Вы тут

​На факультэце журналістыкі БДУ прайшоў Дзень дзіцячай журналістыкі


У яго межах адбылося ўзнагароджанне пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу юных карэспандэнтаў і Рэспубліканскага фотаконкурсу для школьнікаў, а таксама ўручэнне сертыфікатаў удзельнікам Школы маладога журналіста.


Фота з сайта факультэта журналістыкі БДУ.

Мерапрыемства прымеркавана да 100-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Да ўдзелу ва ўзнагароджанні былі запрошаны школьнікі ва ўзросце ад васьмі да сямнаццаці гадоў з усёй краіны, якія сталі найлепшымі.

— Журналістыка — гэта вельмі важная сфера ў нашым жыцці. Журналісты не толькі адлюстроўваюць яго, але і ствараюць рэчаіснасць, уплываюць на нашы думкі, настрой. Большасць з вас прыйдзе да нас на факультэт і ў далейшым стане будучыняй нацыянальнай журналістыкі. Вельмі хочацца, каб вашы таленты сапраўды раскрыліся, каб вы знайшлі месца ў сваім жыцці, рэалізаваліся ў нашай краіне, — адкрыла сустрэчу дэкан факультэта журналістыкі Вольга Самусевіч.

У конкурсе юных карэспандэнтаў прынялі ўдзел больш за 60 юнакоў і дзяўчат. Яны дасылалі работы, прысвечаныя памятным і гістарычным мясцінам Беларусі, жыхарам рэгіёна, актуальным падзеям у жанрах рэпартажу, інтэрв'ю, публіцыстычнага эсэ і іншых. 29 канкурсантаў сталі пераможцамі, сем атрымалі спецыяльныя прызы. У фотаконкурсе ўдзельнічалі каля 80 школьнікаў. Маладыя людзі прадставілі каля 120 фотаработ у трох намінацыях: «Публікацыя», «Відэа- і аўдыясюжэт», «Блог», якія ўжо былі апублікаваны ў СМІ ці размешчаны на лічбавых платформах. Юныя фатографы дасылалі здымкі на тэмы «Прырода», «Людзі» і «Невядомая Беларусь», найлепшымі сталі 13 чалавек. Студэнты-валанцёры факультэта журналістыкі таксама падвялі вынікі сваёй работы за вучэбны год з абітурыентамі ў Школе маладога журналіста, дзе навучалася больш за 60 прадстаўнікоў школ, гімназій і ліцэяў краіны.

— Падчас работы Школы маладога журналіста мы актыўна рыхтавалі абітурыентаў да выступлення. Слухачы мелі магчымасць папоўніць сваё партфоліа конкурснымі эсэ, фатаграфіямі і новымі артыкуламі. Упершыню на факультэце журналістыкі ў рамках 78-й студэнцкай канферэнцыі прайшла секцыя «Медыядаследаванні юных». Самыя актыўныя ўдзельнікі Школы былі ўзнагароджаны сертыфікатамі, — адзначыла валанцёр Школы маладога журналіста студэнтка факультэта журналістыкі БДУ Ксенія Сітнік.

— Кожны месяц на працягу навучальнага года моладзь была побач з намі, з валанцёрамі на факультэце. За гэты час прайшло восем сустрэч з вядомымі журналістамі, праведзена пяць конкурсаў і адна канферэнцыя, прайшлі прафарыентацыйныя выязныя сустрэчы і круглыя сталы ў рэжыме анлайн. Усё гэта паспрыяе прытоку ў прафесію такой матываванай моладзі, як вы, якая мае схільнасць да журналісцкай дзейнасці, — дадала намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце Ганна Басава.

У рамках сустрэчы дацэнт кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ Віктар Шымолін правёў адкрыццё фотавыставы работ пераможцаў, а для ўсіх ахвотных зладзілі экскурсію па факультэце.

Нагадаем, суарганізатарамі конкурсаў выступілі Міністэрства адукацыі, Міністэрства інфармацыі, грамадскае аб'яднанне «Беларускі саюз журналістаў», рэспубліканскія і рэгіянальныя СМІ.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».