Вы тут

Аляксандр Турчын пабываў у Будслаўскім касцёле


Старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын наведаў касцёл Узнясення Прасвятой Дзевы Марыі ў Будславе, каб ацаніць маштабы пашкоджанняў у храме пасля пажару 11 мая. Разам са спецыялістамі і святарамі ён абмеркаваў комплексны план дзеянняў па ліквідацыі наступстваў пажару. Папярэдняе абследаванне храма мяркуецца правесці да 30 мая. А канчатковае — да 30 чэрвеня, пасля чаго будзе распрацавана праектная дакументацыя. І толькі тады, калі стане цалкам зразумелая карціна разбурэнняў, будзе вызначаны аб'ём работ і фінансавання.


Фота: БелТА

Найбольш пацярпеў ад полымя і вады пры тушэнні святыні дах — абваліліся перакрыцці. Знайсці неабходную драўніну для іх аднаўлення цяжка, бо кроквы маюць памер 14 метраў у даўжыню. Аляксандр Турчын распарадзіўся накрыць храм часовым дахам, каб захаваць ўнутранае памяшканне ад непагоды.

Акрамя таго, ёсць праблемы, якія ўзніклі не толькі ў выніку пажару. Яны наспявалі многія гады. Напрыклад, неабходна ўмацаваць фундамент, зрабіць гідраізаляцыю, аднавіць унутранае афармленне храма.

Што датычыцца знакамітага аргана, то яго не дэманціравалі, паколькі музычны інструмент нельга зрушваць. Пакуль у памяшканні вільготнасць складае каля 95 %. Калі на вуліцы пацяплее, ён павінен высахнуць. Для паскарэння гэтага працэсу адчыняць акно. Толькі пасля поўнага высыхання арган правераць спецыялісты.

Задалі Аляксандру Турчыну пытанне пра ацяпленне. Унутры храма холадна і вільготна. Старшыня Мінаблвыканкама адказаў, што, калі ў Будслаў будзе праведзены прыродны газ, гэтая праблема знікне з парадку дня. Пакуль галоўную ўвагу, па яго словах, неабходна ўдзяліць рэканструкцыі і рамонту святыні. Таксама Аляксандр Турчын звярнуў увагу старшыні Мядзельскага райвыканкама Анатоля Вайнілкі на ўмовы пражывання і харчавання ўсіх, хто працуе і будзе працаваць на аднаўленні малой базілікі.

Кіраўнік Міншчыны запэўніў, што дзяржава не застанецца ўбаку ад аднаўлення касцёла. Крыніцы фінансавання будуць вызначаныя. Ён падзякаваў неабыякавым беларусам, якія пералічваюць на адкрыты рахунак ахвяраванні. Іх ужо назбіралася больш за 300 тысяч рублёў. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўзяў аднаўленне храма на асабісты кантроль.

«Сёння вакол тэмы фінансавання аднаўлення касцёла шмат інсінуацый. Падкрэслю, што юрыдычныя і фізічныя асобы павінны не выключаць адно аднаго ў пытаннях аднаўлення храма, а дапаўняць. Мы ўдзячныя людзям, якія ўносяць сродкі ў справу аднаўлення касцёла, але з упэўненасцю кажу, што і дзяржава не застанецца ўбаку ад агульнай справы», — дадаў Аляксандр Турчын.

Дарэчы, у 2012—2013 гадах Мінаблвыканкам аказаў касцёлу фінансавую дапамогу на рэканструкцыю. Тут працавалі спецыялісты Інстытута «Мінскграмадзянпраект», таму неабходная дакументацыя ёсць. Аб'ём работы на гэтым аб'екце даволі значны, лічыць дырэктар Навукова-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Будрэканструкцыя» Беларускага грамадскага аб'яднання архітэктараў і дзеячаў будаўнічых навук Генадзь Малашук. «Тэмпература гарэння падчас пажару складала больш як 1000 градусаў. Пашкоджаны тынкоўка, купал. Для ўладкавання часовага даху праведзена спецыяльнае абследаванне. Але нам неабходна прыйсці да адзінага варыянта — устанаўліваць металічныя канструкцыі ці драўляныя. Паколькі касцёл — помнік культуры 1-й катэгорыі, работы неабходна будзе ўзгадняць з Міністэрствам культуры», — канстатаваў ён.

Гэтае прадпрыемства, дарэчы, ужо 20 гадоў працуе на Нясвіжскім палацы. Цяпер будзе даследаваць Нясвіжскую ўязную браму, на якой з'явіліся трэшчыны. У Нясвіжы спецыялісты займаліся касцёлам Божага Цела і гарадской ратушай, а таксама ацэньвалі пашкоджанні пасля пажару ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў.

«З Міністэрствам культуры, мяркую, мы выпрацуем алгарытм агульных дзеянняў, паколькі там зацікаўлены ў аднаўленні святыні, лічыць дапаможны епіскап Мінска-Магілёўскай архіепархіі Аляксандр Яшчэўскі, які, дарэчы, узначальвае спецыяльную камісію па ліквідацыі надзвычайных сітуацыі і аднаўленні касцёла. Ён шчыра падзякаваў вернікам, жыхарам Будслава, якія аператыўна адрэагавалі на сігнал і дружна кінуліся ратаваць рэліквіі, сярод якіх галоўная — ікона Маці Божай Будслаўскай, а таксама літургічныя рэчы.

Як адзначыў святар, ратавальнікі дзейнічалі акуратна і прафесійна. Яны пазбеглі большых маштабаў пашкоджання ад вады, што было няпроста пры той ступені пажару, якая была.

Нагадаю, Будслаўскі касцёл носіць статус Нацыянальнага санктуарыя — пахавальні Маці Божай Будслаўскай. Гэты абраз лічыцца нябеснай апякункай беларускіх католікаў. Касцёл — адзін з трох храмаў Беларусі, які з'яўляецца малой базілікай. У храме служаць святары з ордэна бернардзінцаў (францысканцаў).

У касцёле штогод праводзіцца Будслаўскі фэст, на які прыходзяць і прыязджаюць паломнікі з усёй Беларусі і з-за мяжы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ,

аг. Будслаў Мядзельскага раёна.

Загаловак у газеце: Дзяржава не застанецца ўбаку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».