Вы тут

Калі расказваць дзецям пра вайну?


Ці задумваліся вы, у якім узросце расказваць дзецям пра вайну? Калі ўпершыню з малымі наведаць Хатынь, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяльны комплекс «Трасцянец»? Ці ёсць пэўная ўзроставая мяжа, калі дзіця павінна ўжо разумець, усвядоміць, вынесці пэўныя ўрокі?


Майму сыну нядаўна споўнілася тры гады, і я ўпершыню задумалася над гэтым пытаннем. Летась разам з ім і маім бацькам мы ў Дзень Перамогі ўсклалі кветкі каля помніка савецкім салдатам, які знаходзіцца ў маёй вёсцы. Раней мы, школьнікі, хадзілі сюды штогод 9 Мая. Напярэдадні рыхтавалі вершы, адмысловыя песні, імпрэзы — актыўна ўдзельнічалі ў мітынгу-рэквіеме. Яшчэ былі жывыя ветэраны-аднавяскоўцы. Схіліўшыся пад цяжарам сваіх узнагарод, яны стаялі насупраць нас, расказвалі пра вайну і ўвесь час плакалі... З кожным годам гэтых сівых герояў станавілася ўсё менш, але да самага выпуску кожны Дзень Перамогі мы былі каля помніка — нават тады, калі ў нашай вёсцы не стала апошняга ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны...

Сустракаліся з ветэранамі мы, школьнікі, і ў іншыя дні. Помню, як дапамагалі капаць агарод і рабіць грады на ўчастку ў Зоі Партык. Яна, ужо нямоглая жанчына, якая ледзь хадзіла, яшчэ збіралася садзіць бульбу і іншую гародніну. Не забыць мне яе слёзы падзякі, калі яна прымала нашу работу, паказвала нам свае ўзнагароды, як імкнулася аддзячыць вялікімі па тым часе грашыма — на цукеркі. Мы, вядома, не бралі. Помню, як восенню дапамагалі зграбаць сухое лісце на двары ў ветэрана Пятра Лупсякова. Ён на свае гады выглядаў яшчэ даволі бадзёра, таму вельмі здзівіўся, калі школа адправіла да яго на падворак працоўны дэсант у выглядзе цэлага класа. Затое было каму расказаць пра вайну, пра сяброў, якія загінулі на фронце, пра Перамогу — мы слухалі і не верылі, што такое ў прынцыпе магло адбывацца.

У маёй сям'і ветэранаў не было. Дзядулі для мабілізацыі не падыходзілі па ўзросце, прадзеды былі ўжо старымі для войска. Таму расказваць і выхоўваць мяне на мінулых падзеях асабліва не было каму. Затое пашанцавала майму мужу. Яго дзядуля (на днях яму споўнілася 94 гады!) не па чутках ведае, што такое вайна. Аляксандра Фёдаравіча Гагалушку прызвалі ў войска летам 1944 года, адразу пасля вызвалення Лідскага раёна. Апынуўся ў 120-м мінамётным палку, які дыслацыраваўся ў Горкаўскай вобласці. Тут праходзілі вучэнні на выпадак, калі будуць патрэбны салдаты на фронце. Неўзабаве тыя веды спатрэбіліся: была неабходна ваенная сіла пры ўзяцці Берліна. І вось імчыць састаў па Перамогу, але па дарозе застала паведамленне: вайна скончылася. Толькі доўга радавацца не давялося: цягнік імчаў на іншае поле бітвы, на Далёкі Усход, дзе ўжо ішла вайна з Японіяй. Потым была Карэя, адкуль трэба было вывесці рускія і амерыканскія войскі. Пасля заканчэння Другой сусветнай Аляксандр Гагалушка даслужваў свой так званы армейскі тэрмін (сем гадоў!) у Кітаі. Там, у рускім гарадку, у якасці старшага сувязнога давялося яму ахоўваць склады з боепрыпасамі. За гэты час Аляксандр Фёдаравіч пазнаёміўся не толькі з традыцыямі, але і з укладам жыцця кітайцаў. Звольнены ў запас у ліпені 1951 года, ён ехаў дамоў на цягніку амаль месяц, на яго кіцелі ззялі медалі «За Перамогу над Германіяй» і «За Перамогу над Японіяй».

Свайго прадзядулю-ветэрана мой маленькі сынок вельмі любіць. Амаль тры гады, пакуль я была ў дэкрэтным адпачынку, мы з ім былі побач: часта гасцявалі ў свекрыві — а менавіта ў яе, сваёй дачкі, жыве дзядуля. Нягледзячы на свой узрост, дзядуля Саша яшчэ ведьмі добры апавядальнік. Цёмік не аднойчы чуў яго ваенныя гісторыі, трымаў у руках прадзедавы ўзнагароды і разглядаў паштоўкі, якія штогод на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці дзядулю-ветэрану прыносяць школьнікі. Сёлета павіншаваць дзеда Сашу сабралася вялікая сям'я — чатыры пакаленні за адным сталом! Цёмік уручыў дзядулю ў рукі букет цюльпанаў, сказаў: «З Днём Перамогі!» — і пайшоў гуляць са сваімі машынамі. Калі ён яшчэ крыху падрасце, я абавязкова раскажу яму, на якой вайне быў яго прадзед, якой цаной нашаму народу дасталася Перамога, пакажу малому помнікі і абеліскі, якімі ўсыпана наша зямля. Але пачатак пакладзены: ён ведае, што прадзед — ветэран.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.