Вы тут

Лета без спякоты — не лета?


Набліжаецца лета, а мы яшчэ нават не адчулі па-сапраўднаму цёплага вясновага надвор’я, нягледзячы на шматлікія размовы аб глабальным пацяпленні. Гэта так, але на думку дырэктара Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Сяргея Лысенкі, самае вялікі зман — гэта судзіць аб змяненні клімату па тому надвор’ю, якое стаіць за акном. Бо клімат, гэта асераднёны статыстычны ансамбль умоў надвор’я, які назіраецца на працягу доўгага перыяду часу (не менш за 30 гадоў). Таму, у ацэнках змены клімату, ён раіць лепш спадзявацца не на жыццёвым вопыт, а на разлікі вопытных спецыялістаў.


Фота з архіва. Аўтар: Анатоль Кляшчук.

Прафесар заўважыў, што ў апошнія 40–50 гадоў назіраецца беспрэцэдэнтнае працяглае пацяпленне і гэта бясспрэчны факт. Ніколі яшчэ ў вядомай нам гісторыі Зямлі, а мы маем палеакліматычныя дадзеныя для больш чым 8 тысяч гадоў, сярэдняя тэмпература нашай планеты не расла з такой велізарнай хуткасцю, як у нашы дні. Не выклікае асаблівых спрэчак і прычыны гэтага пацяплення. Большасць навукоўцаў сыходзяцца ў меркаванні, што назіранае глабальнае пацяпленне з’яўляецца следствам павелічэння ўтрымання вуглякіслага газу ў атмасферы. Прычынай апошняга стала актыўная дзейнасць чалавека.

Самы цёплы год

Змяненне клімату — рэальнасць і агульнасусветная праблема. Актуальная яна і для Беларусі. Як адзначае першы намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Святлана Кузьміч, за ўсю гісторыю інструментальных назіранняў — а вядуцца яны з 1881 года — перыяды пацяплення рэгулярна чаргаваліся з перыядамі пахаладання. Аднак сучаснае змяненне клімату, якое пачалося ў 1989 годзе рэзкім павышэннем тэмпературы паветра і, працягваецца па цяперашні час.

— За перыяд з 90-ых гадоў сярэднегадавая тэмпература паветра на тэрыторыі Беларусі павысілася ў сярэднім на 1,3 градуса — удакладняе спецыяліст. — Прычым тэмпературная анамалія распаўсюджваецца нераўнамерна: найменшыя адхіленні зафіксаваныя на станцыях у Клічаве і Лельчыцах, найбольшыя — да паўтары градусаў — у Віцебску і Пінску.

Згодна з маніторынгам змяненняў кліматычных параметраў, які вядзе Белгідрамет, 2020-ы з сярэднегадавой тэмпературай 9,1 градусаў цяпла стаў самым цёплым годам на тэрыторыі Беларусі за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Да гэтага максімальны па цеплыні быў 2019 год, дзе было зафіксавана плюс 8,8 градусаў.

Сярэдняя хуткасць росту сярэднегадавой тэмпературы на тэрыторыі нашай краіны складае 0,4 градуса за 10 гадоў, што перавышае сярэдняе значэнне па зямным шары, якое ацэньваецца ў 0,1–0,3 градусаў.

У апошнія гады тэмпература ў нас вышэй нормы ў кожным месяцы, акрамя мая (тут стабільная норма). А акрамя змяненняў тэмпературнага фону стала больш засушлівых перыядаў (у цэлым ужо трэці год запар адзначаецца недабор сярэднегадавых сум ападкаў) і менш — дзён з устойлівым снежным покрывам (зімой 2019-2020 года снежнага покрыва практычна не было). Для тэрыторыі нашай краіны зараз характэрна памяншэнне працягласці зімы на 5–8 дзён і павелічэнне працягласці лета на 3–7 дзён. Адзін з аспектаў змены клімату — павелічэнне экстрэмальнай метэаралагічных з’яў. Так, за 18 дзён мая ў гэтым годзе выпала 173 % месячнай нормы ападкаў.

Мы ўступілі ў актыўную фазу 60-гадовага цыкла

На фоне ўстойлівага пацяплення, выкліканага антрапагеннай дзейнасцю чалавека, у асобных рэгіёнах зямнога шара адбываюцца квазіцыклічныя ваганні кліматычных характарыстык рознай перыядычнасці. Як адзначае Сяргей Лысенка, у рэгіёне Усходняй Еўропы найбольш значным ваганнем клімату з’яўляецца яго квазі-60-гадовы натуральны цыкл. На гэты цыкл выпала прыкладна чвэрць летняга пацяплення з другой паловы 70-х гадоў мінулага стагоддзя.

Звязаны гэты цыкл з працэсамі пераразмеркавання тэмпературы і салёнасці паверхневых і глыбінных вод у Паўночнай Атлантыцы і характарызуецца спецыяльным індэксам. Гэты індэкс, у маштабах некалькіх дзесяцігоддзяў змяняецца практычна сінхронна з летняй тэмпературай паветра ва Усходняй Еўропе. Перыяды яго павышэння і паніжэння, працягласцю каля 30 гадоў суправаджаюцца процілеглымі тэндэнцыямі змены колькасці летніх ападкаў у Еўропе.

Між тым глабальнае павышэнне тэмпературы — з’ява складаная. Такім чынам, прагназаваць змены ў доўгатэрміновай перспектыве складана, але, канстатуе навуковец, магчыма. Праца ў гэтым кірунку вядзецца вялікая, у тым ліку на аснове тэхналогій так званага машыннага навучання і глыбокага машыннага навучання. Па такой тэхналогіі ў інстытуце ўжо распрацаваны чатыры мадэлі доўгатэрміновага прагнозу на найбліжэйшыя месяцы і гады.

Прафесар Сяргей Лысенка адзначае, што прыкладна з 2010 года пачаўся сыходны цыкл індэкса, які мае працягласць каля 30 гадоў. Высокадзіпламаваны эксперт адзначыў, што бягучая фаза гэтага цыклу будзе падобнай з той, што назіралася ў 1940–1970 гады. Таму ў бліжэйшыя два дзесяцігоддзі можна чакаць павелічэнне колькасці летніх ападкаў і запаволенне гадовага пацяплення. Сапраўды, непасрэдна з 2011 года летняе пацяпленне ўжо замарудзілася прыкладна ў 2 разы. Летняе «згладжванне» пацяплення, на думку спецыяліста, з’яўляецца станоўчым фактарам для развіцця сельскай гаспадаркі і вядзенне лясной дзейнасці.

Лета стартуе нясмела

Эксперт спыніўся на доўгатэрміновым прагнозе на першы летні месяц. «Апісаць найбліжэйшае лета „агулам“, сёння не ўяўляецца такой магчымасці. Лікавыя мадэлі прагнозаў надвор’я працуюць пакуль не дастаткова карэктна. У сусветнай практыцы прагноз на зіму 2019-2020 гады называўся зімой „стагоддзя“ а яе фактычна не было ў Беларусі,» — заўважыў Сяргей Лысенка. Таму ў доўгатэрміновых прагнозах нашы спецыялісты давяраюць статыстычным метадам. Згодна з гэтымі айчыннымі распрацоўкамі, атрымліваецца што ў чэрвені тэмпература паветра будзе толькі ледзь-ледзь вышэй сярэднестатыстычных паказчыкаў гэтага месяца.

«Па розных мадэлям сярэдняя тэмпература паветра ў чэрвені праглядаецца ад 16,2 градуса да 16,8 градусаў са знакам плюс. Гэта значыць, нашы паказчыкі ў шчыльную блізкія да кліматычнай нормы», — падкрэсліў прафесар. Ападкаў выпадзе абавязкова больш за норму. Што тычыцца другога і трэцяга месяцаў лета, то прагнозы інстытутам будуць распрацаваны трохі пазней. Ва ўсякім выпадку Сяргей Лысенка пацвердзіў не зусім радасную навіну пра тое, што спякоты ў нашай краіне ў чэрвені не будзе.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» разам с супрацоўнікамі міліцыі і Таварыства ратавання на водах «праінспектавалі» Камсамольскае возера

Карэспандэнт «Звязды» разам с супрацоўнікамі міліцыі і Таварыства ратавання на водах «праінспектавалі» Камсамольскае возера

Гэтае лета б'е не толькі тэмпературныя рэкорды — такой спёкі на працягу некалькіх тыдняў запар не прыпомняць нават старажылы.

Культура

Лілія Лукашэнка: Любоў да мастацтва была паўсюль і ва ўсе часы

Лілія Лукашэнка: Любоў да мастацтва была паўсюль і ва ўсе часы

Кіраўнік галерэі «АртХаос» падзялілася вопытам удзелу ў фестывалі «Вытокі. Крок да Алімпу» і расказала, чаму сучаснае беларускае мастацтва вартае ўвагі.

Спорт

Галоўны ўрач беларускай алімпійскай зборнай: Мы забяспечым вырашэнне любой праблемы

Галоўны ўрач беларускай алімпійскай зборнай: Мы забяспечым вырашэнне любой праблемы

Алімпійскія гульні ў Токіа стануць выпрабаваннем не толькі для спартсменаў, але і для медыцынскага персаналу.