Вы тут

Чацвёрты з пачатку бягучага года кабінет камп’ютарнай тамаграфіі адкрыты на Гомельшчыне


Цяпер у арсенале сістэмы аховы здароўя рэгіёна 17 апаратаў КТ.


Чарговае высокатэхналагічнае абсталяванне ўстанавілі ў Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы № 1. Штогод у гэтай установе аховы здароўя  лячэнне праходзяць больш за 15 тысяч пацыентаў. З пачаткам пандэміі каранавірусу частка ложкаў у бальніцы была адведзена для хворых з COVID-19. Яшчэ адна асаблівасць гэтай установы — адзінае на Гомельшчыне апёкавае аддзяленне. Між тым, пры аснашчанасці сучасным медыцынскім абсталяваннем у бальніцы не было рэнтгенаўскага камп’ютарнага тамографа. Апарат КТ на 128 зрэзаў у Гомельскую гарадскую клінічную бальніцу № 1 пастаўлены Міністэрствам аховы здароўя сумесна з Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Прапускная здольнасць КТ — да 100 чалавек у суткі.

— Апарат самы сучасны, такога высокага класа тамограф першы ў Гомелі і вобласці, — адзначыў галоўны ўрач Гомельскай гарадской клінічнай бальніцы № 1 Алег Ядранцаў. — За кошт магутнасці камп’ютарнага тамографа скарачаецца час правядзення даследавання, адпаведна скарачаецца дозавая нагрузка на пацыента.

Кабінет рэнтгенаўскай камп’ютарнай тамаграфіі размясціўся ў былых дапаможных памяшканнях. На іх рамонт і мадэрнізацыю для адкрыцця кабінета КТ з абласнога бюджэту было накіравана звыш 680 тысяч рублёў. Для работы на новым высокатэхналагічным абсталяванні супрацоўнікі бальніцы прайшлі адпаведнае навучанне. Пакуль кабінет працуе па 12 гадзін у суткі, але з часам будзе пераведзены на кругласутачны рэжым. Гэта звязана са стварэннем на базе ўстановы аховы здароўя гарадскога цэнтра калектыўнага карыстання.

На тое, што на Гомельшчыне будуць працягваць умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу медустаноў, павышаць даступнасць і якасць аказання медыцынскай дапамогі, звярнуў увагу старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей. Так у планах на бягучы год — усталяваць камп’ютарныя тамографы ў Гомельскай абласной клінічнай бальніцы і Чачэрскай цэнтральнай раённай бальніцы. У наступным годзе плануецца ўсталяваць яшчэ тры камп’ютарныя тамографы.

У сваю чаргу намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама Міхаіл Змушко нагадаў, што за апошнія два гады ў рэгіёне многае зроблена для аснашчэння ўстаноў аховы здароўя.

— Калі казаць у кантэксце COVID-19, то за 2020 год колькасць кіслародных кропак павялічылася з 1100 да 2133. І так па кожным напрамку — і па апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і па рэанімацыйных палатах і гэтак далей, — удакладніў Міхаіл Змушко.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.