Вы тут

«Якая розніца, у каго справы ідуць лепш, калі выйграе сям'я?»


Іна і Сяргей Савянковы — вельмі цікавая сямейная пара, якая служыць у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. Парадокс, але толькі ў адным спектаклі — «Чацвёртая планета» — яны разам выходзяць на сцэну. У Сяргея багатая фільмаграфія і амплуа афіцэра. Іна — яркая, як феерверк, стварае розныя вобразы, але яе фішка — характарныя ролі. І вось такія людзі выдатна разам ужываюцца. Як са здзіўленнем адзначыла Іна падчас нашай гутаркі, «вось ужо амаль дваццаць гадоў».


— Іна, як вы пазнаёміліся са сваім мужам?

— О, такі ланцуг выпадковасцяў шчаслівых! Скончыўшы 136-ю мінскую школу з тэатральным ухілам, паступіла ў Акадэмію мастацтваў, але мне прапанавалі навучанне па спецыяльнасці «Актрыса лялечнага тэатра». І вось на апошнім сумоўі я зразумела, што хачу быць толькі драматычнай актрысай. А калі так, то на наступны год прыйшлося здаваць экзамены з нуля. Мая школьная настаўніца Вольга Алегаўна Грачова даведалася, што год я буду без справы, і папрасіла свайго добрага знаёмага рэжысёра Андрэя Андросіка прыняць мяне на работу ў ТЮГ, дапамагчы падрыхтавацца да паступлення. Андрэй Фёдаравіч зладзіў мне невялікі іспыт і сапраўды прыняў на работу, апекаваў, дапамагаў. У Тэатры юнага гледача я пазнаёмілася з Сярожам, і неяк адразу ў нас закруціліся адносіны.

— Сяргей старэйшы за вас?

— Так, на шэсць гадоў.

— Перыяд заляцанняў быў доўгі?

— Ды неяк усё хутка адбылося. Праз год пасля знаёмства я пераехала жыць да яго. У нас былі такія адносіны, што я проста не магла расстацца з каханым чалавекам. Выдатна памятаю першы курс, калі ўжо паступіла ў Акадэмію мастацтваў. Увесь час думала: хутчэй бы скончыліся заняткі, і бягом да каханага.

— Вы былі зусім юнай дзяўчынай, бацькі не пярэчылі?

— Мае бацькі бачылі, што я трапіла ў добрыя рукі. Бацькі Сярожы былі рады, што ён «прывёў добрую дзяўчынку». Яны сапраўды прынялі мяне як дачку.

— Існуе меркаванне, што калі людзі разам жывуць да афіцыйнага афармлення шлюбу, то ім ужо і вяселле з усімі яго атрыбутамі не патрэбна, і наогул штамп у пашпарце з'яўляецца, калі ёсць для гэтага нейкія важкія прычыны. А як у вас складвалася?

— Вяселле мы спраўлялі традыцыйнае. Усё было: урачыстая рэгістрацыя, прыгожая сукенка, запускалі галубоў, запрасілі родных і сяброў. А потым адправіліся ў вясельнае падарожжа ў Сочы. Мне здаецца, сумеснае жыццё да ЗАГСа ніяк не ўплывае на жаданне зрабіць прыгожае свята, запрасіць на яго блізкіх. У нас дакладна не было ніякіх абставін, якія, так бы мовіць, прымушалі рэгістраваць шлюб. Проста, калі я скончыла трэці курс акадэміі, Сярожа вельмі прыгожа зрабіў прапанову і, што асабліва прыемна, у рамантычнай абстаноўцы.

— Ці быў роздум: пераходзіць на прозвішча мужа ці застацца на сваім?

— Я сама хацела ўзяць прозвішча Сяргея, яно мне вельмі падабаецца.

— Пасля вяселля вы па-ранейшаму жылі з бацькамі Сяргея?

— Так, і ў гэтым нам вельмі пашанцавала. Мы не ведалі, што такое праблема дзвюх гаспадынь на адной кухні. Побыт быў агульны: калі я прыбірала кватэру, то ўсю, калі гатавала, то на ўсіх. Мама Сярожы дакладна так рабіла. Пры тым, што мы так класна дзялілі побыт, бацькі Сярожы ніколі не ўмешваліся ў наша жыццё, не давалі парад, калі мы самі не прасілі. Больш за тое, калі ў нас з Сяргеем узнікала нейкае непаразуменне, то свякроў і свёкар заўсёды былі на маім баку: маўляў, гэта ты, сынок, «накасячыў». Гэтаксама мае бацькі паводзяць сябе ў дачыненні да Сярожы.

— Вашы калегі мне рэкамендавалі: «Спытайце ў Іны, як яна ў дэкрэтныя адпачынкі сыходзіла».

— А я ў іх не сыходзіла. Была толькі на бальнічных, якія даюць да родаў і пасля. За дзесяць дзён да першых родаў яшчэ іграла спектаклі, мне расшывалі сукенку. Перад другімі родамі запомніўся спектакль «Інтымная камедыя» — там я ў вобразе юнай паненкі, якая «чамусьці» апраналася ў балахоны. Роды я планавала перад адпачынкам, каб у новым сезоне выйсці на работу. Вельмі дапамагалі бацькі Сяргея няньчыць унукаў. І потым, паміж рэпетыцыямі і спектаклем, я сама бегала дадому, балазе, гэта побач. Сяргей — цудоўны бацька: ён і памперс памяняе, і накорміць, і памые, і калыханку праспявае. Паўтаруся, нам вельмі дапамагалі бацькі, але пры гэтым нельга сказаць, што мы самі не займаліся дзецьмі.

— А калі вы нарадзілі першага сына?

— Мне было 27 гадоў, і гэта абсалютна ўзважаны і спланаваны крок. Вось шчыра: ні ў 19, ні ў 23 я не была гатовая стаць маці. Мне хацелася пажыць для сябе. Таксама для мяне было важна зарэкамендаваць сябе ў тэатры, а ўжо потым нараджаць. Натуральна, гэта абмяркоўвалася з Сяргеем, і ён мяне падтрымаў. Нашы родныя таксама ведалі маю пазіцыю і не ціснулі: «Калі ўжо народзіш?» Насамрэч, настаў такі момант, калі востра захацелася завесці дзіця, і гэта было вельмі своечасова.

— Розніца паміж вашымі сынамі — шэсць гадоў. Як рыхтавалі старэйшага да з'яўлення брата?

— Мне здаецца, калі розніца паміж дзецьмі больш за пяць гадоў, асаблівай падрыхтоўкі не трэба. У гэтым узросце дзіця ўжо паволі аддаляецца ад бацькоў, у яго ўжо ёсць сябры. На мой погляд, у нашых сыноў аптымальная розніца ва ўзросце, і мы змаглі кожнаму з іх даць ільвіную долю любові.

— А як паміж братамі складваюцца адносіны?

— Старэйшы вельмі клапаціўся пра малодшага. Цяпер, калі меншы падрос, ён ужо мае сваё меркаванне, яны могуць і пасварыцца, але ў выніку мірацца. Мы стараемся пароўну дзяліць любоў, нават цацкі купляем кожнаму аднолькавыя. Мая мама ў свой час вучыла, што браты і сёстры — самыя блізкія, родныя людзі, таму трэба любіць і падтрымліваць адзін аднаго. Я паўтараю гэтую думку сваім дзецям.

— Ці можна сказаць аб вашых дзецях, што яны растуць за кулісамі?

— Часам такое бывае. Але цяпер у нас у тэатры мала сем'яў з дзецьмі адпаведнага ўзросту. А калі ў аднаго з бацькоў нармальная прафесія, то дзіця вечар праводзіць дома. Зрэшты, так атрымалася, што старэйшага сына, Мацвея, задзейнічалі ў спектаклі «Гора ад розуму» — іграе маладога Чацкага, а неўзабаве Сярожа і Мацвей будуць працаваць у спектаклі «Граф Монтэ Крыста». Малодшы сын Ваня — вельмі артыстычны хлопец. Якія яны выберуць прафесіі, пакажа час, але дакладна гэта будзе іх рашэнне.

— Ці знаёма вам пачуццё творчай рэўнасці ў адносінах да мужа?

— Не, абсалютна. І не разумею, як такое можа быць у сям'і. Як наогул мужчына можа быць канкурэнтам жанчыне і наадварот? Магу толькі радавацца, што муж творча рэалізоўваецца плюс мае заробак. Якая розніца, у каго справы ідуць лепш, калі выйграе сям'я?

— Хто ў вас гатуе, а хто ў кватэры прыбірае?

— У нас ёсць вялікі каляндар на кухні, у ім на кожны дзень — чысты квадрат. Ён запаўняецца раскладам рэпетыцый, спектакляў, здымак, трэніровак дзяцей. Далей глядзім, як размеркаваць час. Напрыклад, сёння ў першай палове дня муж з дзецьмі, потым прывозіць іх у тэатр, сам едзе на здымкі, пасля спектакля забірае нас з тэатра. Мы не дзелім хатнія справы на мужчынскія і жаночыя — кожны робіць што можа і што трэба ў першую чаргу. Адзінае, калі Сяргей дома, то ён гатуе, таму што атрымліваецца смачна і яму гэты занятак вельмі падабаецца.

— А як размяркоўваеце грошы?

— Дамовіліся, што ганарары за здымкі складаем у скарбонку, з якой можна ўзяць, напрыклад, на адпачынак, набыццё нейкіх сур'ёзных рэчаў. Тэатральныя заробкі трацяцца на жыццё. Я аплачваю праз інтэрнэт усе абавязковыя рахункі: кватэра, заняткі дзяцей. Гэта такая руцінная работа, якая не вельмі падабаецца мужу. У краму ідзе той, хто мае час. Грошы ў нас агульныя, і калі ў мяне пуста на картцы, то Сяргей перакіне са сваёй, і наадварот.

— А як у вашым доме з'явіліся каты?

— Жывёлы ў нас былі заўсёды. Ніколі не куплялі, заўсёды падбіралі, часам у дрэнным стане. Гэта нашы ўлюбёнцы. Вельмі важна, каб дзеці мелі зносіны з жывёламі, разумелі, наколькі яны ўразлівыя і безабаронныя, дарылі ім сваю любоў. Мы неяк ішлі з малодшым сынам у садок, і па дарозе ён правёў аперацыю па выратаванні слімака — з дарожкі перанёс на траву, каб на яго ніхто не наступіў. І калі мне нехта скажа, што ў мяне занадта пяшчотны сын, адкажу, што гэта выдатна.

— Ці абмяжоўваеце сыноў у карыстанні гаджэтамі?

— О, якое складанае пытанне! Сама люблю гаджэты і інтэрнэт за тыя выгоды, якія яны нам даюць, за эканомію часу. Не ведаю, як бы мы спраўляліся без дастаўкі прадуктаў, памперсаў, кніг! Не ўяўляю сябе ў чарзе, каб набыць квіток на цягнік. Але ёсць і другі бок гэтага медаля. Не ўсёй інфармацыі ў інтэрнэце можна давяраць, як ні дзіўна, старыя энцыклапедыі — часам больш надзейныя крыніцы.

Вядома, мяне турбуе, што дзеці аддаюць перавагу інтэрнэту, а не кнігам. І калі для мяне інтэрнэт — гэта зручнасць, то для іх — забаўка. Безумоўна, трэба дазіраваць час, праведзены за камп'ютарам, і рабіць усё для таго, каб дзеці як мінімум мелі ўяўленне аб рэальным свеце.

— Часам бацькі наракаюць, што ўжо не разумеюць сваіх дзяцей-падлеткаў. А што вы думаеце пра новае пакаленне?

— Мне яно вельмі падабаецца! Перш за ўсё тым, што значна больш вольнае за нас. Гэта выдатна! Але ведаеце ў чым праблема? Гэтых дзяцей вучаць па тых жа школьных праграмах, што і нас. З жахам думаю, што, калі малодшы пойдзе ў школу, мы туды таксама пойдзем. Не разумею, навошта на выхадныя даваць дзецям такія заданні, якія яны могуць выканаць толькі з дапамогай бацькоў. Мы не супраць бавіць час з дзецьмі, але можна мы самі вырашым, як гэта рабіць? Не разумею, чаму за столькі гадоў не перагледзелі праграму па літаратуры. Давайце прызнаем, што сучасны падлетак не будзе чытаць «Вайну і мір», а паглядзіць кароткі змест у інтэрнэце. Значыць, трэба прапаноўваць нешта іншае, можа, спецыяльна пісаць мастацкую літаратуру для падлеткаў, як той казаў, на злобу дня.

— Як ваша сям'я адпачывае?

— Любім падарожнічаць. «Усё ўключана» не прапаноўваць! Праўду кажуць, што адпачынак — гэта маленькае жыццё. Мы да яго рыхтуемся амаль год. Выбіраць краіны, маршруты, гатэлі — гэта мая стыхія. Калі здараецца ва ўсіх вольны дзень, калі мы дома, то збіраем заплечнікі і ідзём у парк, у горад шпацыраваць. Для нас абсалютна нармальна раніцай сысці, вечарам вярнуцца. Галоўнае, што мы разам і нам заўсёды цікава адно з адным.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».