У «Мастацкай літаратуры» выйшла ўжо трэцяя кніга Аляксандра РАДЗЬКОВА ў серыі «Люстэрка лёсу». Дакладней — менавіта гэтае выданне мае двух аўтараў: Аляксандр Радзькоў — бацька і Наталля Ігнаценка — яго старэйшая дачка.
Нагадаем. Наталля Ігнаценка — паэтэса. Піша ў асноўным для дзяцей. Член Саюза пісьменнікаў Расіі і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар многіх кніг. Жыве і працуе ў Маскве. Цэлы рад дзіцячых кніг Наталлі Аляксандраўны ўбачыў свет у Выдавецкім доме «Звязда», у Рэдакцыйна-выдавецкай установе «Літаратура і мастацтва».
Аляксандр Радзькоў — доктар педагагічных навук, прафесар матэматыкі. Больш як трыццаць гадоў яго жыцця звязаны з Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А. А. Куляшова, дзе ён прайшоў шлях ад студэнта да рэктара. Аляксандр Міхайлавіч — палітык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Сем гадоў працаваў міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь.
І вось аб’ядналіся два таленавітыя аўтары. Аб’ядналіся не проста дзеля таго, каб расказаць свае сямейныя гісторыі, пэўныя аповеды, што карыстаюцца попытам сярод блізкіх людзей, зразумелыя родзічам. Хоць выдавецкая анатацыя пераконвае нас менавіта ў апошнім: «Гэта кніга гісторый з жыцця вялікай сям’і, расказаных бацькам і дачкою. Гісторыі розныя: пра сямейныя адносіны і асабістыя тайны, пра метады выхавання і сродкі навучання, пра выбар прафесіі і вызначэнне сябе ў жыцці. Яны апавядаюць пра розныя чалавечыя характары і зацікаўленні, пра паводзіны людзей у незвычайных для іх сітуацыях, пра любоў да роднага чалавека і да Радзімы. Аўтары вырашылі падзяліцца гісторыямі сваёй сям’і, мяркуючы, што чытачы не толькі з імі азнаёмяцца, але і ўспомняць свае». І так, і далёка не зусім так... Гісторыі, па-майстэрску, лаканічна выпісаныя чуйным да слова і навакольных сімвалаў жыцця літаратарам ды багатым на сустрэчы з людзьмі педагогам і вопытным публіцыстам, становяцца партрэтам XX і ўжо нашага, XXІ стагоддзя. Шчырасць, адкрытасць, жаданне зрабіць жыццё лепшым, не пакідаючы таго, што ўжо адбылося і здейснілася, любоў да родных людзей, добрая памяць пра папярэднікаў у сваёй сапраўды багатай сям’і дапамагаюць аўтарам пранікліва, душэўна зазірнуць у розныя часіны. І зазірнуўшы, выбудаваць з гэтай мазаікі маляўнічую (а Наталля Ігнаценка — яшчэ і чулы да колераў мастак!) прастору пражытага жыцця. Аглядаць жа сапраўды ёсць што... Вось згадка аб прадзеду ў самым пачатку кнігі — Свірыдзе Карпавічу Дзергачову, ваенным мараку, камунары, партызане Грамадзянскай вайны: «...Прыехаў у Вотню насычаным ідэямі свабоды, з несакрушальным жаданнем арганізацыі новых грамадскіх і гаспадарчых адносін. Арганізаваў камуну, з аднавяскоўцамі пабудаваў вадзяны млын, купіў па тым часе механічны цуд — трактар. Жыццё ў вёсцы закіпела. Але на гэтую зямлю прыйшлі спярша немцы, пасля белапалякі — наш прадзед арганізаваў партызанскі атрад і абараняў сваю родную зямлю ад захопнікаў. Пасля ствараў у раёне калгасы, прасоўваў ідэі савецкай улады. У Новы Быхаў праз лес хадзіў заўсёды пешшу з велізарным маўзерам на сцягне, нідзе і нікога не баяўся. Выступоўца быў ад Бога, яго палымяныя прамовы натхнялі людзей. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны яму было ўжо шэсцьдзясят два гады, але ён настаяў на сваім прызыве ў армію, пайшоў на фронт палкавым камісарам, у раёне Гродна быў цяжка паранены і памёр у адным са шпіталяў Саратава...»
Як характарызываць жанр, від кнігі? Аднесці яе да літаратурна-мастацкай публіцыстыкі? Разгледзець на старонках штрыхі да нарысаў пра жыццё?.. Пашукаць больш сучасныя вызначэнні мастацка-публіцыстычнага характару — напрыклад, эсэ?.. Давайце не будзем падладжвацца пад традыцыі, шукаць нейкае, няхай сабе і важнае з мастацкага пункту гледжання, вымярэнне. Кніга, складзеная з мініяцюр, пражытых і, магчыма, у некаторых выпадках, пераказаных, агучаных, добра вядомых у сямейным коле гісторыі, выяўляе «сямейную сагу». Не іначай!.. Так, нехта ўспомніць, што з самага пачатку сагамі называлі літаратурныя творы апавядальнага характару, якія складаліся ў XІІІ — XІV стагоддзях. У сагах распавядалася пра жыццё і гісторыю скандынаўскіх народаў. «Сага пра Н’ялу», «Сага пра Гіслі»... І цыкл «Сага пра старажытныя часіны»... А вось у «Маленькіх гісторыях...» — сага, якая з побытавага «радзькоўскія» гісторыі ўзносіць да сацыяльных, грамадскіх абагульненняў, ілюструе асобу Чалавека як стваральніка, надзеленага вечнай прагай да шчаслівага і справядлівага жыцця.
Кастусь ЛЕШНІЦА
Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца.
«Абеліскі параненай зямлі».
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.