Вы тут

Агляд самых актуальных купальнікаў сезона


Не важна, дзе вы плануеце правесці свае летнія вакацыі: на ўзбярэжжы Мінскага, Адрыятычнага ці Чырвонага мора. Будзьце ў трэндзе! Лета не за гарамі і, нягледзячы на каранавірус, многія паўднёвыя краіны адкрываюць свае межы і чакаюць турыстаў на марскіх узбярэжжах. Вось яна, доўгачаканая магчымасць для модніц розных узростаў і камплекцыі апынуцца на пляжы, каб адпачыць прыгожа. Да гэтага летняга сезона дызайнеры падрыхтавалі вялікую колькасць купальнікаў на любы густ: ад адкрытых бікіні да мадэляў з фальбонамі і доўгімі рукавамі. Наш модны агляд дапаможа вам зрабіць якасны выбар, каб падчас адпачынку выглядаць захапляльна і атрымліваць асалоду ад свайго моднага луку. 


Правілы выбару купальнікаў

1. Падбіраць купальнікі трэба, сыходзячы з тыпу фігуры і камплекцыі. Самае галоўнае, каб візуальна не парушаліся вашыя прапорцыі, недахопы былі схаваныя, а вартасці падкрэслены.

2. Купальнікі абавязкова трэба мераць. Нават калі вы дакладна ведаеце свой памер, не рызыкуйце, заказваючы мадэль у інтэрнэце. Купальнік павінен сесці на вас ідэальна і не ўразацца ў цела. На жаль, фота не дапаможа вам гэта адчуць. 

3. Звярніце ўвагу на тое, як купальнік аднаўляе форму пасля таго, як вы яго памералі. Якасныя матэрыялы павінны набыць першапачатковы выгляд. Візуальна ацаніце купальнік: швы павінны быць роўнымі, сцяжкі нярэдкімі і без дзірак на месцах праколаў. 

4. Улічвайце і мэту набыцця купальніка. Загар, плаванне, вечарынка каля басейна ці аздараўленчыя працэдуры? Для кожнай актыўнасці свая мадэль. 

Модныя фасоны купальнікаў лета-2021

Бандо

Ідэальны варыянт купальніка для аматараў якаснага загару. Дзякуючы лаканічнасці гэтай мадэлі, адсутнасці завязак на шыі і іншых дэкаратыўных элементаў, ваша дэкальтэ будзе мець прыгожы роўны загар. 

Асіметрычныя купальнікі 

Асіметрыя зноў у модзе! Дызайнеры прапануюць шырокі выбар як сумесных, так і паасобных купальнікаў «на адно плячо». Менавіта гэта дэталь надасць вам жаноцкасці і выразнасці.

Манакіні 

За амаль 60-гадовую гісторыю свайго існавання манакіні зведаў мноства змяненняў і ў 2021 годзе зноў на піку папулярнасці. Асаблівасць гэтых купальнікаў у тым, што, з’яўляючыся сумеснымі, яны выглядаюць як паасобныя. Сакрэт — выраз у вобласці таліі. Варыяцый выразаў у гэтым сезоне вялікае мноства: круглыя, трохвугольныя, спіралепадобныя, Т-падобныя, асіметрычныя. Яны не толькі прыгожыя, але і вельмі камфортныя. Асабліва для аматараў плавання! 

Купальнікі з доўгімі рукавамі

Сваё месца ў пляжных калекцыях летняга сезона 2021 займаюць і спартыўныя купальнікі з доўгімі рукавамі. Асаблівасць такіх мадэляў — класічныя плаўкі з высокай пасадкай у стылі рэтра. Цудоўны варыянт для ўладальнікаў светлай скуры ці тых, хто не любіць загараць. Дзякуючы доўгім рукавам, можна смела знаходзіцца і на беразе, і ў моры, не баючыся атрымаць сонечныя апёкі. 

Купальнікі з валанамі фальбонамі 

Наяўнасць гэтых жаноцкіх элементаў — яшчэ адна адметная рыса купальнікаў гэтага летняга сезона. Нарэшце гэты трэнд можна ўбачыць не толькі на сукенках, блузах і спадніцах. Дзякуючы фальбонам розных памераў, можна акцэнтаваць увагу на вартасцях вашай фігуры, пры гэтым усе хібы, калі яны ёсць, самі сабой знікнуць з поля зроку.

Купальнікі з высокімі выразамі на сцёгнах 

Да гэтай мадэлі варта прыгледзецца перш за ўсё модніцам невысокага росту. Дзякуючы выразам на сцёгнах, якія могуць даходзіць да таліі, можна візуальна павялічыць даўжыню ног.

Купальнікі з перапляценнямі, завязкамі і шнуроўкай 

Гэтыя элементы на купальных касцюмах выглядаюць вельмі эфектна і дадаюць пляжнаму вобразу вытанчанасці. Цудоўны варыянт для вечарынкі каля басейна. Але ж загараць на адкрытым сонцы ў такім купальніку нельга, бо модныя перпляценні могуць лёгка застацца на вашым целе. 

Купальнікі з кольцамі 

Кольцы розных памераў — яшчэ адзін модны трэнд у гэтым сезоне. Яны могуць злучаць дэталі верху і нізу, дзве часткі ліфа ці проста ўпрыгожваць бікіні. Металічныя ці пластыкавыя, яркія ці нюдавыя — варыянтаў мноства.

Купальнікі для модніц з пышнымі формамі

Мода не абыходзіць бокам і ўладальніц пышных формаў. У гэтым летнім сезоне ў трэндзе стыль рэтра, які вяртае нас у 30-я — 50-я гады XX стагоддзя, калі высока цанілася раскоша жаноцкіх формаў. Кансерватызм зноўку на піку папулярнасці. У модзе як сумесныя, так і асобныя мадэлі. Сярод сумесных звярніце ўвагу на модны фасон «халтэр». Дзякуючы шырокім брэтэлям, якія завязваюцца на шыі, ён добра падтрымлівае бюст. Сярод асобных мадэляў па-ранейшаму актуальныя класічныя фасоны ліфаў асабліва з невялікім акцэнтам у зоне дэкальтэ. Ніжняя частка купальніка — бікіні з завышанай таліяй і нават мікра-шорты — ідэальны варыянт для пышных модніц. Таксама раім звярнуць увагу на мадэль «танкіні». Гэта камплект, які складаецца з топа і трусікаў любога фасону. Ідэальны варыянт для ўладальніц розных памераў грудзей і сцёгнаў. Можна лёгка скамбінаваць камплект, які будзе ідэальна вам падыходзіць. Пры гэтым, верхняя і ніжняя частка купальніка можа быць рознай.

Модныя колеры купальнікаў

У гэтым сезоне актуальныя, як яркія летнія колеры (жоўты, аранжавы), так і спакойныя пастэльныя тоны. Безумоўным лідарам гэтага сезона з’яўляецца белы. Менавіта ён надасць свежасці і вытанчанасці вашаму луку і ідэальна падкрэсліць загар. Чорны колер таксама сярод фаварытаў. І калі ў вашым гардэробе ёсць маленькая чорная сукенка, то і маленькае чорнае бікіні там таксама павінна быць. У ім вы будзеце выглядаць адначасова і стрымана, і панадліва. 

Акрамя аднатонных у гэтым сезоне ў трэндзе купальнікі з прынтамі. Па-ранейшаму актуальныя анімалістычныя матывы: зебра, тыгр, леапард, пантэра. З новага ў гэтым сезоне кветкавыя і трапічныя матывы, а таксама палоска. Яны нададуць вашаму вобразу лёгкасці і бесклапотнасці. А што яшчэ трэба на вакацыях? Прыемнага прыгожага адпачынку! 

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота — pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».