Вы тут

«Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку?» Топ-10 літаратурнай вясны


Вясна — пара паэтаў... Такое вось банальнае вызначэнне пары года, якой мы з вамі зараз цешымся. Маўляў, птушачкі пяюць, моладзь кахае, паэты складаюць вершы...

Якіх толькі параўнанняў для гэтае пары не знаходзілі беларускія літаратары, бо, як сцвярджае кароткі верш сучаснай беларускай паэткі Насты Кудасавай, «Вясна. Вуснам цесна».

Успомнім самыя незвычайныя вобразы вясны ў беларускай літаратуры.


Дрэва на фоне неба. Фердынанд Рушчыц

1. Вясна веруючая: сонца Вялікадня

«Сёння сонца, красуючыся, узыходзіць на вышыні нябёсаў і з радасцю зямлю сагравае, бо ўзышло да нас з магілы праведнае сонца — Хрыстос...

Сёння зіма грахоўная пакаяннем скончана і лёд нявер'я розумам Божым растаў... Сёння вясна красуе, ажыўляючы ўсё зямное; сёння бурныя вятры павяваюць лагодна і апыляюць плады, і зямля, што гадуе насенне, нараджае зялёныя травы. Вясна ж квітнеючая — вера Хрыстовая...

Сёння дрэвы парасткі выпушчаюць, і кветкі красуюць духмяна, і разносяць сады водар салодкі, і садоўнікі, з надзеяй працуючы, заклікаюць Хрыста — даўцу плод».

Пачынаем наш рэйтынг, вядома, з Кірылы Тураўскага. Уладзімір Караткевіч, цытуючы яго казанне на свята Вялікадня, захапляўся: «Гэта голас з васьмі стагоддзяў. Недзе ў далёкім, цьмяным дванаццатым стагоддзі прагучаў ён для нас. З вуснаў сына багатых тураўскіх мяшчан, сына горада, які ні па велічы, ні па дзяржаўнасці, ні па асвечанасці не саступаў Полацку, Ноўгараду Вялікаму, Кіеву... Першабытная прырода, воды і лясы, роздум пад неабсяжным небам. Юнак, які ідзе ў манахі, жыццялюб (успомніце яго радкі), які ідзе ў аскеты аж да таго, што замуроўваецца ў вежы. Паэт, які абіраецца ў біскупы і ўсю сілу свайго красамоўства аддае «казанням» (павучэнням) і «словам». Караткевіч, цытуючы ў сваім эсэ гэтае казанне, апусціў хрысціянскую сімволіку. Але вясна ў якасці сімвала ўваскрэсення Хрыстова і перамогі веры над грахом трывала прыжылася ў нашай літаратуры.

2. Вясна сузіральная: крыгалом замест сакуры

Другое месца ў нашым рэйтынгу зойме ўрывак з абразка, які адкрывае «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», што выдадзена ў Пецярбургу ў 1910 годзе. Аўтар тае чытанкі — Якуб Колас, і ягоны абразок «Вясна» цалкам адпавядае тэндэнцыі «вяснянак», якую адзначаў Пётр Васючэнка: пісьменнікі апісвалі вясну як сімвал нацыянальнага адраджэння. Але ёсць тут яшчэ нешта.

Вёска, на рацэ крыгалом...

«А на беразе стаіць цэлая куча народу. Тут і старыя, і маладыя, мужчыны, і жонкі, і дзеці. Пазіраюць яны на рэку, на крыгі, што горамі ходзяць на грудзях прачхнуўшаеся вады. Любіць народ наш пазіраць на разліў ракі. Цэлы дзень крычаць дзеці, бегаюць па вуліцы глядзець на перавальчыкі, паставіць млынок і пазіраць, як круціць яго воданька».

Ці не нагадвае вам гэты звычай вяскоўцаў сузіраць ледаход японскі звычай сузірання квецені сакуры, калі гэтак жа і старыя, і маладыя выязджаюць за горад і глядзяць на цудоўную з'яву прыроды? Мне дык нагадвае! Аўтар нібыта кажа: і ў душы кожнага простага беларуса жыве разуменне і прага прыгажосці...

3. Вясна мінімалістычная: выклік чытачу

«Вясна.

Дазваляецца чытачу маляваць вясну па свайму густу».

Гэты пачатак аповесці Змітрака Бядулі «Салавей» я прыводжу ў прыклад маладым літаратарам, як трэба пачынаць твор і якім можа быць мастацкае апісанне.

«Салоўка спявае.

Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку?

Яна сваімі спевамі давала натхненне (як даўней гаварылі) песнярам усіх краёў зямлі.

Пакаленне за пакаленнем ткала шматмільную плахту вякоў, а салоўка ўсё спяваў ды спяваў, дыктаваў вершы рамантычна настроеным юнакам. Істужкаю гэтых вершаў можна аплятаць галу зямлі, як гліняны гляк дротам. Калі не верыце — папрабуйце!

Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку?

Яна вясной атуляе музыкай наш бярэзнік, брызгае ў месячную павуціну гучным вадаспадам разнастайных трэляў.

Тады здаецца, што зоркі падаюць у хмызняк і звіняць срэбрам і шклом.

Тады здаецца, што салаўіная песня застывае на лузе кроплямі расы, дыяментамі радасных слёз.

Тады здаецца...

Кожнаму ўсё па-свойму здаецца».

4. Вясна сатырычная: пра казытанне перыферычных нерваў

«У гэты час чарэмха ў поўным росквіце, і пах яе, калі прыйшлі мы, вельмі прыемна казытаў перыферычныя нервы насавога апарату».

Менавіта так апісвае вясну герой Андрэя Мрыя Самсон Самасуй, які «ў райвыканкоме ў сваіх руках трымае важныя спрунжыны культуры» і вельмі «актывістый». Сярод ягоных ініцыятыў — маёўка, падчас каторай таварышы прыступаюць «да знішчэння прынесенай матэрыі і пітва». Навакольны свет герой ацэньвае класава правільна і з навуковым падыходам, іначай як захапляцца «сённяшнім сонечным днём, лесам, пахам чарэмхі, курганамі, блакітнымі кветкамі, мятлушкамі і іншымі сараканожкамі».

5. Вясна дэпрэсіўная: усё мінае

Як ўсё ў жыцці, яшчэ вясна

Мінула ў вечнасць назаўсёды.

Памножыла тугу й нягоды,

Як ўсё ў жыцці, яшчэ вясна...

Душы ж як бы чагосьці шкода,

А думка за адной адна:

Ў тваім жыцці яшчэ вясна

Мінула ў вечнасць назаўсёды.

Так у 1921 годзе пісаў малады паэт Уладзімір Жылка, відаць, пасля заключэння ў сакавіку гэтага года Рыжскага пагаднення, у выніку чаго паэт апынуўся на тэрыторыі Заходняй Беларусі... Чакала цяжкая барацьба на баку беларускіх адраджэнцаў... А тут яшчэ і абвастрэнне сухотаў. Так што матывы ў духу арт-нуво цалкам зразумелыя.

6. Вясна чырвоная: даклад пра курыц і яйкі

«Чырвоная вясна павяла рашучы наступ. Белая зіма здае свае пазіцыі на ўсім фронце, толькі дзе-нідзе, у самых глухіх закутках, замацаваліся яе белыя атрады, але і тыя, бачачы немінучую сваю пагібель, праліваюць раўчукі слёз».

Так у 1922 годзе пісаў чырвоны камандзір Кандрат Атраховіч у сваім «малюнку» «Вясна». Будучы класік беларускай літаратуры, які яшчэ не ўзяў сабе запамінальны псеўданім Крапіва, здзекліва перакладае рэаліі вясковага пейзажу на мову прапагандыстаў: «Сонца з самага ранку пачало атаку і прасоўваецца наперад... Прыляцелі аб'яднаныя ў прафсаюзы гракі і распачалі гаспадарчае будаўніцтва, дзеля чаго наладжваюць мнагалікія сходы і вядуць на іх гарачыя спрэчкі. Дробнабуржуазная варона зусім абалдзела ад іх ляманту і валтузні і не ведае, якую платформу заняць ёй у адносінах да суседзяў... Працаўнікі зямлі — вераб'і, начытаўшыся за зіму «Беларускай вёскі» і ўявіўшы сабе ўсю важнасць угнаення, горача ўзяліся за веснавую кампанію і старанна разграбаюць гной».

Людзі таксама далучаюцца: «На прызбе Трахімавай хаты адбываецца чарговы жаночы сход... Таварыш Матрона ўжо прачытала лекцыю аб тым, як трэба саджаць курыцу на яйцы, пры гэтым падкрэсліла, што для таго, каб курыца сядзела акуратна і каб кураняты былі чубатыя, неабходна саджаць курыцу на захадзе сонца, скубці яе за чуб і паказваць ёй фігі. Упамінанне аб фігах навяло таварыша Дароту на думку аб яе двухгадовым Паўлючку. Яна тут жа зрабіла даклад аб тым, які яе Паўлючок разумны і якія хвацкія фігі падносіць ён свайму татку. Павестка дня вялікая і разнастайная, і сход абяцае зацягнуцца да самага вечара».

7. Вясна злавесная: кветкі з апраменьваннем

«Дол быў яшчэ па-веснавому голы й шэры, хіба там-сям зелянеў чарнічнік ды, як заўжды на грудках, шарэлі лапікі беламошніку, ступаць па якім было мякка, бы па дыване ў пакоі».

Пастаральны вясновы пейзаж малюе Васіль Быкаў у рамане «Ваўчыная яма». Хваёвы бор, цішыня... І на гэтым фоне прабіраецца, насцярожана прыслухоўваючыся, малады галодны салдат.

Толькі паступова мы даведаемся, што ён уцёк з войска. А пасля даведаемся падбіўку пастаральнасці: дзеянне адбываецца ў чарнобыльскай зоне, дзе схаваўся збеглы, і дыван белых веснавых кветачак насамрэч атручаны радыяцыяй.

8. Вясна брыдкая: мокрая тхлань і прадчуванне забойства

У Караткевіча шмат знакавых веснавых сімвалаў. Квітнее старая груша на адхоне, цвітуць кіеўскія каштаны, у снягах драмае вясна...

Але дапоўнім наш рэйтынг нетыповым веснавым пейзажам ад Караткевіча. У рамане «Чорны замак Альшанскі» дэтэктыўная завязка адбываецца на фоне «брыдкага сакавіцкага вечара». Усе першыя раздзелы — слата, макрыня, героі месяць нагамі гразь, вымакаюць, як бабры. «За вокнамі шалее і коса імчыцца мокрая тхлань сакавіцкага снегу, што за ім ледзь відны вулічныя сіратлівыя ліхтары, скурчаныя цені прахожых, рухомы вежавы кран непадалёк і чырвоную іголку тэлевышкі наводдаль... Тужліва калоцяцца аблепленыя снегам дрэвы і так бяздонна блішчыць пад рэдкімі ліхтарамі асфальт».

9. Вясна настальгічная: ехаць невядома куды

Культавы твор беларускай літаратуры «Сена на асфальце» Міхася Стральцова напісаны ў форме ліставання. Герой даўно з'ехаў з вёскі ў горад і прыжываецца на асфальце... Даўняя знаёмая нагадвае, як нараджалася іх каханне: яна рассыпала апельсіны на рагу вуліцы, а герой кінуўся падбіраць... Апельсіны — амаль як жоўтыя кветкі ў сцэне знаёмства Майстра і Маргарыты.

«А якая была тады вясна! Дзе толькі не былі мы з табою тою вясной! У дождж да позняй ночы праседжвалі мы ў скверах, накрыўшыся тваім пінжаком, і, памятаеш, колькі разоў пачыналі думаць пра тое, каб некуды з'ехаць, далёка-далёка, у таямнічыя нікому не даступныя мясціны. Што за жаданні былі ў нас, няўжо каханню трэба, каб былі толькі яно і цэлы свет? Мы куплялі на вакзале білеты ўсё роўна на які цягнік — і колькі незнаёмых вёсак, рэчак, лясоў і палян неспадзявана адкрылі мы так для сябе».

10. Вясна ў жанры хорар: наступствы мінулагодняга Купалля

Герой верша Анатоля Сыса зусім дарэмна ўвесну падышоў паглядзець на крыгалом...

Трэснуў лёд, быццам трэснула жыла.

Я спыніўся. Угледзеўся ў дно —

Плынь падлёдная варушыла

На тапельніцы кос радно.

І глядзелі мне рыбы ў вочы.

Бы русалкі. І ўспомніў я,

Як кароткай купальскай ноччу

Тут зайшлася душа мая.

У змрочнай гісторыі пазнаецца вядомы міфалагічны сюжэт пра кінутую пасля палкай купальскай ночы выпадковым каханкам дзяўчыну, якая стала русалкай.

11. Вясна экспрэсіяністычная: даганялкі з зімою

«Уцякала зіма ад вясны

Па кустах вербалозаў рагатых, —

Ёй каптан абарвалі яны,

І на голлі матляецца вата.

Уцякала зіма ад вясны,

Уцякала па рэках, азёрах,

Лёд затрэскаў, закрэктаў, заныў,

Здрадзіў лёд — і вада на прасторы».

Так і бегаюць адно за адной зіма і вясна ў вершы Рыгора Барадуліна, увасабляючы сабою, напэўна, вядомы магістральны сюжэт пра закаханых, якія ніяк не могуць сустрэцца. Верш дорыць нам незабыўныя і нечаканыя вобразы, на якія Барадулін быў майстар.

І ўцякала зіма ад вясны,

Пад нагамі ламачча затлела,

Парастрэсла па сцежках лясных

Снег апошні свой

з ландышаў белых.

Няхай жа кожны з вас, шаноўныя чытачы, знойдзе сёлета ў беларускай літаратуры вясну па сваім гусце!

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.

Грамадства

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Чым прыцягвае гісторыя ваеннай авіяцыі бераставіцкіх аматараў тэхнічнай творчасці

Ідэя стварыць гурток авіямадэлістаў у нейкім сэнсе звязана і з размяшчэннем побач з райцэнтрам былога ваеннага аэрадрома.