Вы тут

Амар Хаям: «Прыдбаўшы мудрасці каралі…»


Беларускае прачытанне творчасці Амара ХАЯМА толькі пачынаецца, нягледзячы на зробленае ўжо і нашымі перакладчыкамі, і нашымі выдаўцамі. Так, перакладаў легендарныя рубаі на беларускую мову Уладзімір Клішэвіч. Выйшла ў розныя гады два кніжныя выданні з перакладамі народнага паэта Беларусі Рыгора БАРАДУЛІНА.


І вось на гэтым тыдні (дата правядзення — 18 мая 2021 года) у Дзяржаўным Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў беларускай сталіцы — урачысты вечар у знак вялікага паэта, вучонага, астранома, матэматыка. Ініцыятар творчага і дыпламатычнага праекта «Цырымонія памяці Хакіма Амара Хаяма Нейшабуры» (такую назву носіць вечарына) — Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі. Несмуненна, гэта стане выразным штуршком для пашырэння прасторы сапраўдных уяўленняў пра Хаяма (што важна, не толькі пра паэта, але і пра вучонага, асветніка, чалавека, якія ўплываў на розныя творчыя, навуковыя навацыі, фарміраваў мышленне цэлага пакалення творчых людзей). Важна, зразумела, каб з’явіліся новыя пераклады на беларускую мову. Але важнае і пранікненне ў творчыя здабыткі Хаяма з боку беларускіх філосафаў, літаратуразнаўцаў. Усход займае шырокія абсягі, краіны Усходу, усходнія народы, азіяцкія свет развіваецца ў супольнасці з іншымі краінамі і народамі. І ў такім разе гістарычныя, тым болей мастацкія здабыткі ранейшых стагоддзяў вартыя прачытання ў сённяшнім часе.

Зараз да пераўвасаблення вершаў усходняга класіка спрычыніўся вядомы беларускі паэт Віктар Шніп. Спадзяёмся, што будуць у бліжэйшыя часы зроблены і наступныя перакладчыцкія крокі. Краса, мудрасць паэзіі Амара Хаяма таго вартыя.

Мікола БЕРЛЕЖ


АМАР ХАЯМ

х

Усім, хто аднойчы Тут быў у жыцці,

Адсюль давялося ў нябыт адысці,

Бо ў царстве зямным немагчыма век жыць,

За намі наступным свой шлях Тут прайсці.

х

Гэй, працай недаствораны нябога,

Ты з ветру сам, такая ж і трывога.

І сэнс твайго жыцця — шлях да нябыту,

Свет у табе, вакол цябе нічога.

х

Не ведаў горкага віна арык,

Пакуль з віном тут жыць я не прывык,

На хлеб бяды не сыпаў соль адчаю,

І з сэрца са свайго не грыз шашлык.

х

Каля ганчарні ўчора я ішоў.

Там ганчары ганчарылі ізноў.

Сам бачыў, ім не бачыць, бо сляпыя…

Яны рукамі мялі прах дзядоў.

х

Цюльпаны і трава прыгожаць ранне,

І ведаюць, што хутка іх не стане.

Мы ж будзем піць віно і кветкі рваць,

Пакуль жывём і бачым красаванне.

х

Напоўніцца ружа мядовым світаннем,

І ёй салавей зноўку песні пець стане.

Дык сядзем ля ружаў, бо ружы й праз век

Наш сад упрыгожаць, а нас тут не стане.

х

Віном і ружамі з табою кубак поўню.

Святло тваё ўначы цяпер святлей за поўню.

Я піў і п’ю, і буду піць з табой віно

Пакуль жыву, пакуль віно яшчэ я помню.

х

Пакуль яшчэ спрыяюць нам гады

Віна мы сёння вып’ем без бяды,

Бо стацца можа так, што той, хто шчодры,

Не дасць нам потым і глытка вады.

х

Я захварэў, я змучаны да дна,

І без віна мне смерць мая відна,

І праўда, чым я толькі ні лячыўся, 

Усё атрута мне, апроч віна.

х

Яны, што ў прорву мудрасці зірнулі,

Святлом для многіх сталі ў вечным гуле,

Але не выйшлі з нашае начы,

Панаказалі радасцяў, заснулі.

х

Яны, прыдбаўшы мудрасці каралі,

Усё, што Бог казаў, яны казалі.

Для ўсіх знаёма ісціна адна —

Адзін балбоча, іншы бачыць далі.

х

Па ўзгорках і лагчынах пахадзіў нямала,

Але з майго хаджэння лепш людзям не стала.

Быў дождж і снег, і дождж і снег зноў будуць,

І ўсё ж хоць зрэдку ды жыццё мяне здзіўляла.

х

Таму, хто спазнаў гэты свет неспазнаны за край,

Аднолькава ўсё назаўсёды — і пекла, і рай.

І раз тут нявечныя вечныя зло і дабро,

Дык лекамі быць ці атрутаю — сам выбірай.

Пераклаў Віктар ШНІП

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?