Вы тут

Заканчвае працу выстаўка «Між намі/Inter nos»


У Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» заканчвае работу выстаўка «Між намі/Inter nos». Праект аб’ядноўвае чатырох жывапісцаў, графікаў і скульптараў аднаго ўзросту (нарадзіліся ў 1971 годзе), якія рабілі першыя крокі да прафесіі ў сценах «Парната», а пасля навучаліся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Як заўважаюць арганізатары, гэта не традыцыйная рэтраспекцыя творчасці, але актуальныя разважанні паплечнікаў пра існасць. Прапануем невялічкі агляд экспазіцый кожнага з аўтараў, чые імёны вядомы прафесіяналам і аматарам мастацтва не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Але да канца тыдня яшчэ ёсць магчымасць зазірнуць у Палац мастацтва — каб пачуць нестандартны мастацкі дыялог.


Ігар Гардзіёнак «Партрэт Вольгі», 1995 г.

Ігар Гардзіёнак, творчасць якога прадстаўлена на выстаўцы даволі шырока, — ураджэнец Ушаччыны, сёння ўзначальвае секцыю графікі Беларускага саюза мастакоў. Яго праект — гэта адлюстраванне гісторыі Беларусі праз яе выбітных дзеячаў. Найбольш яркая (у прамым сэнсе слова) частка — творы з серыі «Партрэты вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх», якую можна назваць спробай зразумець характар таго ці іншага героя. Ігар Гардзіёнак выканаў работы на дошках з выкарыстаннем старажытнай тэхнікі ляўкасу ў спалучэнні з элементамі металу. Работа з рознымі матэрыяламі, у тым ліку з алеем і тэмперай, — магчымасць паказаць яскравыя прыкметы канкрэтнага перыяду. Гэтую ж ролю выконваюць кампазіцыя і ключавыя колеры: чырвоны і аранжавы, чорны і шэры.
Разбаўляе вялікую галерэю партрэтаў «Пагоня» (з трыпціху «Шлях на Грунвальд», 2021) з не зусім чаканай украпінай хрысціянскіх матываў. Між тым на выстаўцы можна ўбачыць нават «гістарычныя» падсвечнікі з выявамі ваяроў, вершнікаў, каралёў і нават архангелаў. Творы на памежжы жывапісу і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з’яўляюцца ўвасабленнем чароўнага і містычнага мінулага беларускіх зямель, напоўненага легендамі і паданнямі.
Кірунак графікі прадстаўлены такімі работамі, як «Вежа CV» (2019), «Вежа CIV-III» (2019), «Вежа CXI» (2018), «Ваяр I» (з трыпціха «Tractoria», 2021), і іншымі, выкананымі ў аўтарскай тэхніцы (папера, пігментны атрамант). Кожная з іх — выказванне Ігара Гардзіёнка пра розныя міфы. Гэта нібы зашыфраванае пасланне сучаснікам, ключ да якога знайсці не так лёгка, як можа падацца. «Можна шмат тлумачыць, але за нас кажуць і павінны казаць творы», — падкрэслівае старшыня секцыі графікі БСМ.

Аляксандр Шапо «Пан», 2012 г.

Графік і скульптар Аляксандр Шапо, ураджэнец Віцебска, у экспазіцыі «Між намі/Inter nos» прадставіў найлепшыя творы, некаторыя з якіх удзельнічалі ў мастацкіх праектах апошняга часу. Прадставіў ён і работы з серыі «Маладыя багі». Творца пракаменціраваў яе наступным чынам: «Старажытнагрэчаская тэагонія, якая спарадзіла такую разнастайнасць літаратурных, філасофскіх і нават псіхалагічных трактовак, насамрэч уражвае сваёй наіўнасцю, нагадвае дзіцячую казку. Быццам маладое чалавецтва яшчэ толькі шукала патрэбныя вобразы — персаніфікацыі для сваіх спрадвечных пытанняў, задач і дылем». Вечна маладыя і бессмяротныя жыхары Алімпа, як і многія героі старажытнагрэчаскіх міфаў, часам бязлітасныя і распусныя, але менавіта яны — пачатак роздумаў чалавека пра Бога. У гэтым наіўным разважанні ёсць сваё хараство і інтуітыўна адчутая глыбіня, бо «вуснамі немаўляці гаворыць ісціна», дадаў Аляксандр Шапо. Яго героі — пластычны Адысей, імклівы Геракл (скульптуры 2019 і 2021 гадоў адпаведна), палкая Касандра, пачуццёвая Венера (літаграфіі 2006 і 2004 гадоў)... Яскравае ўвасабленне алегорый, сімвалаў, алюзій — старажытнагрэчаскія персанажы, здаецца, заўжды будуць «пляцоўкай» для шматлікіх інтэрпрэтацый... 

У экспазіцыі знайшлося месца і зямному прабацьку багоў — Гамеру, у позірку якога бачыцца боль і прамудрасць тысячагоддзяў. Літаграфія 2018 года — адна з найцікавейшых па змесце і сродках выразнасці. У бронзе ўвасоблены Арыстафан, на руках якога сядзяць птушкі (2018). Адметна, што пластыка твораў вызначаецца выразнасцю кідкіх пастаў і рухаў — нібы гэта застылыя ў яркім моманце тэатральныя персанажы.

Нескладана заўважыць спалучэнне рэчаіснасці і фантастыкі ў творчасці Аляксандра Шапо, асабліва ў скульптурах, аднак сімвалы яго графічных серый, звязаных у тым ліку з тэмай эратызму, разгадаць ужо складаней. Тут можна адзначыць і панаванне дахрысціянскага паняцця духоўнасці, і выклік пурытанскаму грамадству, і спробу звяржэння сталых стэрэатыпаў успрымання. Аднак творчасць графіка і скульптара, натхнёнага, дарэчы, Эрнстам Барлахам, Густавам Клімтам, Альфонсам Мухам, Вільгельмам Лембрукам, нясе жывыя імпульсы натуральнага існавання. Тую ж Артэміду наўрад ці хто адлюстроўваў у такой паставе і з такога ракурсу, як Аляксандр Шапо ў творы 2005 года. Аўтар з сапраўды іранічнай нязмушанасцю паніжае ўзровень пафасу тэматыкі міфаў і робіць гэта праз яркія характарыстыкі сваіх персанажаў, выкарыстоўваючы як адзін з найгалоўнейшых сродкаў гратэск.

Павел Татарнікаў. Ілюстрацыя да зборніка Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка,1999—2016 гг.

На выстаўцы ў Палацы мастацтваў большасць работ Паўла Татарнікава, які родам з Брэста, з’яўляюцца ілюстрацыямі да літаратурных твораў. Сярод такіх — серыя «Стралок і дзесяць сонцаў» (2012) да кітайскага народнага міфа. Але найбольш блізкімі айчыннаму гледачу будуць рамантычныя ілюстрацыі да зборніка беларускіх народных казак «Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка» (1999–2016). Калі кніга пабачыла свет, Павел Татарнікаў падкрэсліў, што праз свае ілюстрацыі запрашае зразумець, якім велізарным багаццем валодае Беларусь і як важна яго захоўваць у розных формах: мастацкіх, музычных, духоўных...
Аднак аўтару падуладны не толькі фантастычны свет казкі — часцяком ён звяртаецца і да гістарычнай тэматыкі, па-майстэрску рэканструюе даўніну. Вялікую частку экспазіцыі складаюць творы з серыі «Месцы і постаці», праца над якой пачалася ў 2008 годзе. На фоне беларускіх гарадоў, збольшага эпохі Сярэднявечча, глядач бачыць выявы такіх асоб, як Жыгімонт Кейстутавіч, Свідрыгайла Альгердавіч, Зыгмунт Серакоўскі, Міндоўг, Жыгімонт Аўгуст, Барбара Радзівіл і інш. Панарамы гарадоў і мастацкія рэканструкцыі замкаў і мястэчак выглядаюць у такім кантэксце вельмі ўдала. Як лічыць Алена Бохан, мастацтвазнаўца, куратар выстаўкі, разам з дыдактычнасцю, імкненнем да аднаўлення гістарычных рэалій ці паслядоўнага расповеду ў творах заўсёды прачытваецца моцны эмацыянальны пласт: героі існуюць у атмасферы трывожнага чакання і занепакоенасці, вобразы напоўнены адчуваннем таямніцы. Як нельга лепш гэта дэманструе работа з серыі «Месцы і постаці» з простай назвай «Адам Міцкевіч».

У праекце Сяргея Шэмета, ураджэнца Ашмян, сябра секцыі «Верасень» Беларускага саюза мастакоў, прадстаўлены работы розных перыядаў творчасці, у тым ліку эскізы з серыі «Укрыжаванне» (2010) і нядаўняя, але ўжо знакамітая «Сіняя птушка» (2019). «Перад гэтай выстаўкай я амаль не спаў некалькі начэй, рыхтаваўся. Насамрэч, жыццё мастака крыху падобнае да жыцця студэнта, — разважае жывапісец. — Кожная выстаўка — як прагляд у школе ці акадэміі: заўсёды трэба рыхтавацца. Вучоба сапраўды ідзе праз усё жыццё. Калі мастак перастаў даследаваць, значыць, скончыўся як творца».

Сяргей Шэмет «Вышэй за дах», 2020 г.

Выразнасць, яснасць і адначасова размытасць, плаўнасць — суіснаванне гэтых рыс кідаецца ў вочы адразу пры шчыльным знаёмстве з палотнамі мастака. За кошт спалучэння цёплых і халодных тонаў яны нібы ззяюць. Як адзначае Алена Бохан, творчасць майстра прасякнута спірытуалістычнымі матывамі: «Матэрыяльнасць у яго творах вельмі ўмоўная. Мастак імкнецца паказаць вечныя нябачныя рэчы праз бачнае, але знікаючае атачэнне. Лакацыі, постаці, рэчы ў яго работах трансфармуюцца ў эмоцыі і пачуцці. Дынаміка гэтых пераўтварэнняў нараджае своеасаблівы рытм твораў, які зацягвае гледача ў спецыфічную прастору, дзе ўзаемадзейнічаюць хутчэй не фізічна існуючыя прадметы, а вобразы, якія нараджаюцца ў свядомасці».

Нацюрморт («Нацюрморт з гранатамі», 2017), пейзаж («Зімовая дарога», 2007), анімалістыка («Сельскі матыў», 2018), партрэт («Архангел», 2017) — майстар працуе ў большасці жанраў жывапісу. Рэлігійныя ж матывы — аснова многіх яго твораў. Нельга сказаць, што Сяргей Шэмет пераасэнсоўвае старонкі Свяшчэннага Пісання, аднак найважнейшыя сімвалы, у тым ліку Тайная Вячэра, набываюць новыя фарбы і могуць успрымацца крыху інакш, чым у тых жа кананічных карцінах эпохі Рэнесансу. Вылучаецца з шэрага работ на гэтую тэму «Гульня ў косці» (2018), якая дае магчымасць прасачыць за тым, як і кім вырашаюцца лёсы. Але, верагодна, гэта толькі павярхоўныя асацыяцыі, і аўтар такіх сэнсаў у твор не ўкладваў.

Прасочваецца ў палотнах Сяргея Шэмета імкненне да адлюстравання стану адзіноты: няхай гэта рамантычны і светлы «Аазіс» (2010) або цьмяная і крыху змрочная «Зіма» (2008). Толькі такая самотнасць ці нават сіратлівасць не выглядае як закінутасць — гэта хутчэй адасобленасць, нібыта героі не сумуюць, а сузіраюць, паглыбіўшыся ў свае думкі. І наваколле, як правіла, маўклівае і прывабнае, ім у гэтым не перашкаджае.

Яўгенія ШЫЦЬКА,

Фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.