Вы тут

Як правільна аднаўляцца пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі


Слабасць, задышка, скачкі пульсу і ціску, немагчымасць адчуваць пахі — гэтыя і іншыя сімптомы могуць непакоіць яшчэ нейкі час пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі. Як пасля яе правільна аднаўляцца? Ці патрэбна рэабілітацыя, калі вы перахварэлі ў лёгкай форме? Якія практыкаванні трэба выконваць для аднаўлення лёгкіх пасля цяжкага COVІD-19? Ці варта ехаць у санаторый і з якімі фізіяпрацэдурамі лепш пачакаць? Парады на гэты конт дала ўрач-тэрапеўт першай катэгорыі Юлія Кажэўнікава.


pixabay.com

Арганізму патрэбны час

Рэабілітацыя пасля COVІD-19 залежыць ад цяжкасці перанесенай інфекцыі. Аднак нават у выпадку лёгкай формы арганізму патрэбны час, каб аднавіцца.

Вельмі важна паляпшэнне мікрацыркуляцыі ва ўсіх тканках, кровазабеспячэння праз самыя дробныя сасуды — капіляры. Гэта жыццёва неабходна для лёгкіх, нырак і печані, так званых парэнхіматозных органаў. Выканаць рэабілітацыйную задачу можа кожны самастойна з дапамогай руху: мышцы дапамагаюць сэрцу прапампоўваць кроў праз капіляры ўсяго арганізма.

Рэкамендуюцца фізічныя практыкаванні: у першую чаргу дыхальныя, агульнаўмацавальныя, сілавыя (з гантэлямі і эспандэрамі), а таксама хада (у цёплы час года гэта могуць быць яшчэ бег трушком, язда на ровары). Пры гэтым нагрузку трэба павялічваць паступова, арыентуючыся на з'яўленне задышкі. Калі ўзнікае досыць моцная, пры гэтым цяжка размаўляць, то нагрузку неабходна знізіць, робячы больш паўз і менш практыкаванняў.

Зімой варта займацца ў памяшканні з закрытай форткай, папярэдне добра праветрыўшы на працягу паўгадзіны. Перад заняткамі заўсёды рабіце размінку, каб крыху разагрэцца, і толькі потым пераходзьце да больш энергічных практыкаванняў. Скончыўшы заняткі, паклапаціцеся аб паступовым астуджэнні арганізма.

А калі цяжкая форма?

Тут першачарговай задачай з'яўляецца аднаўленне функцыі дыхальнай і сардэчна-сасудзістай сістэм. Ранняя рэабілітацыя з мэтай прафілактыкі ўскладненняў у такіх выпадках пачынаецца ўжо ў стацыянары. Там абавязкова праводзіцца дыхальная гімнастыка, лячэнне становішчам — прон-пазіцыяй (лежачы на жываце не менш за 16 гадзін у суткі) і іншыя метады.

Калі пацыент не праходзіў навучанне дыхальнай гімнастыцы падчас лячэння пнеўманіі ў стацыянары, рэкамендуецца ў першую чаргу асвойваць дыяфрагмальнае дыханне. Яно праводзіцца наступным чынам.

Сядзьце ў зручнае становішча, каб спіна мела добрую апору. Затым пакладзіце адну руку на грудзі, а другую — на жывот. Калі гэта дапамагае вам расслабіцца, закрыйце вочы, калі не — пакіньце іх адкрытымі. Усю ўвагу накіруйце на дыханне: рабіце павольныя ўдыхі праз нос (або праз рот, калі вы не можаце дыхаць праз нос) і вельмі павольныя выдыхі праз рот.

  • У працэсе дыхання вы адчуеце, што рука на жываце падымаецца вышэй, чым рука на грудзях. Старайцеся дыхаць павольна, расслаблена, роўна і спакойна, прыкладаючы як мага менш намаганняў.
  • Калі няма задышкі, павялічвайце нагрузку: выдых рабіце, склаўшы вусны трубачкай, праз рот — вельмі павольна і спакойна. Сачыце пры гэтым, каб на ўдыху жывот надзімаўся мячыкам, а пры выдыху апускаўся.

Фізіятэрапеўтычныя працэдуры — пасля кансультацыі

Аднаўленне арганізма пасля любой пнеўманіі праходзіць ад месяца і больш. Рассмоктванне запаленчага інфільтрату (назапашаных у тканках клеткавых элементаў з прымессю крыві і лімфы) пасля пнеўманіі, выкліканай COVІD-19, ідзе даўжэй, таму што арганізму неабходна аднавіць мікрацыркуляторнае рэчышча. Таму такія працэдуры, як галатэрапія (удыханне сухога аэразоля паваранай солі ў «салянай пячоры»), кіслародатэрапія ў баракамеры, азонатэрапія, могуць праводзіцца не раней, чым праз два-тры месяцы пасля выздараўлення. Перад гэтым важна пракансультавацца аб іх неабходнасці з урачом.

Што яшчэ важна?

Абавязкова піць дастатковую колькасць цёплай вады і ўзбагачаць рацыён свежай садавіной і гароднінай.

Ці ёсць сэнс ехаць у санаторый?

Тут патрэбна кансультацыя з вашым урачом. Пры адсутнасці супрацьпаказанняў ён можа накіраваць на санаторны этап рэабілітацыі, дзе больш шырока выкарыстоўваюцца лячэбная фізкультура, масаж, дыета- і фітатэрапія, а таксама пры неабходнасці медыкаментозныя сродкі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Аднаўленне неабходна ў любым выпадку!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.