Вы тут

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»


Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі беларускага друку! У акупаваным Мінску, пад самым носам у ворага, журналісты-падпольшчыкі сабралі неабходны для выхаду газеты рэквізіт і выпусцілі паўнавартасны нумар. Тыраж (2,5 тысячы экзэмпляраў!) разляцеўся імгненна: падпольную «Звязду» перадавалі з рук у рукі, зачытвалі да дзірак, захоўвалі як самую дарагую рэліквію. Выхад газеты сведчыў: ідзе сур'ёзная падпольная барацьба з ворагам, у якую ад малога да вялікага ўключыўся беларускі народ.


Надзея АМЕЛЬЯНЮК разам з мужам каля помніка журналістам-падпольшчыкам. Тут, каля Чырвонага касцёла, загінуў яе легендарны дзядзька.

Выдала родная цётка

Сёння складана ўявіць, што матэрыялы першага падпольнага нумара таемна набіраліся ў нямецкай друкарні — у цяперашнім Доме друку. Напярэдадні першы рэдактар падпольнай «Звязды» Уладзімір Амельянюк устанавіў сувязь з рабочымі друкарні — бацькам і сынам Воранавымі, якія разам з іншымі супрацоўнікамі — Барысам Пупко, Міхаілам Свірыдавым і Броняй Гофман — уваходзілі ў адну з першых падпольных груп Мінска. Падпольшчыкам удалося вынесці з фашысцкай друкарні амаль усё, што патрэбна было для выпуску газеты: наборныя касы, паперу, фарбы, вярстаткі, гранкі... У выніку 18 мая 1942 года дэбютны падпольны нумар «Звязды» быў надрукаваны ў хаце Міхаіла Пятровіча Воранава і яго сына Міхаіла па адрасе Рымарская, 13 (сучасная вуліца Караля).

Некаторыя матэрыялы гэтага выпуску былі напісаны асабіста Уладзімірам Амельянюком. Генадзь Будай, з якім сябравалі, працавалі ў дзяржынскай раённай газеце, вучыліся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі, а потым былі сярод арганізатараў патрыятычнага падполля, расказваў, што Уладзімір Сцяпанавіч спяшаўся, рыхтуючы матэрыялы для першага нумара падпольнай «Звязды». «Яго блакнот папаўняўся фактамі аб баявых дзеяннях народных мсціўцаў, аб зверствах фашыстаў, — успамінаў падпольшчык. — Скрупулёзна адбіраў ён найбольш важныя паведамленні Маскоўскага радыё. Шмат якую інфармацыю хацелася змясціць у маленькім газетным лістку. Але трэба было сціскаць, і Амельянюк па некалькі разоў перапісваў матэрыялы, стараўся ўдыхнуць у іх жар свайго сэрца, усю нянавісць да ворага».

Для пошуку падпольнай друкарні з Берліна выклікалі вопытных разведчыкаў. Гітлераўцы ўсведамлялі: разгром самай вядомай і аўтарытэтнай беларускай газеты — органа Мінскага гаркама КП(б)Б —
нанясе непапраўны ўрон падпольнаму руху. Тым, хто пакажа, дзе друкуецца нелегальная «Звязда», акупанты абяцалі заплаціць 75 тысяч нямецкіх марак.

Не за грошы, а ратуючы сябе, Воранавых выдала родная цётка: «Яе затрымалі ў краме, у яе было дзесяць картак хлебных, — расказваў падпольшчык Васіль Сайчык. — Спыталі, дзе яна іх бярэ, тая і сказала, што Воранаў даў». Аказалася, што на кватэры ў падпольшчыкаў яшчэ друкаваліся і хлебныя карткі, карткі для дадатковага пайка, пашпарты, біржавыя карткі, даведкі з месца працы, падробліваліся пячаткі і штампы. Менавіта дзякуючы Міхаілу Воранаву мінскім падпольшчыкам удалося здабыць два экзэмпляры спіса шпіёнаў, якія праз партызанскую брыгаду «Дзядзькі Колі» былі адпраўлены ў Маскву. За гэта, а таксама за ўдзел у выпуску газеты была заплачана вельмі высокая цана: ад рук фашыстаў загінула сям'я з трох чалавек — бацька, сын і яго жонка.

Подзвіг сям'і Амельянюкоў

Трагічна склаўся лёс і ў першага рэдактара падпольнай «Звязды» Уладзіміра Амельянюка. У няпоўныя 25 гадоў учарашні студэнт інстытута журналістыкі ўзначаліў рэдакцыю самай вядомай і папулярнай па тым часе беларускай газеты. Праз некалькі дзён пасля выхаду першага нелегальнага нумара (па афіцыйных звестках, 26 мая 1942 года) у ходзе перастрэлкі з агентам СД Уладзімір Амельянюк быў забіты каля Чырвонага касцёла ў Мінску. Аптэка непадалёк ад касцёла, каля якой адбылася трагедыя, была для падпольшчыкаў месцам сустрэчы. У той дзень рэдактар прыйшоў туды на чарговую яўку, якая стала для яго апошняй. У паведамленні аб гібелі малодшага сына, якое маці Амельянюка атрымала з Беларускага штаба партызанскага руху, датай смерці падпольшчыка значыцца 30 мая 1942 года.

— Яго цела ляжала каля аптэкі не адзін дзень, — удакладніла пляменніца рэдактара падпольнай «Звязды» Надзея Амельянюк. — Маці Уладзіміра Амельянюка, мая бабуля, неаднойчы праходзіла каля нежывога сына, але нічога зрабіць не магла: інакш выдала б і сябе, і іншых падпольшчыкаў. Магілы дзядзька не мае...

Няма яе і ў роднай сястры журналіста. Па дарозе ў эвакуацыю ў машыну, у якой ехала Зінаіда Амельянюк, трапіла бомба — жанчына загінула разам з двума дзецьмі. Яе муж, ваеннаслужачы, не вярнуўся з фронту. Бацьку Уладзіміра Амельянюка, Сцяпана Кандратавіча, які таксама супрацоўнічаў з Мінскім падпольным гаркамам КП(б)Б, замучылі ў Трасцянцы. Маці, Паўліна Сцяпанаўна, памерла ўсяго праз некалькі дзён пасля Перамогі: 24 мая 1945 года яна ўпала на вуліцы — жаночае сэрца не вытрымала пакут, якія прынесла іх сям'і вайна.

Уладзімір Амельянюк — адзіны рэдактар у час Вялікай Айчыннай вайны, якому было прысвоена найвышэйшае званне — Герой Савецкага Саюза (падобных прыкладаў у гісторыі СССР не было). На тым месцы, дзе ён загінуў (сучасная плошча Незалежнасці), 24 верасня 1980 года быў адкрыты помнік першаму рэдактару падпольнай «Звязды», а таксама іншым журналістам-падпольшчыкам, якія падчас акупацыі ўдзельнічалі ў выданні газеты.

Уладзімір Амельянюк — піянерважаты ў Дзяржынскай сярэдняй школе (другі ў верхнім радзе).

Брат Героя — «вораг» народа

Ва ўсіх дакументальных крыніцах пазначана, што лёс жонкі Уладзіміра Амельянюка Лідзіі і іх сына Генадзя невядомы. І адна з асноўных версій — загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны — пацвердзілася толькі часткова. Па сведчанні пляменніцы журналіста-падпольшчыка, Лідзія і Генадзь Амельянюкі эвакуіраваліся з акупаванага Мінска разам з жонкай і сынам старэйшага брата Героя Савецкага Саюза. «Дзеці, мой родны брат Сярожа і Гена Амельянюк, памерлі па дарозе, — расказала Надзея Амельянюк. — Пасля вайны Ліда выйшла замуж, жыла ў Маскве. Ад другога шлюбу нарадзіла сына. Памятаю, як аднойчы яна прыязджала да нас у вёску. Пакуль была жывая, падтрымлівала стасункі з маёй мамай».

Адзіным з Амельянюкоў, над якім злітавіўся лёс, быў старэйшы брат журналіста-падпольшчыка. Але назваць Мікалая Амельянюка шчасліўчыкам наўрад ці справядліва. Для яго вайна пачалася ў 1941-м. Каля Оршы часць, у якой служыў старэйшы Амельянюк, трапіла ў акружэнне. Доўгія тры гады ён знаходзіўся ў палоне, за гэты час змяніў не адзін канцлагер, але выжыў. Пасля вызвалення саюзнікамі трапіў у амерыканскую дывізію, у складзе якой і заканчваў вайну. Дамоў вярнуўся ў 1946-м: на Радзіме яго чакаў лёс ворага народа.

Удзельнікам Вялікай Айчыннай Мікалая Амельянюка прызналі амаль напрыканцы жыцця. Ён яшчэ паспеў расказаць пра сваю вайну, пра лёс знакамітага брата: выступаў у дружынах імя Уладзіміра Амельянюка, быў частым госцем у Дзяржынскай школе № 2, дзе будучы герой працаваў піянерважатым, запрашалі яго і ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта туды, не задумваючыся, аддаў Зорку Героя, прысвоеную пасмяротна Уладзіміру Амельянюку да 20-годдзя Перамогі. Пайшоў з жыцця ў 1988 годзе.

Красамоўны факт: Мікалай Амельянюк быў пастаянным падпісчыкам «Звязды», аднак супрацоўнікі газеты доўгі час не ведалі аб яго існаванні. Сціплы чалавек, над якім працяглы перыяд вісела кляймо ворага народа, ніколі не выхваляўся сваім знакамітым братам, гісторыяй подзвігу яго гераічнай сям'і.

У гэтай хаце на сучаснай вуліцы Кульман былі выдадзены 2-і і 3-і нумары падпольнай «Звязды». Цяпер на гэтым месцы — помнік.

«Зачытвалі да дзірак»

Гібель Уладзіміра Амельянюка моцна падкасіла падпольшчыкаў, аднак не зламала — выпуск падпольнай «Звязды» вырашана было працягваць. Усе абавязкі па падрыхтоўцы чарговага выпуску газеты перайшлі да членаў Мінскага падпольнага гаркама Вячаслава Нікіфарава, Ядвігі Савіцкай і Уладзіміра Казачонка.

Па прычыне таго, што друкарня была перанесена ў іншае месца, а ў працэсе падрыхтоўкі газеты ўзнікалі цяжкасці, другі нумар падпольнай «Звязды» замест ліпеня, як было запланавана, выйшаў у жніўні. Як і трэці, ён быў надрукаваны ў хаце на вуліцы Выдавецкай (цяпер Кульман), дзе гаспадарыла жонка чырвонаармейца Таццяна Якавенка. Адзін з пакояў у жанчыны здымаў Арсеній Грышын, там і размясцілася падпольная друкарня. І гэта нягледзячы на тое, што праз дарогу знаходзілася гестапа! Але немцы нават не здагадваліся, што ў іх пад носам — у суседнім доме — стваралася газета, рэдакцыю якой яны так старанна шукалі.

«Першы час «Звязда» выпускалася нерэгулярна, тыраж яе быў невялікі, але абслугоўвала даволі вялікае кола чытачоў, — расказваў пра газету падпольшчык Георгій Сапун. — Першы, хто яе атрымаў, пасля прачытання перадаваў суседу, знаёмаму, той — іншаму, і так яна ішла па ланцужку і зачытвалася да дзірак. Нярэдка былі выпадкі, калі газета, так ідучы па ланцужку, вярталася зноў у першыя рукі. Але з кожным выданнем тыраж яе рос».

Чацвёрты і пяты (быў падрыхтаваны, але ў сувязі з масавымі арыштамі падпольшчыкаў не выйшаў) нумары «Звязды» ствараліся на кватэры па вуліцы Беламорскай, дзе разам з двума сынамі жылі Пётр і Альбіна Хадасевічы. За дапамогу падпольшчыкам уся сям'я загінула ў Трасцянцы. Акрамя таго, у ноч на 26 верасня гітлераўцы арыштавалі 21 падпольшчыка, сярод якіх быў і Вячаслаў Нікіфараў, на якім у большай ступені ляжала адказнасць за газету. Многіх з арыштаваных закатавалі да смерці, лёс некаторых невядомы дагэтуль...

За выпуск чатырох нумароў «Звязды» ў захопленым ворагам Мінску была заплачана вельмі высокая цана. Аб подзвігу журналістаў-падпольшчыкаў, а таксама тых, хто дапамагаў газеце выходзіць у свет, нагадваюць шматлікія помнікі і мемарыяльныя дошкі, усталяваныя ў розных куточках Мінска, — ні адна газета ў свеце так не ўганаравана. Аднак ні адна газета не мела і такой гераічнай, а разам з тым трагічнай гісторыі.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і з архіва Надзеі АМЕЛЬЯНЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Нараджаць не шкодна! Плюсы і мінусы цяжарнасці пасля 35

Нараджаць не шкодна! Плюсы і мінусы цяжарнасці пасля 35

Сёння жанчыны ўжо радзей глядзяць у свой пашпарт.