Вы тут

18 мая — Міжнародны дзень музеяў


Таямніцы «Дома пад таполяй»

Куды ідзём:
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

Што глядзім:

Супрацоўнікі ўсяляк стараюцца вярнуць сваіх наведвальнікаў пасля ковіду і ідуць на даволі смелыя эксперыменты. Напрыклад, сёлета невялікім групам наведвальнікаў удалося трапіць туды, куды дапускаюць не кожнага музейнага работніка — у фондасховішча. Музей прыадчыніў патаемныя шафы і скрыні і пазнаёміў з найбольш каштоўнымі прадметамі.


planetabelarus.by

Толькі рукапісаў самога паэта ў калекцыі музея Янкі Купалы — 561 адзінка захоўвання. Прадметам № 1 стаў верш «Мая доля». Гэта першы напісаны па-беларуску верш паэта (у ліпені 1904 года, калі яшчэ не было ў песняра псеўданіма, твор падпісаны «І. Луцэвіч»). Нядаўна адкрыўся «сакрэт» гэтага музейнага прадмета. Супрацоўнікі Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі рыхтавалі да выдання збор твораў Янкі Купалы. Іх зацікавіла, чаму верш размяшчаецца на заклееных лістках. Калі рэстаўратары знялі прыклееную паперу, убачылі яшчэ адзін верш — «Аб кабеце».

У фондзе захоўваецца і рукапісны фаліянт — зборнік «Шляхам жыцця». Макет Янка Купала распрацоўваў сам, на ім яго рукой зроблены паметкі. Ён пазначыў, як павінна выглядаць вокладка, і нават прапісаў цану будучага выдання. Зборнік паэт прысвяціў доктару Ярэмічу, які ахвяраваў грошы на выданне кнігі маладога паэта. Свой рукапіс Янка Купала падарыў сябру Клаўдзію Дуж-Душэўскаму. А той у 1930 годзе перадаў фаліянт у беларускі музей Івана Луцкевіча ў Вільні і нават пакінуў у ім запісы па гісторыі рукапісу. Пасля вайны жонцы паэта Уладзіславе Францаўне ўдалося прывезці кнігу назад у Мінск. Сёння рукапісны зборнік «Шляхам жыцця» з'яўляецца нацыянальнай каштоўнасцю першай катэгорыі.

Таксама ў музеі захоўваюцца друкаваныя выданні гэтага зборніка. Прычым, яшчэ засталіся пытанні, звязаныя з імі. Так, першае выданне было ў 1913 годзе, другое — ў 1923-м. Калі супрацоўнікі музея апісвалі кнігі, звярнулі ўвагу, што ў адзін і той жа год, у адной і той жа друкарні ствараліся зборнікі з рознымі вокладкамі — яны не супадалі колерам і якасцю. Кнігі ад пачатку так выдаваліся, ці, магчыма, змянілі выгляд, калі пра іх захаванне паклапаціліся ўладальнікі?

Тая ж гісторыя з экзэмплярамі зборніка «Жалейка», якія выйшлі ў адзін год, у адной друкарні, але адрозніваліся вокладкамі. Калі даследчыкі вывучалі дакументы ў архівах, знайшлі аб'яву газеты «Наша ніва» пра выданне зборніка і рахунак беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца ў наша ваконца», датаваны 4 кастычніка 1908 года, у якім паведамлялася, што на адрас рэдакцыі было паслана 100 экзэмпляраў зборніка «Жалейка» па 50 капеек і 5 экзэмпляраў — па 80 капеек. Больш дарагі варыянт кнігі друкаваўся на лепшай паперы.

Чым уражваемся:

У фондзе захоўваюцца арыгінальныя фатаграфіі паэта, па якіх можна прасачыць, як Янка Купала апранаўся ў розныя часы. На здымках выява сапраўднага франта! Колькі намаганняў яму трэба было прыкласці, толькі каб мець англійскія вусікі! Іх нельга было стрыгчы, а толькі вышчыпваць пінцэтам. Каб яны трымалі форму, усю ноч даводзілася спаць у спецыяльных навусніках, замацоўваць іх фіксатарамі. Каб паесці і не папсаваць «прыгажосць», на кубачак мацавалі накладку. Да пачатку 1920-х былі модныя кашулі з накрухмаленымі каўнерыкамі, такімі, як у мужа англійскай каралевы. Гэтая мода дакацілася і да Расійскай імперыі. І такія рэчы былі і ў Купалы. Варта звярнуць увагу і на гальштукі паэта, якія рабіліся з дарагіх якасных тканін. Адзін з яго гальштукаў быў зроблены ў нацыянальным стылі — адметная рыса моды 1920-х. У музеі захоўваюцца некаторыя прадметы адзення паэта, відаць, найбольш дарагія яму — тое, што ён узяў з сабой, калі пакідаў Мінск у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх і паліто, падбітае мехам тхара, з вельмі добрага англійскага сукна, пашытае яшчэ ў дарэвалюцыйны час. На ім захавалася і этыкетка атэлье, што размяшчалася на адной з цэнтральных вуліц Мінска.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ


Вера, мацнейшая за ўсё зямное

Куды ідзём: Нацыянальны мастацкі музей

Што глядзім:

У Нацыянальным мастацкім музеі да 13 чэрвеня сваіх наведвальнікаў чакае выставачны праект «Чаму Ты Мяне пакінуў?». Праз экспанаты сакральнага мастацтва раскрываецца тэма трагічнай і таямнічай біблейскай падзеі — распяцця Ісуса Хрыста.

Назва выстаўкі цытуе перадсмяротны крык распятага Хрыста: «Божа мой! Божа мой! Чаму Ты Мяне пакінуў?» Гэты эпізод лічыцца адным з найбольш драматычных у евангельскім апавяданні. Пакуты і страх зямнога чалавека зразумелыя, а вось што адчувае Бог, які з'яўляецца стваральнікам жыцця?.. Чатыры залы займае экспазіцыя, дзе можна прыслухацца да ўласных разважанняў пра боскае і зямное ў чалавеку. Адкрывае выстаўку скульптура «Хрыстос у турме», якая ў першай зале адзіная размяшчаецца ў паўзмроку. Ты застаешся адзін на адзін з Богам, што дае магчымасць убачыць перад сабой Яго ў зямным вобразе, безабароннага, задуменнага...

— Любы праект змяняецца ў працэсе падрыхтоўкі, і ў ім да апошняга прысутнічае пошук. Першапачаткова была ідэя паказаць крыж і яго інтэрпрэтацыі ў творчасці беларускіх мастакоў. А потым гэтая ідэя знікла, паколькі тыя творы старажытнага беларускага мастацтва, з якімі я пачаў працаваць, падказалі ідэю, што не варта ствараць мікс, бо кожная рэч самадастатковая. Некаторыя з гэтых твораў не адрэстаўрыраваныя, але стан дазваляе іх экспанаваць. І мне захацелася паказаць іх так, каб можна было засяродзіцца на кожным, — распавядае куратар праекта, старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага мастацтва ХХ-ХХІ ст. НММ Дзмітрый Салодкі. — Напрыклад, скульптура «Хрыстос у турме». Адразу стала зразумела, што гэты твор адзін з галоўных. Вобраз там настолькі выразны, што мне не хацелася, каб штосьці адцягвала ад яго ўвагу. І ўвогуле ў працэсе стварэння выстаўкі я ўсё больш прыходзіў да разумення, што патрэбна зрабіць яе абсалютна мінімалістычнай... Ты нібы трапляеш у вязніцу да Хрыста. Гэты стан добра перадае і тэму пакінутасці, калі скульптура дэманструе нам вобраз Хрыста не як пераможнага Бога на аблоках, а Бога ў зразумелым чалавечым стане, але для прачытання гэтага трэба застацца з ім сам-насам...

Чым уражваемся:

Пачуццё пакінутасці і адзіноты і новы погляд на сакральнае мастацтва ў кантэксце вечнасці і сучаснасці — тыя напрамкі, якія сталі асновай для экспазіцыі. Праект у пэўнай меры з'яўляецца эксперыментальным, ён абуджае незвычайныя эмоцыі ў гледача, які нібы становіцца яго ўдзельнікам. Раней сакральнае мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі паказвалі з мэтай прадэманстраваць пэўную школу, тэхнікі ў творчасці беларускіх майстроў. Гэтым разам у рамках праекта аб'яднаны ўзоры сакральнага мастацтва ХVІІ-ХІХ стст., якія ствараліся ў стылістыцы перажыванняў крыжовых пакут. Палітра работ дазваляе таксама прасачыць і ўвасабленне вобраза ўкрыжаванага Хрыста ў залежнасці ад рэгіёна Беларусі. Прадстаўлены творы з Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай, Віцебскай абласцей. Сярод нешматлікіх экспанатаў можна ўбачыць старажытнабеларускую скульптуру — прастольныя, прыдарожныя распяцці, надкупальны крыж і куратарскую інсталяцыю, якая сімвалізуе Галгофу.

Кожны са згаданых прадметаў намолены людзьмі, таму праз нейкі час узнікае ўражанне, быццам бы ты не ў музеі, а ў нейкай каплічцы. Тут можна паразважаць пра вечнае, прыслухацца да сваёй душы і падумаць пра Таго, Хто аддаў уласнае жыццё за ўсіх нас, бо любоў і вера мацнейшыя за ўсё зямное.

Алена ДРАПКО


Ад раскопак да арбіты

Куды ідзём: Нацыянальны гістарычны музей

Што глядзім:

Зразумела, у вандроўцы з нагоды музейнага свята нельга абмінуць Нацыянальны гістарычны музей, дзе заўсёды ёсць чым уразіцца.

museums.by

Па-першае, гэта праект «Археалогія смерці: Памяць. Вечнасць. Продкі» — цыкл зменных экспазіцый. Праект распавядае аб тым, як змяняліся ўяўленні людзей пра замагільны свет, якія існавалі рытуалы ўшанавання памерлага і што рабілі з яго целам. У межах «Археалогіі смерці» 18 мая адбудзецца лекцыя-падарунак для наведвальнікаў «Утульны замагільны свет: пахавальны абрад паморскай культуры (VІІ—ІІІ стст. да н. э.)». На лекцыі можна даведацца, як хавалі памерлых больш за 2000 гадоў таму і чаму гліняны гаршчок — няпростая рэч. Лекцыю прачытае археолаг, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Вадзім Белявец.

Вы думаеце, ваша сузіранне падчас вандроўкі па музеі будзе прывязанае да зямлі? Памыляецеся: вас запросяць у космас! Вельмі прыгожы выставачны праект «108 хвілін. Дарога ў космас» прысвечаны 60-годдзю першага палёта чалавека ў «зорны акіян». На выстаўцы прадстаўлены ўнікальныя артэфакты, многія з якіх ніколі раней не экспанаваліся ў Беларусі. Вы убачыце і скафандр касманаўта Юрыя Гагарына, і бартавы часопіс першай жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай. Мастацкая частка выстаўкі складаецца з графічных лістоў касманаўта Аляксея Лявонава, са скульптур аўтарства народнага мастака Беларусі Івана Міско, а таксама з палотнаў заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалая Апіёка. Трапіць на выстаўку можна будзе да 31 мая.

Яшчэ адзін выставачны праект, які варта ўбачыць, мае назву «Пакінутая зямля» і прысвечаны 35-годдзю аварыі на ЧАЭС. У экспазіцыю ўключаны знаходкі этнаграфічных экспедыцый Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук 1990-х гадоў у рэгіёнах, пацярпелых ад аварыі. Артэфакты дэманструюць побыт і культуру вёсак, якія цяпер ужо не існуюць. Вы ўбачыце фатаграфіі флоры і фауны Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, які з'яўляецца месцам пражывання рэдкіх і знікаючых відаў. Таксама на выстаўцы «Пакінутая зямля» экспануюцца работы мастакоў Георгія Паплаўскага, Віктара Шматава і Сяргея Давідовіча-Зосіна. Праект скончыць сваю работу 23 мая.

Чым уражваемся:

Як Нацыянальны гістарычны адсвяткуе «Ноч музеяў»? Вось што распавялі там «Звязде».

Мерапрыемствы пройдуць пад агульнай назвай «Музей, ты — космас». Сэнс назвы звязаны з тым, што музей аб'ядноўвае ў сабе розныя віды экспанавання артэфактаў.

У межах праекта «Археалогія смерці» адбудзецца лекцыя «Адвечны космас чалавечага жыцця», падчас якой наведвальнікі пазнаёмяцца з традыцыямі пахавання зарубінецкай культуры.

Плануецца паказ мод ад «Млына моды», а таксама невялікі экскурс у тэндэнцыі сучаснай беларускай моды.

Араганізатары памятаюць пра эпідэмічную абстаноўку, таму імкнуцца пазбегнуць вялікай колькасці людзей у памяшканні. Некаторыя мерапрыемствы адбудуцца ва ўнутраным дворыку музея. Там пройдзе канцэрт музычных калектываў універсітэта культуры, а таксама кірмаш рамеснікаў.

«Ноч музеяў» у Нацыянальным гістарычным музее адбудзецца 22 мая.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...

Здароўе

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Ад захворванняў, звязаных з гепатытам, у свеце кожныя 30 секундаў памірае адзін чалавек.