Вы тут

Сваяцтва дзяцей з памерлым бацькам змаглі пацвердзіць у Гродне з дапамогай судовай экспертызы


Вырашыць складаную жыццёвую гісторыю, якая адбылася паміж гродзенцамі, дапамаглі ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. У ходзе разгляду грамадзянскай справы ў судзе было вырашана правесці рэдкі ДНК-аналіз.


Справа кранулася мясцовай пары, якая не стала афіцыйна афармляць свае адносіны, а аддала перавагу сумеснаму жыццю без юрыдычных абавязкаў. Праз некаторы час у мужчыны і жанчыны нарадзіўся хлопчык. У пасведчанні аб нараджэнні звесткі пра бацьку запісаны са слоў маці. Калі жанчына зноў зацяжарыла, яе сужыцель памёр.

Удаве неабходна было атрымаць права на прызначэнне пенсіі па страце карміцеля, таму нарадзіўшы дачку, яна вырашыла ўсталяваць факт бацькоўства памерлага ў дачыненні да сваіх дзяцей. Для гэтага мясцовая жыхарка звярнулася ў суд Кастрычніцкага раёна г. Гродна.

Суд вырашыў прызначыць судовую генетычную экспертызу ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці.

— Сітуацыя не зусім стандартная, паколькі гаворка ішла пра памерлага чалавека. Задачу судовага эксперта ўскладняла тое, што яго ўзораў у архіве не было. Першапачаткова судовыя эксперты ўсталёўвалі біялагічнае бацькоўства памерлага мужчыны ў адносінах да яго меркаванага сына. У ходзе правядзення даследавання, эксперты высвятлялі сваяцтва паміж хлопчыкам і адным з бліжэйшых сваякоў па мужчынскай лініі, — распавядае начальнік упраўлення лабараторных даследаванняў рэчыўных доказаў біялагічнага характару УДКСЭ па Гродзенскай вобласці Сяргей Арановіч. — Атрымалі станоўчы вынік.

Усталяваць факт бацькоўства таксама трэба было ў дачыненні да магчымай дачкі, таму была прызначаная другая судовая экспертыза. У такім выпадку пацвярджалася сваяцтва паміж дзецьмі.

У выніку судом Кастрычніцкага раёна Гродна сужыцель заяўніцы быў прызнаны біялагічным бацькам яе дзяцей на падставе заключэння судовых экспертаў упраўлення ГКСЭ па Гродзенскай вобласці.

Да ведама

Сяргей Арановіч заўважыў, што кожны год судовымі экспертамі ўпраўлення ДКСЭ па Гродзенскай вобласці праводзіцца ў сярэднім 160 экспертыз па ўстанаўленні сваяцтва. Прыкладна 60 працэнтаў з іх — па судовых справах, у астатніх выпадках людзі самастойна звяртаюцца для правядзення ДНК-тэсту. Прычыны розныя. Напрыклад, мужчыны хочуць даведацца, свайго дзіцёнка яны выхоўваюць ці не. Жанчыны часцей за ўсё звяртаюцца за экспертызай, калі трэба спагнаць аліменты з бацькі, які сумняваецца ў сваім бацькоўстве. Бывае, што звяртаюцца свякрухі, спрабуючы высветліць, ці «не нагуляла» нявестка малога ад іншага мужчыны.

У такім выпадку генетычная экспертыза — гэта адзіны спосаб дамагчыся ісціны. Па заяве грамадзян ДНК-даследаванне на бацькоўства або мацярынства праводзіцца ананімна.

Аліса Скіба

Фота pixabay.com

Фота маюць ілюстрацыйны характар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.