Вы тут

Апошняя падлодка Варшавы. Навошта мілітарызуецца Польшча?


Днямі на захадзе Польшчы прайшлі міжнародныя вучэнні Resolute Castle-21. У іх узялі ўдзел амерыканскія і польскія вайскоўцы. Пра гэта ў эфіры Polskіe Radіo паведаміў міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак. «Гэта яшчэ адны міжнародныя вайсковыя вучэнні, праведзеныя ў Польшчы Злучанымі Штатамі Амерыкі. Іх мэтай выступае пашырэнне базы падрыхтоўкі і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ваеннага навучальнага цэнтра ў Жагані і вучэбнага цэнтра сухапутных войскаў у Драўскі, што ў Заходне-Паморскім ваяводстве», — заявіў міністр. Па словах Блашчака, з польскага боку ўдзел у вучэннях узялі падраздзяленні інжынерных войскаў. Варшава ўпарта пазіцыянуе сябе ў якасці аднаго з ключавых еўрапейскіх вайсковых партнёраў Вашынгтона, выкарыстоўваючы адпаведны геапалітычны складнік. Пры гэтым суседняя краіна актыўна ўзбройваецца і нарошчвае адпаведную інфраструктуру. Навошта мілітарызуецца Польшча?


All іnclusіve для саюзнікаў

У апошнія гады супрацоўніцтва Польшчы і ЗША ў ваеннай сферы заўважна актывізавалася. Летась у сярэдзіне жніўня Вашынгтон і Варшава падпісалі пагадненне аб узмацненні амерыканскага кантынгенту ў Польшчы. Па словах прэзідэнта гэтай краіны Анджэя Дуды, у выпадку небяспекі палякі і амерыканцы ўстануць плячо ў плячо супраць агульнага ворага. Са зразумелых прычын Дуда не згадаў, што перакідка амерыканскіх войскаў — зусім не дабрачынная акцыя, а на іх утрыманне з бюджэту Польшчы прыйдзецца вылучыць мільярды долараў. Пра гэта сказана ў дадатковым пагадненні да асноўнага дагавора, які ўдакладняе абавязацельствы бакоў, адзначыла rіa.ru.

Так, польскія журналісты высветлілі, што амерыканцам выдзеляць аб'екты ў дваццаці населеных пунктах: Пентагон вырашыў не абмяжоўвацца некалькімі буйнымі базамі, а раўнамерна разгрупаваць жывую сілу па ўсёй краіне. Адказнасць за максімальна камфортнае размяшчэнне салдат усклалі, натуральна, на прымаючы бок — палякі павінны абсталяваць месцы дыслакацыі, пабудаваць або адрамантаваць жыллё.

Больш за тое, Варшава паслужліва бярэ на сябе выдаткі на ацяпленне, электрычнасць, водазабеспячэнне, вываз смецця і ахову аб'ектаў, гатовая плаціць за харчаванне амерыканцаў і нават за клінінгавыя паслугі. Да ўсяго іншага, ваенныя з ЗША атрымаюць ільготы: змогуць бясплатна выкарыстоўваць чыгунку і аэрадромы, ім не трэба будзе ўносіць навігацыйныя зборы, аплачваць абслугоўванне авіятэхнікі і стаянку самалётаў.

Нягледзячы на і без таго курортныя ўмовы, Пентагон пакінуў за сабой права пашырыць спіс патрабаванняў, а Польшча, паводле дагавора, павінна ўсё беспярэчна ўхваліць і аплаціць. У прыватнасці, прадугледжваюцца «тэрміновыя аператыўныя патрэбы ўзброеных сіл ЗША», заўважае rіa.ru. Напрыклад, падчас вучэнняў амерыканцы могуць бясплатна карыстацца муніцыпальнай і нават прыватнай уласнасцю палякаў.

«Райдар» амерыканцаў

Ваенны эксперт аналітычнага клуба «Валдай» Арцём Курэеў растлумачыў РІА «Навіны», што такое абыходжанне з саюзнікамі — норма для амерыканцаў. «Яшчэ некалькі гадоў назад яны вялі актыўную інфармацыйную работу ў краінах «трэцяга свету», паясняючы, якія эканамічныя перавагі дае амерыканская ваенная база, — заўважыў эксперт. — Маляўнічыя буклеты і прэзентацыі распісвалі, як папоўніцца дзяржбюджэт, колькі рабочых месцаў будзе створана. Але ўсё змянілася з прыходам Трампа. Ён як сапраўдны бізнесмен прапанаваў канцэпцыю «экспарту бяспекі». Сэнс у тым, што плаціць за ўсё павінны саюзнікі».

Паводле даных спецыяліста па Польшчы Станіслава Стрэмідлоўскага, на інфраструктуру, харчаванне амерыканцаў, жыллё, склады зброі выдзяляецца каля паўмільярда злотых (каля 130 мільёнаў долараў) у год. Пры гэтым эксперт упэўнены, што ў дагаворы паміж ЗША і Польшчай маюцца пакуль не апублікаваныя пункты, якія вызначаюць дадатковыя абавязацельствы бакоў.

«Чыноўнікі сцвярджаюць, што палякі заробяць значна больш, — заўважыў rіa.ru Станіслаў Стрэмідлоўскі. — У доказ прыводзяць звесткі аб размяшчэнні амерыканскіх вайскоўцаў у Вялікабрытаніі і Іспаніі. Так, Лондан атрымлівае 1,3 мільярда долараў у год, а Мадрыд — шэсцьсот мільёнаў. Але ў гэтых краінах амерыканскія базы пастаянныя, а ў Польшчы — часовыя. Таму цалкам магчыма, што ўлады не абвяшчаюць усіх выдаткаў, якія панясе краіна, улічваючы розніцу паміж пастаянным і ратацыйным размяшчэннем».

Арцём Курэеў, у сваю чаргу, згадаў вядомую фразу, якую прыпісваюць Напалеону: «Народ, які не хоча карміць сваё войска, будзе карміць чужое». «Так урэшце і здарылася ва Усходняй Еўропе, — упэўнены эксперт. — Краіны Балтыі, якія не маюць ВПС, укладваюцца ў падтрыманне інфраструктуры ваенна-паветраных баз з місіямі іх саюзнікаў. І не ЗША плаціць Польшчы, а наадварот, Варшава бярэ на сябе выдаткі, звязаныя з перакідкай кантынгенту ЗША. Пентагон толькі пералічвае ваенным зарплату».

Удар па рэпутацыі

Зрэшты, аднымі толькі выдаткамі на ўтрыманне амерыканскіх салдат Польшчы не абысціся: ужо заключаны мільярдныя кантракты на закупку комплексаў супрацьпаветранай абароны «Пэтрыёт» і знішчальнікаў пятага пакалення F-35. Гэтыя сістэмы, заўважаюць эксперты, не настолькі неабходныя для польскага войска, каб выдаткоўваць на іх каласальныя сродкі.

У дадзенай сферы хапае праблем. Напрыклад, польскія СМІ апублікавалі сумную ваенную навіну. Аказваецца, адзіная ў арміі Польшчы падводная лодка Orzel цалкам непрыдатная да нясення баявой службы. З-за доўгага прастою ў тарпедны апарат ужо немагчыма загрузіць усе шэсць тарпед. Паводле звестак партала trojmіasto.pl, камандаванне ваенна-марскога порта ў Гдыні аб'явіла тэндар на рамонт субмарыны. Гаворка ідзе пра каліброўку тарпедных апаратаў. Партал удакладняе, што ў неафіцыйных гутарках афіцэры ВМС Польшчы «даюць зразумець, што эскадрылля падводных лодак ужо існуе толькі на словах». Раней польскія СМІ паведамлялі, што дзве падводныя лодкі — Bіelіk і Sep — падрыхтаваныя да здачы на злом. На гэтых суднах былі зняты дзяржаўныя сцягі. Такім чынам, Orzel з'яўляецца апошняй польскай субмарынай.

Тое ж і з танкамі. У Міністэрстве абароны Польшчы выбухнуў скандал, звязаны з мадэрнізацыяй нямецкіх Leopard, паведаміў eadaіly.com. Патрыманая тэхніка была дастаўлена ў краіну на падставе міжнародных міжурадавых пагадненняў. Мадэрнізацыяй заняўся вядомы ў Польшчы завод Bumar-Labedy, які ўваходзіць у канцэрн Polіsh Armaments Group. Аднак, як высветліў прафсаюз прадпрыемства, заводскае кіраўніцтва замовіла пераклад тэхнічнай дакументацыі на мадэрнізацыю танкаў Leopard іншай арганізацыі. Абурыла і сума ганарару за пераклад — 10 мільёнаў злотых (2,68 мільёна долараў).

Генерал Міраслаў Ружаньскі, які служыў у 2015-2016 гадах начальнікам Генштаба Мінабароны Польшчы, ахарактарызаваў пікантную сітуацыю як удар па іміджы краіны ў маштабах НАТА. «Калі мы кіруем тэхнічнай дакументацыяй такім чынам, мы ставім пад пагрозу прэстыж і рэпутацыю Польшчы ў адносінах да Германіі. Працэдуры, звязаныя з абаронай сакрэтнай інфармацыі, не выконваліся. Невядома, хто насамрэч перакладаў гэтую дакументацыю», — заявіў Ружаньскі парталу fakt.pl. У гэтай сувязі генерал нагадаў, што танкі Leopard 2PL маюць стратэгічнае значэнне для Польшчы.

Вучэнні нон-стоп

«Сёння для ЗША ўсходні фланг альянсу — гэта не больш чым палігон», заўважыў польскі журналіст Марэк Свярчыньскі ў сваім артыкуле для выдання Polіtyka. Амерыканская ваенная інфраструктура ў Польшчы ўключае цэнтр камандавання дывізіённага ўзроўню, падраздзяленне ВМФ, структуры ВПС, аператыўна-тактычную групу армейскай авіяцыі. Пры гэтым ваенная прысутнасць Штатаў мэтанакіравана пашыраецца.

У канцы красавіка ў Польшчу прыбыло некалькі дзясяткаў знішчальнікаў F-15 і F-16 Еўрапейскага камандавання ўзброеных сіл ЗША. «Яны адпрацоўваюць аперацыю па хуткай перакідцы ваенна-паветраных сіл у Еўропе з выкарыстаннем польскіх аэрадромаў», — паведаміў у сваім Twіtter міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак. Прэс-сакратар Пентагона Джон Кірбі паспяшаўся запэўніць, што амерыканскія самалёты перакінулі на тэрыторыю ўсходнееўрапейскай краіны з-за ваенных вучэнняў. «Мы праводзім планавую аперацыю, гэтым займаемся пастаянна», — паведаміў Кірбі на спецыяльнай прэс-канферэнцыі.

Аднак эксперты думаюць інакш. «Злучаныя Штаты працягваюць мэтанакіраваную дзейнасць, якая садзейнічае пагаршэнню стратэгічнай стабільнасці і бяспекі ў Еўропе», — раней заўважыў начальнік Аб'яднанага штаба АДКБ Анатолій Сідараў, паведаміла БелТА. «Непасрэдным вынікам ігнаравання Вашынгтонам дамоўленасцяў у галіне кантролю над узбраеннямі з'яўляецца планамернае разгортванне еўрапейскага сегмента сістэмы проціракетнай абароны (ПРА) ва Усходняй Еўропе. Нароўні з амерыканскай базай ПРА ў Румыніі (Дэвеселу), якая функцыянуе, у 2022 годзе павінен быць уведзены ў строй аналагічны аб'ект на польскай тэрыторыі (Рэдзікава)», — паведаміў Анатолій Сідараў.

Начальнік Аб'яднанага штаба АДКБ падкрэсліў, што асноўныя мерапрыемствы па разгортванні інфраструктуры базы ПРА ў Польшчы ўжо завершаны, а канструкцыйныя асаблівасці размешчаных на ўказаных аб'ектах пускавых установак будуць забяспечваць магчымасць прымянення ўдарнага ўзбраення, у прыватнасці, крылатых ракет «Тамагаўк» з далёкасцю пуску звыш дзвюх тысяч кіламетраў. Гатоўнасць новай інфраструктуры амерыканскай ваеннай базы складае каля 70 %. Адметным падаецца тое, што тэмпы яе будаўніцтва значна актывізаваліся летась у жніўні.

Напярэдадні ў эфіры СТБ першы намеснік начальніка Генштаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Ігар Кароль расказаў, што за апошнія чатыры гады ваенная інфраструктура НАТА на сумежнай тэрыторыі значна ўдасканалілася. «Цяпер на тэрыторыі Польшчы завершана мадэрнізацыя пяці аэрадромаў, яшчэ на шасці аэрадромах Польшчы і краін Балтыі працягваецца мадэрнізацыя. Прычым цяпер гэтыя аэрадромы могуць прымаць любыя тыпы самалётаў. Яны здольныя размясціць, прыняць у сябе да 200 самалётаў замежных дзяржаў. Гэтак жа ўдасканальваюцца парты, ваенна-марскія базы на тэрыторыі Польшчы, Прыбалтыкі — у нашых бліжэйшых суседзяў. Перш за ўсё гэта робіцца з мэтай стварэння спецыялізаванай інфраструктуры, якая дазволіла б перакінуць з кантынентальнай часткі ЗША войскі на тэрыторыю Еўропы і разгарнуць групоўкі», — паведаміў Ігар Кароль.

Вучэнні замежных войскаў каля граніц Беларусі з краінамі ЕС ідуць «літаральна круглыя суткі», заявіў намеснік дзяржсакратара Савета Бяспекі Беларусі Уладзімір Арчакоў тэлеканалу «Беларусь 1». «Вось уявіце: за 2020 год толькі ў Польшчы, Літве і Латвіі адбылося больш за 70 ваенных вучэнняў. Сёлета ўжо прайшлі і вядома яшчэ аб 30 вучэннях», — заявіў намеснік дзяржсакратара.

Даслоўна

«Што далей? Трэцяя сусветная вайна?»

Пад прыкрыццём прынцыпу ратацыі на сумежнай з нашай краінай тэрыторыі нарошчваецца групоўка войскаў НАТА, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на VІ Усебеларускім народным сходзе. У выніку ўзровень замежнай вайсковай прысутнасці ў рэгіёне сёння наогул не кантралюецца. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што пастаянныя трэніроўкі войскаў НАТА скарачаюць тэрмін іх гатоўнасці да баявога прымянення, і што вывад войскаў ЗША з Еўропы таксама прыпынены. «Што далей, новая гонка ўзбраенняў? Адназначна. Трэцяя сусветная вайна?» — задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка. Беларусь пастаянна ўмацоўвае абараназдольнасць з-за «абвастрэння ваенна-палітычнага становішча ва Усходнім рэгіёне, канкрэтна — каля нашых граніц».

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На ад­ным ды­хан­ні. Па­гля­дзе­лі, што ад­бы­ва­ец­ца ў пуль­ма­на­ла­гіч­ным ад­дзя­лен­ні, дзе ле­чаць хво­рых на COVІD-19

На ад­ным ды­хан­ні. Па­гля­дзе­лі, што ад­бы­ва­ец­ца ў пуль­ма­на­ла­гіч­ным ад­дзя­лен­ні, дзе ле­чаць хво­рых на COVІD-19

Пя­тая клі­ніч­ная баль­ні­ца за­ста­ец­ца ад­ной з ме­ду­ста­ноў Мін­ска, ку­ды шпі­та­лі­зу­юць хво­рых на COVІD-19.

Грамадства

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Ежа па-іншаму: што б такога з'есці, калі сам не ведаеш, чаго хочаш?

Чым можна падсілкавацца, і навошта гэта ядуць.

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.