Вы тут

«Ноч музеяў пад Мінскам»: ліхтары, нячысцік і… скансэн


Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту далучыўся да Міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», якая ладзіцца штогод 18 мая. Яго наведвальнікі апынуліся ў містычнай дзеі па матывах вясковага фальклору і зведалі сапраўднае чарадзейства.


Наш вядомы скансэн пад Мінскам мае свае кола аматараў. Яны сочаць за афішай музея і з нецярплівасцю чакаюць ягоных святаў пад адкрытым небам. Гэтым разам арганізатараў і гасцей быццам выпрабоўваў на смеласць Пярун: сабраў грозныя чорныя хмары, выклікаў навальніцу, нават градам крыху сыпануў. Але ўсе стаялі на сваім: «Музейнай ночы — быць»! І непагадзь суцішылася, а ў небе нават з’явіўся кавалачак вясёлкі, як прывітанне адважным.

Супрацоўнікі культурна-асветніцкага і экспазіцыйнага аддзелаў музея падрыхтавалі для наведвальнікаў шмат сюрпрызаў, напрыклад, згуляць у квэст «Зачараваная кветка».

…Нібыта вырасла на тэрыторыі музея кветка шчасця з сямю рознакаляровымі пялёсткамі. Ды падзьмуў гарэзлівы вецер — і разляцеліся пялёсткі. Трэба знайсці іх як мага хутчэй! Каб атрымаць падказкі ад захавальнікаў музея, каманды гульцоў мусілі адказаць на мудрагелістыя пытанні — паказаць сваё веданне фальклорных традыцый.

Канешне, квэст асабліва спадабаўся дзецям і падлеткам.

Намеснік дырэктара музея Яўген Мікула запрасіў усіх ахвотных на экскурсію ў царкву з вёскі Барань. Там разгарнулася выстава «Сакральная культура ў народным побыце Астравеччыны». Яе экспанаты — бажніцы, абразы і літаграфіі, пераважна каталіцкія, створаныя ў савецкі час вясковымі мастакамі. Абпаленыя пажарам, забытыя на гарышчы, яны былі ўратаваны пяццю этнаграфічнымі экспедыцыямі ды трапілі ў далікатныя рукі рэстаўратараў, а цяпер яўляюць сваю сціплую адухоўленую прыгажосць са сцен храма.

Гукі музыкі паклікалі ўсіх да сцэны. Канцэрт у стылі акустык-фолк-рок даў гурт «Няміга». Шчырыя беларускамоўныя песні салісткі Ксеніі Валенда кранулі сэрцы слухачоў. Вакальную эстафету падхапіў… салавей, выдаўшы «па-за праграмай» свае задорныя каленцы.

На музейную прастору насоўваюцца прыцемкі, а з імі надыходзіць нешта самае цікавае і загадкавае…

З’яўляецца пан Часлаў Пяткевіч гербу «Трубы». Ён запаліў ліхтар і збіраецца адшукаць у вёсцы сябра, з якім даўно не бачыўся, а ўсяму шаноўнаму спадарству прапануе скласці яму кампанію. (Дарэчы, Часлаў Пяткевіч — нявыдуманы персанаж. Гэта этнограф і фалькларыст, які нарадзіўся ў 1856 годзе ў вёсцы Бабчын пад Хойнікамі і даследаваў культуру Рэчыцкага Палесся.)

Містычная экскурсія пачынаецца: варта быць гатовымі да сустрэч з нячыстай сілай!

Найперш пан Часлаў запрашае сваіх спадарожнікаў ва ўніяцкую царкву.

Ён распавядае, што жыццё беларускіх сялян было прасякнута прымхамі і абрадамі для засцярогі ад злых духаў. Лічылася, што нават у саму царкву часам пралазілі чэрці, каб спакушаць людзей:

— Вось аднойчы паабяцаў чорт зрабіць мужыка багатым, а ўзамен запатрабаваў праз дзесяць гадоў аддаць яму душу. Гады мінулі, набліжаецца час расплаты. Селянін сапраўды разбагацеў, ды такім набожным зрабіўся! Будоўлю новага храма ў вёсцы фундаваў. Дубовы крыж на раздарожжы паставіў, прытуліўся да яго спіной і так чорта чакае. З’яўляецца нячысты, а падысці да крыжа не можа. «Хадзі хутчэй да мяне!», — кліча мужыка. «Э, не, табе трэба, дык ты і падыходзь», — заўпарціўся той. Плюнуў чорт і знік. Так хітры селянін сваю душу ўратаваў.

Працэсія падыходзіць да хаты, дзе жыве вядзьмарка. Яна «па сакрэце» прызнаецца, што падаіла барану, каб у кароў суседкі прапала малако. Крывадушная вядзьмарка запэўнівае, што няма чаго яе баяцца, і запрашае грамаду ў госці. Варта праверыць: ці не зачаравала яна сябра пана Часлава?

На стале ў вядзьмарчынай хаце ляжаць чарадзейскія прылады, напрыклад, залом з калосся, каб цішком пазбавіць ураджаю кагосьці з аднавяскоўцаў.

За вокнамі ў цемры раздаецца нядобры смяшок. «Гэта, пэўна, нячысцік Хіхітон», — здагадваецца абазнаны ў тутэйшай магіі пан Часлаў.

Раптам за сценкай чуецца шоргат, грукат, і да гледачоў вылазіць сам чорт — вядзьмарчын паслугач.

Высвятляецца, што ён завалодаў душой маладога шляхціца — сябра пана Часлава. Паабяцаў нячысцік прываражыць дзяўчыну, у якую той безнадзейна закахаўся. Ды падмануў жа, як заўсёды.

Падбадзёраны панам Чаславам і ўсёй публікай, шляхціц выхоплівае шаблю і выклікае чорта на двубой. Той бароніцца шкворнем, выхапленым з калёсаў, але церпіць паражэнне і мусіць вярнуць душу гаспадару.

Усе радасныя ідуць распальваць вогнішча.

Па дарозе працэсія сустракае дудара, якога нашы продкі таксама лічылі крыху чараўніком. З музыкай будзе яшчэ весялей!

Чорт старанна падпальвае дровы.

Успыхвае полымя, страляе іскрамі ўгару. Дудар грае, вакол вогнішча віецца карагод. Супрацоўнікі музея паказваюць гасцям старадаўнія танцы і гульні.

І раптам усе заўважаюць, што хмары над музеем зусім разышліся, а ў небе заззяў маладзік. Так часта бывае, калі збіраецца вялікае сяброўскае кола дзеля добрай справы, з чыстымі думкамі ды ў вясёлым настроі. Здаецца, сілы прыроды ў такі момант гарманізуюцца з людзьмі. Ну хіба ж гэта не чарадзейства? Музейная ноч удалася на славу!

Святлана ІШЧАНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».