Вы тут

«Галоўная задача — не дапусціць зніжэння ўзроўню дабрабыту насельніцтва»


Учора прайшло сумеснае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання. На яго былі запрошаны прадстаўнікі ўрада, якім парламентарыі задалі свае пытанні. Спачатку перад дэпутатамі і сенатарамі выступіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, які расказаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.


Плануецца давесці ўзровень пенсій да 40 % ад сярэдняй зарплаты

Урадам забяспечана стабільнае функцыянаванне сацыяльнай сферы, паведаміў Ігар Петрышэнка. Мэтавы арыенцір дзяржаўнай палітыкі застаецца нязменным, ён накіраваны на забеспячэнне ўсім грамадзянам краіны дастойнага ўзроўню і якасці жыцця.

— Галоўная задача бягучага перыяду — не дапусціць зніжэння ўзроўню рэальнага дабрабыту нашага насельніцтва, аб'ёму і даступнасці гарантаваных дзяржавай паслуг, — адзначыў ён. — У краіне своечасова і ў поўным аб'ёме фінансуецца выплата пенсій, дапамог, стыпендый. У галінах сацыяльнай сферы не дапушчана запазычанасці па заработнай плаце. Сёння кожны чацвёрты жыхар краіны з'яўляецца атрымальнікам пенсійных выплат. Расходы фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на гэтыя мэты перавысілі 13,3 мільярда рублёў, а гэта больш за 9 % ВУП.

Ён паведаміў, што летась праведзена два пераразлікі працоўных пенсій. Іх рост перакрывае інфляцыю. За 2020 год пенсіі павялічыліся на 9,7 %, а ў рэальным выражэнні — практычна на 4 %. Задача бягучага года — падтрыманне рэальнага росту пенсійных выплат і давядзенне ўзроўню сярэдняй пенсіі па ўзросце да 40 % ад сярэдняй заработнай платы работнікаў.

У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы будзе рэалізоўвацца праграма развіцця добраахвотных накапляльных пенсій, якая дазволіць кожнаму чалавеку, які працуе, гарантавана павялічыць сваю будучую пенсію. Зараз ідзе работа па падрыхтоўцы неабходнага заканадаўства.

— У мэтах недапушчэння росту ўзроўню малазабяспечанасці задзейнічаны механізмы мэтавай падтрымкі маламаёмных у межах сістэмы дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. У 2020 годзе яе атрымалі звыш 305 тысяч чалавек. У першым квартале гэтага года выплаты атрымалі ўжо 85 тысяч грамадзян. У бягучым годзе ў мясцовых бюджэтах на названыя мэты запланавана больш за 120 мільёнаў рублёў, — паведаміў Ігар Петрышэнка.

Дзяржава інвестуе значныя рэсурсы па ўсіх жыццёва важных для сем'яў напрамках. Толькі летась на гэтыя мэты накіравана звыш 4,6 мільярда бюджэтных сродкаў — больш за 3 % ВУП. За апошнюю пяцігодку жыллёвыя ўмовы з дзяржаўнай падтрымкай палепшылі амаль 34 тысячы шматдзетных сем'яў.

У 2020 годзе ўдасканалена праграма сямейнага капіталу — яна падоўжана на пяць гадоў, і дадзена права датэрміновага выкарыстання яе сродкаў на жыллё, медыцыну і адукацыю. Сёлета на разгляд кіраўніка дзяржавы ўнесены дадатковыя прапановы аб пашырэнні магчымасцяў датэрміновага распараджэння сродкамі сямейнага капіталу, у тым ліку на набыццё тавараў, прызначаных для сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў і дзяцей-інвалідаў.

Да канца года плануецца вакцынаваць пяць мільёнаў чалавек

Мінулы год і перыяд 2021-га паказалі надзейнасць айчыннай сістэмы аховы здароўя.

— Забяспечана даступнасць якаснай дапамогі грамадзянам незалежна ад месца іх пражывання. Ключавая роля ў гэтым належыць раённаму звяну аховы здароўя. Працягваецца рэалізацыя праекта «Клапатлівая паліклініка» і ўкараненне выязной формы работы з ужываннем перасоўных медыцынскіх комплексаў для аказання дапамогі жыхарам аддаленых сельскіх населеных пунктаў, — распавёў віцэ-прэм'ер.

Ён адзначыў, што сістэма аховы здароўя гатовая да трэцяй хвалі каранавіруснай інфекцыі:

— Наша медыцына сканцэнтравана на тым, каб новыя, перадавыя методыкі, якія ёсць у свеце, укараняліся нашымі ўрачамі. Мы навучыліся супрацьстаяць гэтай бядзе і праводзім актыўную вакцынацыю насельніцтва. Гэта дае станоўчы эфект. Першую прышчэпку атрымалі 356 тысяч чалавек, другую — 256 тысяч. Чарга ў нас цяпер — каля 460 тысяч ахвотных. Будзем гэтую работу праводзіць і спадзяёмся, што да восені выйдзем на вакцынаванне 5 мільёнаў чалавек, — падзяліўся Ігар Петрышэнка.

Віцэ-прэм'ер заявіў, што Беларусь трывала замацавалася ў групе 30 найбольш развітых краін свету па паказчыках у сферы адукацыі. Разам з тым урад выпрацаваў падыходы па змене фармату ўступнай кампаніі.

— Разглядаецца магчымасць сумяшчэння выпускных школьных экзаменаў па асобных прадметах з цэнтралізаваным тэсціраваннем, а пры паступленні ў ВНУ — здачы ўнутранага экзамену па профільным прадмеце, — адзначыў Ігар Петрышэнка. — Таксама падрыхтаваны прапановы і па ўдасканаленні мэтавай падрыхтоўкі кадраў. Мы прапануем дазволіць мэтавую падрыхтоўку кадраў па найбольш запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях для ўсіх арганізацый незалежна ад іх месца знаходжання, павялічыць гранічную колькасць мэтавых месцаў па спецыяльнасцях, а на сельскагаспадарчыя — залічаць абітурыентаў з мэтавым напрамкам без іспытаў.

Заказчыкі кадраў павінны паклапаціцца аб іх замацаванні

Тым часам з пытаннямі па кадравых праблемах у медыцыне і іншых сферах звярнуліся некалькі дэпутатаў да Ігара Петрышэнкі. У прыватнасці, прагучала прапанова аб абавязковай адпрацоўцы выпускнікамі ВНУ, якія навучаліся на платнай аснове.

Намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліў, што размеркаванне на першае працоўнае месца ў дзяржаве разглядаецца як магчымасць рэалізавацца ў якасці прафесіянала і ўзнагарода для тых, хто атрымлівае адукацыю на бюджэтнай аснове. Акрамя таго, для забяспечанасці кадрамі акцэнт будзе зроблены на мэтавым навучанні. Пры гэтым міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА дадаў, што прадугледжана магчымасць даваць першае працоўнае месца і статус маладога спецыяліста і платнікам, якія звярнуліся ў камісію па размеркаванні.

— Такіх у нас каля тысячы чалавек у год, — сказаў Ігар Карпенка. — Але калі рабіць абавязковым размеркаванне для гэтай катэгорыі, незразумелы механізм кампенсацыі сродкаў, калі чалавек не паедзе на месца адпрацоўкі, механізм стымулявання туды ехаць. Напэўна, гэта заказчыкам кадраў трэба паклапаціцца, як замацоўваць іх у сябе. Прафарыентацыйная работа павінна ажыццяўляцца па-новаму.

Адзіны дзень галасавання

Закранулі парламентарыі і пытанні ўдасканалення палажэнняў Канстытуцыі, і магчымы зварот палат парламента да кіраўніка дзяржавы па пытанні ўвядзення адзінага дня галасавання на выбарах дэпутатаў усіх узроўняў.

— Зараз праводзіцца актыўная работа Канстытуцыйнай камісіі над праектам змен Асноўнага Закона краіны, які ў наступным мяркуецца вынесці на рэферэндум. У працэсе пасяджэнняў камісіі абмеркаваны канстытуцыйныя навацыі, звязаныя з удасканаленнем выбарчай сістэмы Беларусі. Падчас работы камісіі было выказана кансалідаванае меркаванне аб мэтазгоднасці пераходу на адзіны дзень галасавання пры выбарах у прадстаўнічыя органы ўлады. Адзначу, што ўсе прапановы, якія паступаюць у камісію, грунтуюцца на ініцыятывах, выказаных на дыялогавых пляцоўках, пры сустрэчах у калектывах, на асабістых прыёмах, пры пісьмовых зваротах грамадзян», — расказала старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, член Савета Рэспублікі, член Канстытуцыйнай камісіі Наталля Якубіцкая.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.