпу: «Здаровая глеба — здаровыя расліны — здаровыя жывёлы — здаровы чалавек». Таму ўсё больш людзей ва ўсім свеце выбіраюць прадукты без хіміі, таму што задумваюцца аб тым, што ядуць. Хтосьці называе гэта цэлай асаблівай філасофіяй пра здароўе людзей.

Аднак, існуе меркаванне, што гародніна і садавіна з паліц «Эка», якія маюць цану некалькі большую, чым тавары на суседніх паліцах, разлічаны для грамадзян з больш важкім кашальком. Толькі дадзены стэрэатып зусім не мае падстаў.

— Усе кажуць, што дорага, што экалагічную прадукцыю могуць дазволіць сабе толькі багатыя, — разважае старшыня праўлення гарадзенскіх фермераў, — але гэта не так. Многія сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што галоўнымі спажыўцамі чыстай прадукцыі з'яўляюцца людзі-алергікі і тыя, каго асабліва хвалюе здароўе ўласных дзяцей і асабістае самаадчуванне. Заможныя людзі звычайна ў такіх пераліках стаяць на апошніх пазіцыях разам з тымі, хто проста ідзе за трэндамі.

Парадокс выкарыстання сінтэтычных угнаенняў у тым, што з кожным годам іх прыходзіцца уносіць ва ўсё большых колькасцях. Але ж пестыцыды не толькі пагаршаюць якасць атрыманай прадукцыі, але і негатыўна ўплываюць на мікрафлору глебы, парушаючы раўнавагу ў экасістэмах. На думку даследчыкаў, толькі дзесяць адсоткаў пестыцыдаў выдаткоўваюцца па прызначэнні, астатнія «пралятаюць міма», забруджваючы прыроду і знішчаючы карысную глебавую жыўнасць. Б'е хімія і па нашым здароўі, выклікаючы хваробы, у тым ліку і анкалагічныя.

Таму агарод у бабулі, якая прыйшла гандляваць цыбулькай і агурочкамі з градкі, можа быць яшчэ больш забруджаны, чым гаспадарчыя палі некаторых фермерскіх участкаў з інтэнсіўнай вытворчасцю.

Такая прадукцыя, растлумачылі мне шчучынскія фермеры, па многіх прыкметах не з'яўляецца экалагічна чыстай і жывой, бо натуральная гаспадарка — гэта цэлы жывы арганізм, які патрабуе адмысловага дагляду.

Аліса СКІБА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.