Вы тут

Пра казанскага стралка і ўсіх нас


Апошнімі днямі і ад сваіх пастаянных чытачоў, і ад калег-знаёмых чую: «Калі выкажашся пра казанскага стралка?». А што можна сказаць, якія знайсці словыпра гора-бацькоў, родных, пра стрэс, які атрымалі ўсе, хто быў у школе ў той дзень? Не ведаю… Ды і хто можа ведаць пра тое, што ніяк не ўкладваецца ў галаву і не ўспрымаецца свядомасцю!


Для многіх людзей у Казані жыццё скончылася 11 мая: калі не фізічна, то згаслі назаўсёды яго яркія краскі. Сёння і на прыпынках можна пачуць разважанні зусім незнаёмых паміж сабой людзей пра тое, як гэта: проста зайсці ў школу, проста забіць дзевяцярых чалавек, пакалечыць і параніць больш за дваццаць, пры гэтым маючы намер расправіцца з сотнямі. Вядома, гэта дзеянні глыбока хворага чалавека. Высветлілася: юнаку быў пастаўлены дыягназ «атрафія галаўнога мозгу». Можна, вядома, ставіць пытанні, як з такім псіхічным станам чалавеку далі дазвол на пакупку зброі. Можна вінаваціць бацькоў, якія, заўважыўшы змены ў паводзінах сына, пераехалі ў другую кватэру і нічога не зрабілі, каб папярэдзіць. Можна шукаць сляды ўздзеяння на яго хворую псіхіку ў сеціве — вылучаецца і такая версія, па-мойму, яе правярае следства...

Але мяне ведаеце, што найбольш уразіла ў сувязі са згаданай трагедыяй? Здаецца, на нейкім з тэлеканалаў прамільгнула інфармацыя аб тым, што на некаторых інтэрнэт-суполках пайшлі водгукі з захапленнем у адрас стралка. Яго называюць героем не адзін-два такія ж, магчыма, хворыя на галаву, а дзясяткі, а то і больш карыстальнікаў. Некаторыя ж наогул пагражаюць альбо заклікаюць паўтарыць «подзвіг». Асобныя, хочацца думаць, з-за недахопу розуму проста дазваляюць сабе вось такі недарэчны сцёб, а іншыя выказваюцца шчыра. Апошняе сапраўды страшна. Гэта ж колькі па вуліцах ходзіць прыхільнікаў гвалту!

Яны ёсць і былі ў грамадстве заўсёды. Гісторыя захоўвае сведчанні сярэдневяковых катаванняў, здзекаў, якія вяршылі таксама людзі, правільней сказаць, істоты ў чалавечым абліччы. І пазней, і далей такіх выпадкаў у любую эпоху ў любой краіне было колькі хочаш. Не так даўно давялося чытаць пра жаночы ўзвод ахоўнікаў аднаго з канцлагераў перыяду Другой сусветнай вайны. Прыгожыя па выглядзе дзяўчыны кожны вечар вярталіся ў сем'і з работы, вялі звычайны па тым часе лад жыцця, асобныя нават мелі дзяцей. А на сваёй службе тварылі такое, пра што не хочацца нават лішні раз згадваць. На жаль, ёсць нямала людзей, унутры якіх хаваецца садыст, што пры пэўных абставінах праяўляецца, вырываецца вонкі. Асабліва прыкра, калі гэта здараецца з жанчынай. Па-добраму, дык кожны падобны выпадак — нагода звароту да псіхіятра, але ж большасць такіх людзей жыве са сваім монстрам унутры і ўмела яго маскіруе для навакольных. Нездарма ж шакіруюць гісторыі ахвяр хатняга гвалту. Гэта тыя самыя монстры, не знаходзячы знешняга выхаду сваёй садысцкай сутнасці, стараюцца абрынуць яе на блізкіх. У іншых выпадках яны здзяйсняюць злачынствы ў дачыненні да іншых людзей, часта выпадковых.

Каты, гвалтаўнікі ёсць у любым грамадстве. Калі ад падобных дзеянняў чалавек атрымлівае асалоду альбо знаходзіць апраўданні сваім дзеянням, гэта і ёсць знакі бяды. Тым больш у сучасную эпоху, дзе дапамогай такім асобам нярэдка служаць сацыяльныя сеткі і створаныя там супольнасці, а градус сацыяльнай напружанасці ва ўсім свеце не паніжаецца, а, хутчэй, наадварот. Такім чынам, усе мы ў пэўным сэнсе пад прыцэлам у казанскага стралка...

Што ж гэтаму супрацьпаставіць? Людскасць сваю, чалавецкасць, вучыць дзяцей дабрыні і спагадзе. Нездарма мудрацы пачынаючы з антычных часоў гаварылі аб абсалютнай каштоўнасці чалавечага жыцця. Ведаю, як цяжка ўнушыць падобныя каштоўнасці, закласці іх да ўзроўню падсвядомасці, але трэба. У нас няма іншага выйсця. Спачатку навучыць дзіця спагадзе да кацяняці, да жучка, да равесніка на дзіцячай пляцоўцы, а потым яно спасцігне чалавечую сутнасць далей. Бо гвалт, жорсткасць разыходзяцца хутка, нібы кругі па вадзе, і спараджаюць новыя хвалі. Зло хутка пускае карані і разрастаецца на прыдатнай глебе. А дабрыня ўзрастае павольна, яе трэба сілкаваць дабрынёю, добрымі словамі і найбольш дзеяннямі, асабістым прыкладам, праўдай. І кожны такі парастак павінен браць пачатак у сям'і, каб потым праявіцца ў калектыве, у любым асяродку. Падтрымліваць, шкадаваць, любіць адно аднаго асабліва важна, каб гвалт нідзе і ніколі не святкаваў перамогу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Ураджайны» тэст

«Ураджайны» тэст

Надыходзіць жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час. І наш чарговы тэст менавіта пра ўраджай і ўсё, што з ім звязана.

Грамадства

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Лета выходзіць на фінішную прамую! Чаго чакаць ад надвор'я ў жніўні? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

У жніўні цяпла будзе ўдосталь, але без дажджу і маланкі не абыдзецца.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні будзе карыснае ўменне аналізаваць сітуацыю і паводзіны людзей і рабіць правільныя высновы. Паспрабуйце быць гранічна сумленнымі з самімі сабой, зніміце ружовыя акуляры. Цяпер пажадана не эпаціраваць навакольных экстравагантнасцю і рэзкімі развагамі. 

Грамадства

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

Адзін дзень у Вязынцы: вандруем разам са «Звяздой» па Беларусі

У летні час так хочацца на мора, ці, хоць бы ў падарожжа...