Вы тут

Адукацыйны цэнтр МНС пачаў сваю работу ў Брэсце


Аднойчы мяне вельмі ўразіла інтэрв'ю вядомай актрысы Марыны Уладзі. І зусім не ў той частцы, дзе яна расказвала пра сваё багатае на падзеі акцёрскае і асабістае жыццё. Марына Уладзіміраўна была ў знакамітай гасцініцы «Расія» ў той дзень і час, калі там здарылася трагедыя — пажар 1977 года. Дык вось артыстку, паводле яе сцвярджэння, уратавалі з дзяцінства засвоеныя правілы паводзін у экстрэмальнай сітуацыі. Іх яна добра засвоіла яшчэ ў пачатковай школе.


Фота Валерыя Караля.

Таму на пажары не разгубілася, не запанікавала, як многія пастаяльцы гатэля, а дзейнічала строга па інструкцыі: намачыла ручнік, накінула яго на твар, апусцілася на падлогу і папаўзла шукаць выхад. Яна яшчэ падкрэслівала, што правілы гэтыя ў яе захоўваюцца недзе на ўзроўні падсвядомасці. Усё таму, што падчас навучання бяспецы была ўдзелена належная ўвага. Нашы ратавальнікі таксама шмат гавораць аб неабходнасці з ранніх гадоў засвойваць асноўныя правілы бяспечных паводзін і бяспекі ў экстрэмальных сітуацыях. І многа робяць у гэтым кірунку.

У Брэсце з мінулага тыдня пачаў функцыянаваць адукацыйны цэнтр бяспекі МНС. Яго яшчэ называюць сітуацыйным цэнтрам, бо любы чалавек зможа там адчуць сябе ў змадэляванай надзвычайнай сітуацыі і паспрабаваць знайсці выйсце.

Вучэбны цэнтр размяшчаецца на вуліцы лейтэнанта Рабцава. І з'явіўся ён у абласным цэнтры дзякуючы ажыццяўленню праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна», а дакладней, праекта «Бяспека на трансгранічнай беларуска-польскай тэрыторыі. Умацаванне патэнцыялу пажарных і ратавальных службаў». Пад патрэбы цэнтра правялі рэканструкцыю чатырохпавярховага будынка былой казармы на тэрыторыі пажарнага аварыйна-ратавальнага атрада. У ходзе работы ўмацавалі фундамент, перакрыцці і сцены, замянілі камунікацыі, правялі ўнутраную аддзелку. Па сутнасці атрымаўся новы будынак з адпаведным начыннем.

— Пры ўладкаванні цэнтра задзейнічаны новыя тэхналогіі для стварэння тэматычных інтэрактыўных зон, дзе дарослыя і дзеці ў гульнявой форме будуць праходзіць навучанне ў тэорыі і на практыцы, — расказаў галоўны спецыяліст арганізацыйна-аналітычнага аддзела Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Мікалай КУЗЬМІЦКІ.

Тут можна адчуць сябе, напрыклад, на возеры, якое пакрылася тонкім лёдам, правальвацца ў дрыгве, трапіць у эпіцэнтр навальніцы і аказацца ў палаючым доме, — усё гэта жыццёвыя сітуацыі, ад якіх, на жаль, ніхто не застрахаваны. Але ж далёка не кожны зможа не разгубіцца, а хутка сарыентавацца і павесці сябе менавіта так, каб пазбегнуць горшага. Гэтаму, як вядома, трэба вучыцца. Для ахвотных атрымаць указаныя веды і навыкі прадугледжана васямнаццаць інтэрактыўных пляцовак. Яны выбудаваны з максімальнай перадачай рэальнай сітуацыі і размешчаны ў асобных памяшканнях. Да паслуг навучэнцаў — сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дапоўненай і віртуальнай рэальнасці.

Скажам, у інтэр'еры кватэры вам пакажуць месцы асаблівай небяспекі ў памяшканні. На іншых пляцоўках можна навучыцца паводзінам на пажары, падчас прыродных надзвычайных сітуацый, на вадаёмах, у лесе, а таксама атрымаць інфармацыю па аказанні першай медыцынскай дапамогі.

Асаблівая лакацыя прысвечана антыкрымінальнай тэматыцы. Наведвальнікам прапануюць на сабе ацаніць наступствы ўплыву алкаголю. З дапамогай віртуальнай рэальнасці патрабуецца даехаць да зададзенага пункта з розным узроўнем ап'янення. Таксама будзе ўдзелена ўвага атамнай і радыяцыйнай бяспецы.

Начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Алег ЛАШКО падкрэсліў, што мэтай цэнтра з'яўляецца навучанне насельніцтва, у першую чаргу школьнікаў, студэнтаў, правілам паводзін у любых экстрэмальных абставінах. Школьныя класы, студэнцкія групы тут стануць асноўнай аўдыторыяй. Акрамя таго, у цэнтр можна прыйсці ў выхадныя ўсёй сям'ёй і атрымаць жыццёва неабходныя веды. Дарэчы, сітуацыйныя цэнтры ёсць ужо ў двух раёнах вобласці — Камянецкім і Столінскім.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Засвоіць правілы на ўзроўні падсвядомасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?