Вы тут

Маніторынг аптэк: ёсць парушэнні! Як у Гродзенскай вобласці наводзяць парадак з цэнамі на лекі


Падчас прамых ліній у Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці з пачатку года сталі паступаць скаргі на рост цэн у аптэках. Каб разабрацца ў сітуацыі і абараніць спажыўцоў, была створана рабочая група з прадстаўнікамі дзяржкантролю, аховы здароўя, МАРГа, рэспубліканскага фармнагляду і прафсаюзаў. Спецыялісты вядуць маніторынг цэн на лекі па 300 пазіцыях. Гэта дало свой плён. У шэрагу выпадкаў цэны ў аптэках былі зніжаны, прычым па некаторых пазіцыях ад 10 да 30 %.


Маніторынгам ахоплены 20 прыватных аптэчных сетак і адна дзяржаўная — гродзенскае прадпрыемства «Фармацыя». Выяўлены факты ўтрымання кошту лекавых прэпаратаў вышэй за сярэднерэспубліканскія. Напрыклад, у адной з аптэк прэпарат «Амаклаў-1000» каштаваў амаль 19 рублёў, пры гэтым, згодна са статыстыкай, цэны на дадзены сродак вагаліся ад 11 да 14 рублёў. А таблеткі «Фоліевая кіслата» ў ТДА «Аптэка для лідчан» увогуле рэалізоўваліся з перавышэннем адпускной цаны амаль у два разы.

Спажыўцы таксама заўважылі «арэлі» ў цэнах. Атрымаўшы рэцэпт, многія стараліся «атаварыць» яго ў найбліжэйшай ад паліклінікі аптэцы. Але потым заўважалі, што цана гэтага прэпарата ў іншых месцах намнога ніжэйшая. Часам розніца складала ад 5 да 9 рублёў. Менавіта такая сітуацыя часцей за ўсё і была нагодай для званкоў у дзяржкантроль, паведаміла начальнік упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы КГК Гродзенскай вобласці Таццяна Слабыш. Спажыўцы, а гэта, як правіла, людзі сталага ўзросту з невысокімі даходамі, пыталіся, як вярнуць грошы за лекі. Але ў такіх выпадках не прадугледжана ні вяртанне грошай, ні лекаў.

— Галоўная задача — падтрымаць і абараніць спажыўцоў ад неабгрунтаванага росту цэн на лекавыя прэпараты, — заўважыла Таццяна Слабыш. — Маніторынг паказаў, што некаторыя аптэчныя сеткі прынялі меры па зніжэнні ўзроўню цэн, пры гэтым па асобных пазіцыях яны зменшыліся на 10—30 %. Цана прэпарата «Максанідзін-ЛФ» у адной з аптэк знізілася амаль на 40 %. У другой аптэцы прэпарат «Сонекс» стаў таннейшы на 11 %.

Ёсць нараканні і на адсутнасць лекавых прэпаратаў беларускай альбо расійскай вытворчасці, якія абавязкова павінны быць у продажы ва ўсіх аптэках, нягледзячы на форму ўласнасці. Маніторынг выявіў падобныя парушэнні ў трох аптэчных сетках. Так, у аптэцы № 1 горада Ліды і № 14 Гродна прадпрыемства «Арніка-Люкс» у спісе не было ад 12 да 21 найменняў абавязковых прэпаратаў. На адрас арганізацыі дзяржкантролем былі накіраваны рэкамендацыі па ліквідацыі парушэнняў у канкрэтныя тэрміны. Як расказала дзяржаўны кантралёр, паўторны маніторынг зноў выявіў парушэнні на дадзеным прадпрыемстве. Таму фармацэўтычная дзейнасць гэтай арганізацыі была спынена на 15 дзён рашэннем Міністэрства аховы здароўя. Такое распараджэнне датычыла ўсіх 16 аптэк гэтай сеткі ў краіне.

— Нам удалося збіць хвалю падаражання лекавых прэпаратаў, але кантрольныя мерапрыемствы працягваюцца, — патлумачыла Таццяна Слабыш. — Мы таксама ўдзяляем увагу правільнаму захоўванню лекаў. А парушэнні такога кшталту мелі месца практычна ў кожнай з правераных аптэк, як камерцыйных, так і дзяржаўных. Усе вінаватыя асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Адзначаліся і выпадкі парушэння працоўнай дысцыпліны. Напрыклад, лекавыя прэпараты захоўваюцца з прадуктамі харчавання ў адным халадзільніку. Тут жа
на сталах стаяць чайнікі. Таму кіраўніцтву аптэчных сетак трэба часцей выязджаць у свае аптэкі ў раёны і наводзіць там парадак, рэзюмуе спецыяліст дзяржкантролю. А для гэтага ў краіне створаны рэспубліканскі фармацэўтычны нагляд.

На гродзенскім прадпрыемстве «Фармацыя» прычыны парушэнняў бачаць як у недахопе ўласнага кантролю, так і ў некаторых асаблівасцях фарміравання рознічнай цаны. Па словах генеральнага дырэктара Сяргея Літаша, на працягу двух месяцаў праведзена каля 40 праверак, 14 чалавек прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

Значныя сумы накіроўваюцца на зніжэнне цэн.

— За 2020 год сума зніжкі па прадпрыемстве склала 2,5 мільёна рублёў, за чатыры месяцы гэтага года — 1,1 мільёна рублёў, — зазначыў Сяргей Літаш. — Пры паступленні лекаў на аптэчны склад мы не прымяняем максімальную надбаўку, і сума зніжэння за мінулы год дасягнула 5 мільёнаў рублёў.

Фарміраванне цэн ідзе цэнтралізавана, на аптэчным складзе, таму ўсе цэны ў аптэках адзіныя, патлумачыў генеральны дырэктар прадпрыемства. А розніца залежыць ад абароту лекавых сродкаў — магчыма, цана застаецца ад папярэдняга паступлення. На рост цэн аказвае ўплыў і курс валют: напрыклад, у 2020 годзе ён вагаўся, таму прэпарат, атрыманы ў студзені леташняга і сёлетняга года, будзе адрознівацца па цане даволі значна.

Сяргей Літаш звярнуў увагу на шэраг высоказатратных сацыяльных функцый, на якія накіроўваюцца сродкі менавіта дзяржаўнай аптэчнай сеткі, у тым ліку на забеспячэнне сельскага насельніцтва. Удзельная вага бясплатных і льготных рэцэптаў у дзяржаўных аптэк даволі высокая. Значных фінансавых рэсурсаў патрабуе і стварэнне стратэгічнага запасу лекавых сродкаў, у тым ліку для лячэння грыпу, ковіду. Разам з тым работа па стрымліванні цэн будзе працягвацца, запэўніў кіраўнік гродзенскай фармацыі.

У дзяржкантролі зазначылі, што дзяржаўнай сетцы аптэк таксама варта больш актыўна карыстацца зніжэннем гандлёвай надбаўкі. Пры гэтым неабходна, каб спажывец ведаў аб існуючых зніжках, патрэбна адпаведная інфармацыя на спецыяльных электронных табло.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.

Эканоміка

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

«Прадам утульную кватэру, а куплю яшчэ лепшую». А пра падаткі вы не забыліся?

Адна мая добрая знаёмая вырашыла палепшыць свае жыллёвыя ўмовы — прадаць сваю двухпакаёвую кватэру і купіць трохпакаёвую.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Калі ёсць цікавыя ідэі, то менавіта цяпер яны будуць запатрабаваныя і нарэшце ажыццёвяцца. Тыдзень прынясе знаёмствы з новымі людзьмі, спатканні, вандроўкі і шмат яркіх уражанняў. Асабістае жыццё рэзка зменіцца, прычым менавіта так, як вы марылі. Вы больш не будзеце самотныя, сітуацыя вырашыцца на вашу карысць.

Грамадства

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

Ці варта засцерагацца ад вяртання анамальнай спякоты? Дзмітрый Рабаў расказаў пра надвор’е на астатнюю частку лета

«Верхавіна лета» прайшла, і ўжо мала хто памятае, што першая дэкада чэрвеня была халаднаватай і з замаразкамі.