Ці можна лічыць сябе вернікам, не наведваючы храм? Аб гэтым мы спыталі настаяцеля прыхода храма Свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага ў Мінску, святара Аляксандра (Пальчэўскага).
— Навошта чалавеку хадзіць у царкву, калі ён лічыць, што «Бог у яго ў душы»?
— З хрысціянскага пункту гледжання, сэнс жыцця хрысціяніна — у абожанні. Ёсць такі тэрмін у багаслоўі, ён азначае далучэнне чалавечай прыроды да Бога. Сын Божы стаў Чалавекам, каб чалавек мог стаць сынам Божым, далучыўшыся да Боскай благадаці. У гэтым сэнс жыцця чалавека з хрысціянскага пункту гледжання. Але без Бога гэта зрабіць немагчыма. Калі чалавек кажа: «Я веру ў душы і сам вырашаю, якім чынам мне выбудоўваць адносіны з Богам і хто такі Бог», тут вельмі лёгка ўпасці ў ілюзію, у зман.
Сёння нярэдка людзі кажуць, што вераць у Бога, але пры гэтым па нейкіх прычынах адарваны ад царкоўнага жыцця: не наведваюць храм, ніколі не адкрываюць Евангелле, не знаёмы з вучэннем Царквы. Між тым разуменне Бога, веры, духоўнасці і прынцыпаў духоўнага жыцця не было створана людзьмі. У багаслоўі ёсць паняцце «Бажэственнае адкравенне» — гэта тое, што Бог адкрыў людзям пра сябе. Частка гэтага адкравення змяшчаецца ў Святым Пісанні. Гэта першая і галоўная крыніца ведаў аб веры. Не маючы гэтай крыніцы, чалавек не можа скласці правільнага ўяўлення пра хрысціянства.
— Тут успамінаецца прытча пра фарысея і мытара, якую вы расказвалі чытачам у нашай рубрыцы. Адзін шанаваў знешні бок богаслужэння, іншы ж сапраўды верыў, але ў храме бываў нячаста. Сутнасць прытчы ў тым, што рацыю меў другі...
— У праваслаўі, як і ў любой рэлігіі, могуць мець месца крайнасці. З аднаго боку, няправільна, калі вера зводзіцца толькі да абрадаў, толькі да вонкавага. Гэта памылка. Абрады — толькі знешні выраз унутранага зместу веры. І калі ў іх для чалавека няма зместу, яны губляюць сэнс. Менавіта таму ў царкве заўсёды праводзяцца гутаркі з прыхаджанамі перад таінствамі вянчання, хрышчэння і г. д. Але няправільна ўпадаць і ў іншую крайнасць — поўная адмова ад абрадаў пад дэвізам «Бог у мяне ў душы і мне не патрэбны пасрэднікі для зносін з ім». У маёй практыцы быў прыклад, калі сям'я запрасіла мяне для асвячэння іх новай кватэры. У размове высветлілася, што ў царкву гэтая сям'я не ходзіць. «Аддаю перавагу звароту да Бога наўпрост», — сказаў гаспадар дома. Але навошта ж тады ён запрасіў святара для асвячэння свайго жылля? Ці не прасцей было набраць вады з-пад крана і звярнуцца да Госпада «наўпрост»: «Асвяці мой дом». Ці не прасцей было хрысціць сваіх дзяцей дома, без удзелу святара, самастойна?.. Пагадзіцеся, гэта значна зручней: ісці нікуды не трэба... У такой логіцы ёсць нейкая супярэчнасць. Абрады і таінствы царквы — гэта самы просты, прамы і непасрэдны шлях чалавека да Бога, які паказаў чалавеку сам Бог. Указанне на здзяйсненне таінстваў можна знайсці ў Святым Пісанні. Не царква як арганізацыя, як супольнасць людзей прыдумала абрады — яны маюць Боскае ўсталяванне. Напрыклад, таінства прычасця ўзыходзіць да Тайнай вячэры, якую правёў Гасподзь незадоўга да сваёй смерці на крыжы. Евангелісты запісалі Яго словы: «Гэта тварыце ў Мой успамін» (Евангелле ад Лукі, 22: 19). Таінствы і абрады былі дадзены вучням Хрыста, і ў далейшым іх сталі здзяйсняць епіскапы і святары як пераемнікі апосталаў. І калі мы хочам далучыцца да Бога, трэба ісці ў храм і выкарыстоўваць тыя сродкі для зносін з ім, якія былі дадзены людзям Ім самім. Калі чалавек кажа: «Я веру ў Бога, але для мяне няма неабходнасці ісці ў храм», тут узнікае супярэчнасць. Калі я веру ў Бога, значыць, я веру Богу і таму, да чаго ён заклікае. Калі я хрысціянін, чаму я не іду за Хрыстом, не прыслухоўваюся да яго, не звяртаю ўвагу на тое, пра што Ён гаворыць?
— Але хіба чалавек не можа звяртацца да Бога ў любы час і ў любым месцы?
— Сапраўды, звяртацца да Бога чалавек можа ў любы час у любым месцы з малітвай, Гасподзь прыме яе. Але храм — месца асаблівай прысутнасці Божай. Гэта дом Божы. Пагадзіцеся, знаходзячыся ў кінатэатры, на вуліцы, у краме, дома, мы адчуваем адны пачуцці, і зусім іншыя — у храме. Можна казаць аб адмысловым псіхалагічным стане, які ўзнікае ў царкве. Але справа не толькі ў гэтым. У кожным храме ў алтары ёсць Святыя Дары (Цела і Кроў Хрыста), у храме знаходзяцца абразы і святыні, тут праходзяць таінствы і богаслужэнні, і менавіта тут чалавек можа адчуць асаблівыя праявы Божай благадаці. Калі мы пазнаёмімся з жыццём хрысціян з першых стагоддзяў хрысціянства і да нашых дзён, то даведаемся, што заўсёды цэнтрам хрысціянскага жыцця было богаслужэнне, агульная, сумесная малітва. Гасподзь кажа: «Бо, дзе двое ці трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх» (Евангелле ад Матфея, 18: 20).
— Ці можна сказаць, што пасля 70 гадоў атэізму ў грамадстве шмат у чым страчана традыцыя наведвання храма?
— На жаль, гэта так. Вельмі часта сучасныя людзі ўспрымаюць царкву як «бюро паслуг». У мяне ёсць запыт, я прыходжу ў храм і агучваю яго. Просты прыклад: чалавек падае запіску з імем блізкага, каб за яго памаліліся. Пакінуў запіску і пайшоў: няхай моліцца святар. Але правільным будзе лічыць гэтую запіску з імем блізкага просьбай да святара і іншых вернікаў далучыцца да нашай шчырай малітвы аб дарагім нам чалавеку, да нашай духоўнай працы. Просьбай папрацаваць разам з намі, а не замест нас.
Часта людзі наракаюць, што Бог не выконвае іх просьбаў, — напрыклад, аб вылячэнні. Але калі мы звернемся да Евангелля, то ўбачым: калі да Ісуса прыходзілі людзі з просьбай атрымаць вылячэнне ад хвароб, Гасподзь заўсёды клапаціўся не проста пазбавіць ад фізічнай хваробы, але і змяніць духоўны стан чалавека. Ты выздаравеў, а жыццё тваё засталося ранейшым, ты здзяйсняеш тыя ж грахі — і, на жаль, вельмі хутка зноў страціш здароўе і вернешся да зыходнага стану. Здзяйсняючы вылячэнне, Гасподзь часта задаваў пытанне: ці верыш ты? Без веры і духоўнай працы таго, хто просіць вылячэння, цуду можа не адбыцца. Чалавек, з якім адбыўся цуд, — напрыклад, вылячэнне ад цяжкай хваробы, — таксама ўдзельнік гэтага цуду, яго «суаўтар». Гасподзь кажа: «Вось, стаю каля дзвярэй і стукаюся: калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, і ён са Мною» (Адкравенне Іаана, 3: 20). Рух Бога да чалавека ніколі не спыняецца, але ад чалавека патрабуецца крок у адказ. А калі чалавек кажа: «Бог у мяне ў душы», узнікае пытанне: што ты зрабіў, каб Ён быў у цябе ў душы?
— А што трэба зрабіць для гэтага?
— Перш за ўсё — жыць паводле запаведзяў, найважнейшыя з якіх — любоў да Бога (якая ўключае ў сябе і наведванне яго дома) і любоў да блізкіх. Гэта складана, але без іх здабыць Бога ў душы немагчыма.
Большасць сучасных праваслаўных хрысціян наведваюць царкву толькі на вялікія святы — на Вялікдзень, Каляды, Вадохрышча. Знешняя форма хрысціянства значна больш прывабная для нязвыклага да працы над сабой сучаснага чалавека, чым змест. Знешняя форма простая і не патрабуе намаганняў. Працаваць над сабой, змяняцца — вельмі складана. Нашмат лягчэй нават папасціць, устрымацца ад нейкай ежы, чым змагацца з зайздрасцю, асуджэннем, раздражненнем, крыўдамі. Але для царквы першараднай з'яўляецца духоўная праца. Гасподзь кажа: «Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё дадасца вам» (Евангелле ад Матфея, 6:33). Не новую кватэру, не добрага мужа, не каб сын уладкаваўся на высокааплатную работу. Перш за ўсё варта шукаць яднання з Богам праз самаўдасканаленне, і тады ўсё прыкладзецца. А ў нас часта атрымліваецца наадварот: абыходзячы духоўную працу, спрабуем выпрасіць у Бога матэрыяльныя даброты. На гэтай глебе здараюцца расчараванні: чалавек шукае не духоўнага, а матэрыяльнага і потым усклікае: «Ну і дзе ж ваш Бог?!». Царква кажа крыху пра іншае.
— Як сучаснаму чалавеку знайсці ў сваёй душы веру?
— Для гэтага неабходна рабіць канкрэтныя крокі. Гэтага можна дасягнуць праз удзел у богаслужэнні — не проста паставіць свечку і ўцячы, а прыйсці на службу, уважліва паслухаць словы, якія вымаўляюцца, паспрабаваць знайсці ў іх сэнс і змест. Пазнаёміцца з Бібліяй, вучэннем Царквы. І пачаць увасабляць у жыццё запаведзі Божыя. Так паступова чалавек адкрывае для сябе Бога.
— Як выхоўваць дзяцей у хрысціянскай веры?
— Толькі асабістым прыкладам. Назіраў такую гісторыю: бацькі час ад часу адпраўляюць сваіх дзяцей у храм, а самі застаюцца дома. Яны спрабуюць выхаваць дзяцей хрысціянамі, але самі прыклад не падаюць. Дзяцей не трэба прымушаць. Душа чалавека па прыродзе хрысціянка, бо ў кожным чалавеку ад нараджэння ёсць голас сумлення, унутраны духоўны закон. З дзецьмі хрысціянскае выхаванне трэба пачынаць з размовы аб універсальных каштоўнасцях, якія ёсць і акрамя хрысціянства: што трэба паважаць старэйшых, любіць і падтрымліваць сваіх сяброў, што дрэнна быць хцівым і г. д. І так, па прыступках, мы прыходзім да больш высокіх хрысціянскіх паняццяў.
— Як часта трэба хадзіць у храм?
— Адказ на гэтае пытанне мы знойдзем, калі задумаемся пра тое, наколькі важны для нас Гасподзь, якое месца Ён займае ў нашым жыцці. Яго запаведзі мы павінны выконваць не толькі ў святы, але і кожны дзень. Хрысціянства — гэта тое, з чым хрысціянін прачынаецца раніцай, праводзіць увесь дзень і кладзецца спаць. Немагчыма быць хрысціянінам па выхадных. Інакш узнікае раскол свядомасці, свайго роду «шызафрэнія», якую мы бачым у сучасным грамадстве, калі вернік чалавек можа нічым не адрознівацца ад няверніка. Вера — гэта тое, як чалавек бачыць сябе, Бога і навакольных людзей кожны дзень і кожную гадзіну.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.