Вы тут

Фундаментальная бібліятэка БДУ адзначае векавы юбілей


У пачатку ХХ стагоддзя менавіта ў Беларускім дзяржаўным універсітэце былі закладзены асновы нацыянальнай бібліятэчнай сеткі. У 1920-я гады пры ўніверсітэцкай бібліятэцы было арганізавана Беларускае бібліяграфічнае бюро, а ў 1926 годзе на яе базе стварылі Беларускую дзяржаўную бібліятэку, вядомую цяпер як Нацыянальная бібліятэка Беларусі.


Да афіцыйнага адкрыцця БДУ 30 кастрычніка 1921 года актыўна вяліся арганізацыйныя работы па фарміраванні структуры і вучэбна-метадычнай базы маладога ўніверсітэта. 23 мая 1921 года Фундаментальная бібліятэка была ўключана ў структуру Праўлення БДУ і менавіта гэты дзень лічыцца датай яе заснавання.

У першыя гады дзейнасці для напаўнення свайго кніжнага фонду БДУ набываў прыватныя зборы кніг акадэміка Яўхіма Карскага, фалькларыста Мікалая Янчука, гісторыка Платона Жуковіча, народнага паэта Янкі Купалы і іншых. Вялікую дапамогу ў камплектаванні аказалі выкладчыкі і асабіста першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта. У 1925 годзе ён арганізаваў набыццё для бібліятэкі ў ленінградскага калекцыянера У. І. Камарніцкага дзесяці кніг Францыска Скарыны, выдадзеных у Празе ў 1517—1518 гадах.

У цяперашні час бібліятэка захоўвае амаль 2 мільёны тамоў універсальнага фонду айчыннай і замежнай літаратуры, абслугоўвае больш за 25 тысяч карыстальнікаў, штогод ажыццяўляе звыш 1,5 мільёна кнігавыдач і зваротаў да электронных інфармацыйных рэсурсаў. Паводле Міжнароднага рэйтынгу Transparent Rankіng of Reposіtorіes, Электронная бібліятэка БДУ ўваходзіць у тройку найлепшых універсітэцкіх рэпазіторыяў у свеце.

Да 100-гадовага юбілею Фундаментальнай бібліятэкі БДУ прымеркавана двухдзённая XXІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Менеджмент міжвузаўскіх бібліятэк". Стартуе яна 19 мая ў вочна-дыстанцыйным фармаце. Удзельнікамі форуму стане больш за 250 кіраўнікоў і спецыялістаў бібліятэк, устаноў вышэйшай адукацыі і навукі, інфармацыйных цэнтраў, выдавецтваў з васьмі краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Польшчы, Казахстана, Узбекістана і Кіргізіі.

У рамках святкавання векавога юбілею ў фае галоўнага корпуса БДУ (пр-т Незалежнасці, 4) адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі "Фундаментальная бібліятэка БДУ: 100 гадоў на службе адукацыі". Яе наведвальнікі змогуць убачыць эксклюзіўныя асобнікі з фондаў ФБ, якія рэдка дэманструюцца чытачам. Выстаўка будзе працаваць да 21 мая ўключна.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДУ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.