Вы тут

​Вучоныя НАН Беларусі ўдастоены міждзяржаўнай прэміі «Зоркі Садружнасці»


Вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ўдастоены міждзяржаўнай прэміі «Зоркі Садружнасці» за вялікі ўклад у распрацоўку і паспяховую рэалізацыю беларуска-расійскіх праграм у касмічнай сферы, стварэнне навукова-тэхнічнага зачыну для развіцця касмічнай галіны Беларусі, пашырэнне і ўмацаванне супрацоўніцтва паміж дзяржавамі — ўдзельніцамі СНД у галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах.


У складзе беларускага навуковага калектыву — генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Аляксандр Тузікаў, дырэктар навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сістэмы», кандыдат тэхнічных навук Сяргей Залаты і загадчык аддзела сумесных праграм касмічных і інфармацыйных тэхналогій Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Сяргей Караняка.

На працягу апошніх дваццаці гадоў Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі і УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» як галаўныя выканаўцы з беларускага боку, сумесна з расійскімі калегамі паспяхова рэалізавалі праграмы Саюзнай дзяржавы «Космас-БР», «Космас-СД», «Космас-НТ», «Стандартызацыя-СД», «Маніторынг-СД» і выконваюць у цяперашні час праграму Саюзнай дзяржавы «Інтэграцыя-СД». Атрыманыя і плануемыя вынікі названых праграм накіраваны на пашырэнне агульнай навукова-тэхналагічнай і інфармацыйнай прасторы дзвюх краін, інтэграцыю іх наземных і арбітальных касмічных сродкаў, а таксама інтэлектуальных і вытворчых рэсурсаў у правядзенні даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах.

Створаная ў ходзе выканання гэтых праграм навукова-тэхнічная прадукцыя, атрыманы навуковы і вытворчы вопыт рэалізацыі складаных праектаў у касмічнай сферы ляглі ў аснову Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, у якую ўваходзяць арбітальны сегмент і наземная інфраструктура, дазволілі шырока выкарыстоўваць у народнай гаспадарцы Беларусі вынікі і тэхналогіі маніторынгу Зямлі з космасу.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?