Вы тут

Качанава: Дзяржава робіць дастаткова шмат для падтрымкі шматдзетных сем’яў


Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла сустрэчу з актывам грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў», перадае БЕЛТА.


Фота: belta.by

«Традыцыйна ў Дзень сям’і мы сустракаемся са шматдзетнымі бацькамі і, вядома ж, заўсёды гаворым аб пытаннях і праблемах, якія ёсць у гэтай катэгорыі грамадзян. Перш за ўсё ў гэты дзень хацелася б павіншаваць усіх, хто выхоўвае дзяцей. Бо што можа быць у жыцці чалавека важней, чым моцная сям’я, добрыя дзеці, якія цябе цешаць? — сказала Наталля Качанава. — Сёння дзяржава робіць дастаткова шмат для падтрымкі шматдзетных сем’яў. Гэта дапаможнікі, жыллё, сямейны капітал, магчымасць наведвання розных гурткоў і спартыўных секцый. І кожны раз, калі мы сустракаемся з прадстаўнікамі асацыяцыі, яны кажуць, што гэта вельмі істотная падтрымка».

Разам з тым спікер адзначыла, што заўсёды ёсць пытанні бягучага характару. «Дзесьці ў школах трэба ўвесці пасаду інструктара для аказання дапамогі дзецям з паталогіяй. Пра гэта сёння гаварылі. Ёсць пытанні, якія тычацца сітуацый пасля разводу. Сям’я атрымлівае кватэру ад дзяржавы, як яе потым падзяліць? Такія факты таксама ёсць. Калі гаварыць у комплексе, што сёння павінна яшчэ зрабіць дзяржава, то тут я такіх сур’ёзных пытанняў не пачула. Таму што, яшчэ раз паўтаруся, тая палітыка, якая праводзіцца ў нашай краіне па падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей, вельмі значная. Не кожная дзяржава сёння можа пахваліцца такімі падыходамі. Але дасканаласці няма мяжы, таму прапаноўвалася звярнуць увагу на сем’і, якія маюць адно дзіця, а гэта 65% сем’яў у нашай краіне. Казалі таксама пра тое, што, магчыма, трэба стымуляваць нараджэнне другога дзіцяці. Гэта значыць рознага роду прапановы. Але ў цэлым, яшчэ раз паўтаруся, сем’і ўдзячныя дзяржаве за падтрымку».

Наталля Качанава падкрэсліла, што мацярынская праца складаная, але каханне і мікраклімат у сям’і дапамогуць справіцца з любымі цяжкасцямі. «У мяне не шматдзетная сям’я, хоць мае мама і тата былі са шматдзетных сем’яў. І сама я выхоўвалася ў сям’і з трыма дзецьмі. Ведаеце, маладым сем’ям я б параіла мець як мага больш дзяцей. Таму што чым старэй становішся, тым больш разумееш каштоўнасць сям’і і гэты надзейны тыл. Разумееш, якая колькасць людзей цябе любіць. Таму трэба нараджаць дзяцей і ўмацоўваць свае сем’і. Адзінае, чаго нам усім зараз не хапае, — час. Але калі ў сем’ях ужо з’яўляецца другое, трэцяе дзіця, усё выбудоўваецца само сабой, ты ўжо дакладна ведаеш, што рабіць. Таму баяцца, што не зможаш нічога паспець, не трэба. Усе паспееш, калі з жаданнем вырашаеш сямейныя пытанні і дзяцей выхоўваеш. Галоўнае, каб ты любіў тых людзей, якія побач з табой, і тое, чым ты займаешся», — склала яна.

Гутарка прайшла ў давернай абстаноўцы. Удзельніца мерапрыемства Таццяна Варакосова ўпэўненая: такія сустрэчы патрэбныя і важныя, паколькі дазваляюць абмеркаваць пытанні, якія хвалююць шматдзетных мам. «У нас з мужам 9 дзяцей, мы плануем мінімум яшчэ аднаго, — распавяла шматдзетная мама журналістам. — Самай старэйшай дачцэ 25 гадоў, малодшай — паўтара года. Першапачаткова мы не планавалі так шмат дзяцей, але не шкадуем. Без дзяцей я жыцця не ўяўляю, іх усіх вельмі люблю. У шматдзетнай сям’і дзеці заўсёды вельмі дружныя, адзін за адным цягнуцца, дапамагаюць, абараняюць адзін аднаго. Вялікая дапамога таксама ад дзяцей. Муж дапамагае. Мы пабудавалі дом у мікрараёне Сокал — скарысталіся мацярынскім капіталам».

Як дадала старшыня Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў Таццяна Краўчанка, у Мінску пражываюць больш за 16 тыс. шматдзетных сем’яў, па ўсёй рэспубліцы — больш за 112 тыс. «Яшчэ 15 гадоў таму ў сталіцы шматдзетных сем’яў было не больш за 3 тыс., а ў рэспубліцы — каля 50 тыс. Відаць, як за такі невялікі прамежак часу ў краіне павялічылася колькасць шматдзетных сем’яў. Чаму такі скачок адбыўся? Па-першае, гэта вылучэнне і будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў, ільготны крэдыт пад 1% на 40 гадоў. Шматдзетная сям’я дзякуючы такой падтрымцы мае магчымасць пабудаваць жыллё. Гэта і сямейны капітал, які адлічвае сваю гісторыю з 2015 года. Калі першапачаткова сямейным капіталам можна было скарыстацца, толькі калі дзіцяці споўнілася 18 гадоў, то цяпер дазволена выкарыстоўваць яго на будаўніцтва жылля, адукацыю і лячэнне. Зараз разглядаецца магчымасць больш шырокага яго выкарыстання», — адзначыла яна.

Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў утворана ў 1995 годзе. У яе склад уваходзіць 15 раённых, гарадскіх і абласных арганізацый. Па стане на 1 студзеня 2021 года колькасць грамадскага аб’яднання «БАМР» складае 3641 чалавек. Асноўная мэта арганізацыі — сацыяльная і матэрыяльная абарона шматдзетных сем’яў, а таксама ўзвышэнне статусу шматдзетнай сям’і ў грамадстве.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».