Вы тут

Што рабіць з цюльпанамі пасля цвіцення


Вядома, што цюльпаны маюць патрэбу ў доглядзе не толькі ў перыяд вегетацыі. Даць ім права на паўторнае пышнае цвіценне цалкам рэальна пры захаванні некалькіх простых правілаў.


pixabay.com

У залежнасці ад сорту, цюльпаны пачынаюць цвісці з сакавіка да чэрвеня. Цвіценне працягваецца ад аднаго тыдня да трох, затым расліны пачынаюць страчваць свой выгляд і паступова засыхаюць. Аднак гэта не нагода перастаць даглядаць за імі.

Ці трэба абразаць цюльпаны пасля цвіцення

Для таго каб захаваць буйныя бутоны, неабходна абавязкова абразаць цюльпаны пасля кожнага цвіцення. Гэта звязана з тым, што падчас вегетацыі расліна фарміруе пад зямлёй новую маладую цыбуліну (часам — некалькі цыбулін), унутры якой першапачаткова зараджаюцца парастак і кветка наступнага года. Для лепшага выспявання будучай цыбуліны і захавання ўсіх неабходных ёй карысных рэчываў трэба вызваліць кветанос ад старога бутона.

У працэсе абрэзкі цюльпанаў пасля таго, як яны адцвілі, ёсць некалькі тонкасцяў. Трэба дачакацца, пакуль пялёсткі раслін стануць сухія і будуць лёгка аддзяляцца ад сцябла. Далей неабходна адзначыць месца знаходжання цыбулін цюльпанаў у глебе, для таго каб пры выкопванні іх было лягчэй знайсці. Інструмент для абрэзкі абавязкова прадэзынфікаваць спіртазмяшчальнымі сурвэткамі або вадкасцю (можна таксама выкарыстоўваць для гэтага марганцоўку і жалезны купарвас) і насуха выцерці чыстым рыззём.

Калі вы вырашылі ўзяць з клумбы яшчэ квітнеючыя цюльпаны для букета, то ў гэтым выпадку сцёблы раслін варта не зрэзаць, а акуратна адламаць, пакінуўшы на іх як мінімум два ніжніх ліста: яны спатрэбяцца кветцы для аднаўлення сіл.

Ці трэба паліваць і ўгнойваць цюльпаны вясной пасля іх цвіцення

Пасля заканчэння цвіцення цюльпаны трэба працягваць паліваць яшчэ два тыдні, але аб'ём вады для паліву трэба паступова скарачаць

Падкарміць цюльпаны вясной для пышнага цвіцення можна ўгнаеннямі, якія змяшчаюць азот, фосфар і калій. Але калі квітнеючыя цюльпаны не падкормлівалі, то пасля іх абрэзкі глебу трэба ўгнаіць фосфарам і каліем, змяшанымі ў роўных прапорцыях з разліку 30-35 г сумесі на кв. м.

Не лішнія будуць і мінеральныя ўгнаенні, якія змяшчаюць у сваім саставе марганец, цынк і бор. Не варта ўгнойваць цюльпаны гноем: ён можа справакаваць гніенне цыбулін. Проціпаказаны гэтым кветкам і хлор.

Калі выкопваюць цыбуліны цюльпанаў

Як правіла, час для выкопвання цыбулін цюльпанаў з глебы выпадае на канец чэрвеня — пачатак ліпеня, калі дадзеныя расліны ўжо адцвілі, але іх надземныя парасткі яшчэ не паспелі «згубіцца». У паўночных раёнах гэты час ссоўваецца на сярэдзіну ліпеня — пачатак жніўня.

Выкопваць цыбуліны цюльпанаў трэба ў той момант, калі прыкладна дзве траціны іх лісця пажоўкне. Пры больш ранняй уборцы расліна не паспее сфарміраваць якасны пасадачны матэрыял, а больш позняя прывядзе да перасыхання і страты цыбуліны.

Пасля выкопвання цыбулін з глебы іх неабходна праверыць на наяўнасць цвілі, гнілі, фузарыёзу і іншых захворванняў.

Самыя небяспечныя хваробы цюльпанаў: як распазнаць і змагацца

Пашкоджаныя цыбуліны выкідваюць, здаровыя прасушваюць на працягу двух-трох дзён пад навесам, хаваючы іх ад пападання прамых сонечных прамянёў. Добра прасушаныя цыбуліны цюльпанаў дзеляць на групы ў залежнасці ад дыяметра, чысцяць ад лішніх каранёў ды лускі і не менш за паўгадзіны вытрымліваюць ў ружовым растворы марганцоўкі. Пасадачны матэрыял гатовы да захоўвання.

Для таго каб захаваць сорт цюльпанаў, садоўнікі раяць выкопваць цыбуліны штогод. Асабліва гэта датычыцца новых відаў — махровых, зялёнакветкавых, махрыстых, папугайных. А вось простыя раннія і простыя пазнейшыя цюльпаны і многія іншыя гібрыды не патрабуюць «абнаўлення» на працягу трох-шасці гадоў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.