Вы тут

Сезон дажджоў «разышоўся» не на жарт


Апошнім часам (у часы глабальнага пацяплення) з надвор'ем назіраюцца нейкія крайнасці. То снегу не было зімой, а ў гэтым сезоне — наце вам! То вясной ранняя засуха, а сёлета — зацяжныя дажджы. Вось і на гэтым тыдні нас чакаюць працяглыя, зусім не вясновыя вадкія ападкі, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота з архіва. Аўтар: Анатоль Кляшчук.

На працягу тыдня у асобныя дні месцамі па краіне чакаюцца моцныя ліўні, навальніцы і ўзмацненне ветру да моцнага парывістага. У вільготным паветры ў начныя і ранішнія гадзіны не выключаны туманы.

Сёння днём на большай частцы тэрыторыі краіны таксама пройдуць дажджы, у асобных раёнах прагрымяць навальніцы. Будзе яшчэ дастаткова цёпла — ад плюс 15 да 21 цяпла, па ўсходзе да плюс 23 градусаў. Амаль паўсюдна будуць ісці дажджы і ў сераду. Месцамі не выключаны навальніцы. Вецер будзе паўночна-заходні ўмераны, удзень парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 8 да 14 градусаў цяпла. Удзень паветра прагрэецца да плюс 12—19 градусаў, па ўсходзе месцамі да 22 цяпла.

Дажджы, месцамі з навальніцамі, чакаюцца і ў чацвер. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні ўмераны, удзень месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы будзе плюс 7—13 градусаў, удзень апусціцца да 10—17 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў сіноптыкаў, у пятніцу ўначы на большай частцы тэрыторыі, а ўдзень месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы ў асобных раёнах моцныя дажджы, магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны будзе вагацца ад плюс 4 градусаў да 10 цяпла. Днём паветра прагрэецца да 11—18 градусаў вышэй за нуль. І ў суботу будзе халаднавата і мокра. У гэты дзень уначы ў асобных раёнах, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы, удзень месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ўначы будзе ўсяго толькі 2—8 цяпла, па паўднёвым захадзе да плюс 10 градусаў, а ўдзень — ад плюс 14 градусаў да 21 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.