Вы тут

Адкрылася выстава, прысвечаная 100-годдзю вяртання Коласа з эвакуацыі


100 гадоў таму ў цяплушцы — таварным вагоне Якуб Колас разам з жонкай, сынамі і двума козамі вяртаўся на радзіму, якую яго сям’я вымушана была пакінуць у сувязі з ваеннымі падзеямі. Пасля Першай сусветнай, Савецка-Польскай і грамадзянскіх войнаў Мінск быў разбураны. Многія рэчы і прадукты немагчыма было набыць нават па талонах. І тым не менш узрушаны паэт ехаў дадому, куды так марыў вярнуцца ўсе гады растання. І менавіта 1920-ыя гады сталі аднымі з самых творчых і шчаслівых у жыцці паэта, што пацвярджае выстаўка «Туды. На захад! (Абаянь — Мінск)», якая адкрылася ў Дзяржаўным літаратурна—мемарыяльным музее Якуба Коласа.


Яна паказвае, якімі ідэямі жыў тады пісьменнік, чым захапляўся, за якія справы браўся, усё ж пасля доўгай адсутнасці ён вярнуўся ўжо ў новую краіну — БССР, тым больш, што гэта быў час адраджэння нацыянальнай культуры.

Больш за тры з паловай гады Якуб Колас правёў на Куршчыне. У верасні 1917 года ён прыехаў у горад Абаянь Курскай губерні, дзе знаходзілася ў эвакуацыі ў час Першай сусветнай вайны яго жонка Марыя Дзімітрыеўна з сынамі Данілам і Юрыем. Сям’я Міцкевічаў галадала. У кнізе Максіма Лужаніна захаваліся ўспаміны Коласа пра яго першае настаўніцкае месца на Куршчыне — у вёсцы Малыя Крукі, якая знаходзілася ад Абаяні за адзіннацаць вёрст: «Марыя Дзмітрыеўна хварэла. Іду ў школу. А ўвечары тупаю назад і гэтак кожны дзень.

А жылі мы на адной бульбе. На цэлы тыдзень мелі на чатыры душы 21 бульбіну. Я падаў ад знясілення. Селянін у Круках раз накарміў мяне і даў з сабою кавалачак сала. Вялікае свята я прынёс таго вечара дадому».

З 1918 па 1920 год Колас працаваў у вёсцы Другі Ліпавец. Яна адкрылася восенню 1918 года і Канстанцін Міхайлавіч быў яе арганізатарам і першым настаўнікам.

Не спыняў Якуб Колас і творчую працу, на Куршчыне напісаны два апавяданні з цыкла «Казкі жыцця», першая рэдакцыя паэмы «Сымон—музыка», сцэнічныя творы і творы для дзяцей. Але ўвесь час яго цягнула на радзіму. Пра гэта сведчаць і творы, якія пакінуў паэт. Менавіта такія шчымлівыя радкі з марай пра вяртанне ў родныя мясціны падчас адкрыцця выстаўкі зачытала ўнучка Якуба Коласа — Марыя Міхайлаўна Міцкевіч.

Пра тое, як змянілася жыццё паэта ў 1921 годдзе, распавяла яго другая ўнучка — Вера Данілаўна Міцкевіч. На пачатку 1921 года Народны камісарыят асветы Беларускай ССР накіраваў наркаму асветы РСФСР Луначарскаму тэлеграму з просьбай вярнуць у Беларусь школьнага інструктара і аднаго з лепшых беларускіх пісьменнікаў. Сустракалі паэта на разбураным вакзале з аркестрам. Колас вяртаўся ў Мінск, які на той час быў горадам кантрастаў — сталіца хутка аднаўлялася, побач з беднымі драўлянымі хаткамі ўзводзіліся новыя шыкоўныя будынкі, можна ўзгадаць пра Оперны тэатр і забудову вуліцы Карла Маркса, клінічны гарадок.

Наладжвалася культурнае і навуковае жыццё, і Колас быў актыўна задзейнічаны ў гэтых працэсах. Ён працаваў на пасадзе старшага выкладчыка методыкі роднай мовы ў Беларускім педагагічным тэхнікуме (1922–1930-ыя гады). Вучнямі Коласа былі вядомыя літарататары Пятро Глебка, Паўлюк Трус, Максім Лужанін, Сяргей Дарожны, Станіслаў Шушкевіч, Алесь Якімовіч, Валерый Маракоў. Некаторыя з іх пакінулі цёплыя ўспаміны пра той час, з якімі можна пазнаёміцца на выстаўцы. Тут нават прадстаўлены адзін з нядаўна адкрытых рарытэтаў — атэстат Э.М. Жывіцкага аб заканчэнні Мінскага Белпедтэхнікума імя Ус. Ігнатоўскага з подпісамі Якуба Коласа, Язэпа Лёсіка, Міхаіла Грамыкі за 1926 год.

Працаваў Колас і ў БДУ — з лістапада 1923 па студзень 1926 года на пасадзе дацэнта кафедры беларускай мовы на педагагічным факультэце. Займаўся ён і навуковай дзейнасцю. У 1920-ыя гады ў Мінску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі пачаў працу Інстытут беларускай культуры. Колас быў яго дзейным супрацоўнікам. А ў 1928 годзе, калі Інбелкульт быў рэарганізаваны ў Беларускую Акадэмію навук, Колас зацверджаны яе правадзейным членам, а з 1929 віцэ—прэзідэнтам (на гэтай пасадзе ён працаваў да апошніх дзён жыцця). Пра ўсё гэта распавядаюць экспанаты выстаўкі. Тут можна пабачыць фотаздымкі, дакументы, успаміны сваякоў, сяброў і вучняў. Некаторыя прадметы экспануюцца ўпершыню. Пададзены і асабістыя рэчы паэта, сярод якіх чарачкі, якія сужэнцам Міцкевічам падарылі на срэбнае вяселле Янка Купала і яго жонка Уладзіслава Луцэвіч.

1920-ыя гады былі самымі плённымі ў творчасці пісьменніка — на выстаўцы прадстаўлены яго творы за той час.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?