Вы тут

Музейная справа


У Нацыянальным гістарычным музеі пачаў працаваць друкарскі двор ХVІ стагоддзя. Пры жаданні тут можна вырабіць паперу па старажытнай тэхналогіі вычэрпавання альбо папрацаваць за рэканструяваным друкарскім станком, такім, за якім  Францыск Скарына выдаваў Біблію.


Выстаўка «Друкарскі двор ХVІ стагоддзя» ладзіцца ў межах праекта беларускага гісторыка, філакартыста і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава «У пошуках страчанага». З 1990-х гадоў ён збірае рэчы, звязаныя з культурай і гісторыяй Беларусі, і прызнаецца, што марыць стварыць  музей, у якім будзе прадстаўлена багата ўнікальных экспанатаў (напрыклад, адноўлены адзін да аднаго кабінет Касцюшкі ў Філадэльфіі, альбо пакой Адама Міцкевіча). Таксама яму ўдалося сабраць шыкоўную калекцыю друкарскага абсталявання ХІХ — пачатку ХХ стагоддзязяў. І ўсё ў працоўным стане! У Нацыянальным гістарычным музеі прадстаўлена толькі частка з таго, што калекцыянеру ўдалося адшукаць і захаваць, прычым большасць з прылад у Беларусі маюцца толькі ў адзінкавым экзэмпляры. Нават разынцы калекцыі — адноўленаму друкарскаму станку часоў Скарыны — аналагаў пакуль няма. А тыя «копіі», што прадстаўлены ў іншых музеях, больш падобныя на муляжы, на іх не надрукуеш старонкі Бібліі. Ва ўзноўленым друкарскім двары можна адсачыць працэс вырабу кнігі, якім ён быў 500 гадоў таму, і нават уласнаручна спрычыніцца да яго.

Як распавёў Уладзімір Ліхадзедаў, давялося патраціць нямала часу і прыкласці намаганні, каб ажыццявіць ідэю вяртання старадаўніх друкарскіх тэхналогій. Ён шмат падарожнічаў па Еўропе, вывучаў дакументы, гравюры. Паступова вакол ужо рэалізаванай ідэі нараджаюцца новыя. Падчас адкрыцця выставы быў прэзентаваны макет друкарскага двара, дзе ля мініяцюрнага, вырабленага з дрэва абсталявання завіхаюцца гномікі (казачныя персанажы зроблены для таго, каб завабіць дзяцей). У будучым можна было б арганізаваць для малых і музейныя заняткі каліграфіяй, прапанаваць ім для работы пёры і старыя пер’евыя ручкі.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмы прызнаўся, што распрацоўваецца ідэя аб стварэнні пастаяннай музейнай экспазіцыі «Друкарскі двор», пад якую шукаюцца памяшканні  і прадумваецца канцэпцыя, як зрабіць яе даступнай у тым ліку і для наведвальнікаў з абмежаванымі магчымасцямі. Аляксадр Васілевіч прызнаўся, што супрацоўнікі даўно ўжо мараць, каб іх установу ведалі не як «музей ля гарматы», а цікавае месца са сваімі фішкамі і брэндам, дзе прэзентуюць і дораць гісторыю, бо наведвальнік не проста аглядае экспанаты, а ўцягваеццца ў інтэрактыўныя праграмы.

Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі адзначыў важнасць падобных праектаў: «Яны накіраваны на канструктыўнасць. Гісторыю можна разглядаць у якасці інструмента, які дазваляе выбудоўваць будучыню тонка, акуратна, але са шчырай любоўю, разуменнем, што нашай спадчынай, якая збіраецца па крупінках, можна ганарыцца».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота – Нацыянальны гістарычны музей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.