Днямі кіраўнік дзяржавы падпісаў законы аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і змяненні законаў па пытаннях процідзеяння экстрэмізму. Сваімі думкамі аб новым дакуменце падзялілася член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, культуры і навуцы Таццяна Аўтухова. У парламенце яна прадстаўляе Віцебскую-Чкалаўскую акругу № 18.
— Таццяна Анатольеўна, навошта спатрэбілася мяняць заканадаўства?
— У тым, што адбывалася ў Беларусі са жніўня мінулага года, хоць апаненты ўлады і называлі гэта мірнымі пратэстамі, можна было заўважыць экстрэмісцкія праявы. Усё ішло па нарастаючай. Спачатку ўпэўнілі частку насельніцтва, большасць якога была моладзь, у іншых каштоўнасцях. Потым адбыліся сутыкненні людзей з рознымі палітычнымі поглядамі. Былі і спробы экстрэмісцкіх праяў: падпалы аўтамабіляў, выкарыстанне кактэйляў Молатава. На шчасце, вельмі прафесійна і аператыўна спрацавалі спецыяльныя службы і папярэдзілі рэалізацыю больш маштабных экстрэмісцкіх задум.
Што тычыцца неабходнасці змены адпаведнага заканадаўства, закон у мінулай рэдакцыі ўжо не працаваў. І беларускае заканадаўства ў параўнанні з аналагічным у іншых краінах было вельмі ліберальнае. Таму ўзнікла неабходнасць, скажам так, у пазапланавым парадку прапрацаваць гэтыя законы.
Ну, што змянілася, калі коратка — пра самае важнае. Упершыню вызначаны тэрміны: «экстрэмісцкая сімволіка і атрыбутыка», «экстрэмісцкія фарміраванні», пашырана фармулёўка самога тэрміна «экстрэмізм». Устаноўлены паскораны разгляд спраў у грамадзянскім працэсе ў дачыненні да арганізацый з прызнаннем экстрэмізму, а таксама з выкарыстаннем сімволікі і атрыбутыкі, парадак забароны дзейнасці экстрэмісцкіх фарміраванняў.
Упершыню прадугледжваецца адказнасць за ўдзел у такіх фарміраваннях, за раскрыццё загадзя лжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным, міжнародным становішчы Беларусі, прававым становішчы грамадзян, дзейнасці дзяржаўных органаў улады.
Усё накіравана на ўзмацненне нацыянальнай і грамадскай бяспекі.
— Ці закраналася гэта тэма на сустрэчах з выбаршчыкамі?
— Многія мае выбаршчыкі шчыра цікавяцца тым, што робіцца, каб гісторыя была аб'ектыўнай, а не на патрэбу часу — у інтарэсах нейкіх асоб, груп людзей. Здорава, што ў большасці гэта людзі, адданыя Радзіме, усім сэрцам любяць яе. Таму падчас стасункаў у акрузе адчувала шчырую занепакоенасць той грамадска-палітычнай сітуацыяй, якая склалася ў Беларусі. І шмат разоў чула словы пра жаданне захаваць краіну і працягнуць яе паступальнае развіццё.
Людзі таксама выказваюць падтрымку інтэграцыі з Расіяй. Наша суседка — вялікая і магутная дзяржава, і мець такога саюзніка і сябра вельмі добра. Няпростая паслявыбарная сітуацыя ў Беларусі толькі зблізіла дзве краіны. Гледзячы на наш вопыт, улада Расіі спрацавала на апярэджанне і зрабіла больш жорсткімі свае законы. Гэта дазволіла пратэсныя акцыі, якія пачаліся ў Расіі, пагасіць у самыя кароткія тэрміны.
Гістарычная памяць пра Вялікую Айчынную вайну палітая крывёй кожнага трэцяга беларуса, і мы не павінны дазволіць гераізаваць нацызм і выкарыстоўваць нацысцкую сімволіку.
— На жаль, і раней і Віцебск, і Мінск чулі выбухі, якія прыводзілі да раненняў і чалавечых ахвяр у мірны час.
— Не магу сабе ўявіць, што рухае і кіруе людзьмі, якія здольны на тэрарыстычныя дзеянні. Калі такое здараецца, жудасна разумець, што яны жылі сярод нас, вучыліся, працавалі і прыдумвалі жудасныя планы, якія потым, на жаль, рэалізавалі. Хочацца верыць, што падобнае больш не паўтарыцца.
— Вы педагог, узначальвалі педагагічны калектыў віцебскай сярэдняй школы № 45. Прэзідэнт гаварыў, што неабходна ўзмацніць кірунак дзейнасці ў патрыятычным выхаванні, што пры гэтым трэба з моладдзю размаўляць на даступнай мове. Нешта ўжо можна канстатаваць наконт таго, што зроблена?
— Патрыятызм — такое пачуццё, якое робіць кожнага чалавека і народ у цэлым адказнымі за лёс сваёй краіны.
Канешне, неабходны пошук новых формаў уплыву на падрастаючае пакаленне, фарміравання ў хлопчыкаў і дзяўчынак грамадзянскай адказнасці, нацыянальнай самасвядомасці.
Пачуццё патрыятызму нельга навязаць — яго трэба ўзгадоўваць з першых гадоў жыцця, і не толькі ва ўстановах адукацыі, але і ў сям'і. Таму ў краіне распачалі работу над праграмай патрыятычнага выхавання насельніцтва.
Гаворачы пра формы, канешне, трэба перанесці выхаваўчую работу ў інтэрнэт, таму што рэсурсы віртуальнага свету для моладзі — асноўная крыніца інфармавання. Яна даведваецца пра тое, што адбываецца, праз сацыяльныя сеткі, новыя медыя. І ўжо распачата работа ў гэтым кірунку. Грамадскія арганізацыі, парламент краіны, мясцовая ўлада сваю дзейнасць адлюстроўваюць у Іnstagram, Telegram-каналах — для таго каб у інтэрнэт-прасторы моладзь магла адсочваць тое пазітыўнае, што робіцца ўладай у іх населеных пунктах, краіне.
І патрыятычнае выхаванне трэба праводзіць не толькі сярод моладзі, але і сярод усіх, незалежна ад ўзросту. У гэтым кірунку ўжо ёсць напрацоўкі.
— Хутка лета. Ці ёсць, на вашу думку, небяспека аднаўлення спроб рэвалюцый у Мінску?
— Хацелася б, каб не толькі ў сталіцы, але і ў кожным куточку нашай цудоўнай краіны панавалі мір, адзінства, спакой, а ўсе дзеянні грамадзян былі накіраваны на стваральную дзейнасць у імя светлай і прыгожай будучыні. Спадзяюся, так і будзе.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.
Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.
Васілеўскія такія: на Зямлі і ў космасе ліхія!