Вы тут

У гродзенскі абласны бюджэт будуць закладвацца сродкі для грамадзянскіх і маладзёжных праектаў


Цяпер рэалізаваць свае ідэі стане прасцей. Аб новых магчымасцях актыўнай моладзі расказаў падчас сустрэчы са студэнтамі-медыкамі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук. Размова вялася ў фармаце дыялогавай пляцоўкі на базе Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.


Як зазначаюць самі студэнты, вучыцца ў медыцынскім ВНУ няпроста. Тут і дысцыпліны даволі складаныя, а многія яшчэ і працуюць у клініках, што таксама вельмі адказна. Між тым грамадскае жыццё не застаецца ўбаку. Студэнты — актыўныя ўдзельнікі будаўнічых атрадаў, валанцёрскага руху і ўвогуле многіх сацыяльных праектаў. У рамках маладзёжнай палітыкі распрацаваны дзяржаўныя праграмы. Але і ад маладых людзей краіна чакае канструктыўных і цікавых ідэй.

Па словах студэнта 4-га курса лячэбнага факультэта ГрДМУ Аляксандра Краўчука, многія прапановы студэнтаў знайшлі падтрымку. Некаторыя з іх былі агучаны падчас адкрытага дыялогу, напрыклад, арганізацыя прамысловага турызму. Ідэя хутка пераўтварылася ў канкрэтныя экскурсіі, і ўжо больш за 100 студэнтаў наведалі розныя прамысловыя прадпрыемствы горада. Таксама развіваецца навуковая супольнасць, закупляецца абсталяванне, праводзяцца сустрэчы са спецыялістамі. Адміністрацыя ВНУ ідзе насустрач студэнцкім ініцыятывам, дапамагае з фінансаваннем мерапрыемстваў, зазначае Аляксандр Краўчук.

У хуткім часе магчымасці для рэалізацыі праектаў пашырацца. Як паведаміў Ігар Жук, у краіне распрацоўваецца распараджэнне Прэзідэнта аб падтрымцы грамадзянскіх і маладзёжных ініцыятыў як з боку бюджэту, так і спонсараў.

Дарэчы, менавіта гродзенцы выступілі з ініцыятывай аб стварэнні фонду падтрымкі мясцовых ініцыятыў. Прапанова гучала неаднаразова, у тым ліку на ўзроўні саюзнай дзяржавы. Але не знайшла, што называецца, водгуку. А вось у краіне яе пачулі. Гаворка ішла аб тым, каб сфарміраваць бюджэт грамадзянскага ўдзелу для рэалізацыі праектаў на мясцовым узроўні. Гэта сусветны вопыт. Яго сутнасць у тым, каб частку бюджэту базавага ўзроўню, а гэта невялікая доля — ад 0,1 да 0,5 % агульнага бюджэту, — накіраваць у фонд, размеркаваннем якога будзе займацца насельніцтва канкрэтнага раёна.

— Прэзідэнт і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу нас падтрымалі, і зараз рыхтуецца распараджэнне Прэзідэнта аб падтрымцы грамадзянскіх і маладзёжных ініцыятыў. Што гэта значыць? Тое, што група маладых людзей альбо насельніцтва вызначанай тэрыторыі могуць прапанаваць свае ініцыятывы і праекты. Для адбору на канкурснай аснове будзе створана спецыяльная камісія. Пасля адкрытага абмеркавання праекты-пераможцы атрымаюць фінансаванне, — патлумачыў Ігар Жук.

Фонд сфарміруецца ўжо сёлета. Спонсарскую дапамогу акажа Банк развіцця. Для рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў у краіне будзе вылучана 400 тысяч рублёў, для грамадзянскіх ініцыятыў — кожнай абласной асацыяцыі дэпутатаў па 100 тысяч. Пакуль сумы не такія вялікія, зазначае Ігар Жук, але ўжо на будучы фінансавы год абласныя бюджэты будуць закладваць асобныя сродкі на гэтыя мэты.

Прыкладам можа стаць работа ў праектах трансгранічнага супрацоўніцтва. Але мясцовыя ініцыятывы будуць значна прасцейшыя ў напісанні, не такія бюракратычныя.

— Гэта, як правіла, сацыяльныя праекты, скіраваныя на паляпшэнне інфраструктуры пражывання, паляпшэнне экалагічнай сітуацыі. Напрыклад, азеляненне, стварэнне спартыўных пляцовак, пляцовак для выгулу сабак, веладарожак — таго, што хвалюе жыхароў. Камісія адбірае найлепшы праект, і ён фінансуецца з гэтага фонду. Тут важныя два моманты. Людзі больш цэняць тое, што зроблена непасрэдна на іх падаткі і для іх. Другое — людзі бачаць, што ўлада іх пачула, іх прапановы рэалізаваны, што накіруе іх у канструктыўнае рэчышча, — падкрэсліў Ігар Жук.

Старшыня аблсавета ўпэўнены, што ў Беларусі нямала маладых людзей, здольных прадставіць свае цікавыя і актуальныя ініцыятывы. І тым самым даказаць, што тут можна жыць, развівацца, дабівацца поспехаў і знаходзіць прымяненне сваім здольнасцям.

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: Ініцыятыву падтрымаюць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?