Вы тут

У Магілёве абмеркавалі праблемы рэгіянальнага развіцця


Гэта адбылося ў рамках X навукова-практычнай канферэнцыі, ініцыятарам якой выступілі Міністэрства адукацыі, МДУ імя А. Куляшова і Магілёўскі аблвыканкам. Канферэнцыі праводзяцца факультэтам эканомікі і права ўніверсітэта з 2011 года, але асаблівасць сёлетняй менавіта ў тым, што яна ўпершыню стала навуковай пляцоўкай для абмеркавання тэмы ўстойлівага развіцця. У якасці экспертаў выступілі вучоныя, прадстаўнікі выканаўчай і прадстаўнічай улады, каардынатары праграм і праектаў ПРААН у Беларусі, бізнесмены, кіраўнікі праектаў і ініцыятыў на мясцовым узроўні. З дапамогай платформы Zoom да канферэнцыі змаглі далучыцца ўсе жадаючыя з розных куткоў Беларусі і нават Расіі.


Навука, адукацыя, патрыятызм

Летась МДУ імя А. Куляшова аб'яднала свае намаганні з Магілёўскім аблвыканкамам у рэалізацыі палажэнняў стратэгіі ўстойлівага развіцця. Чалавечы патэнцыял, яго кампетэнцыі, зацікаўленасць у тэме адыгрывае вельмі важную ролю ў рэалізацыі канцэпцыі стратэгіі, перакананы рэктар МДУ імя А. Куляшова Дзяніс Дук.

— Я заўсёды адзначаю, што ўніверсітэт у рэгіёне — гэта болей чым адукацыйная пляцоўка, — кажа ён. — Мы арыентаваны на сацыяльную сферу і імкнёмся адпавядаць сучасным запытам грамадства. Некалькі гадоў таму мы ўпершыню адкрылі ва ўніверсітэце інжынерныя спецыяльнасці, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі і праграмным забеспячэннем. Летась зрабілі набор на новую спецыяльнасць — «Эканамічная інфарматыка». Для развіцця эканомікі рэгіёна вельмі важна мець кваліфікаваныя кадры. Важна і тое, што мы рыхтуем не толькі спецыялістаў, але і сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. І гэта адзін з паказчыкаў эфектыўнасці нашай работы.

Пра важнасць патрыятычнага выхавання як умовы ўстойлівага развіцця Магілёўскага рэгіёна казаў член Савета Рэспублікі прарэктар па вучэбнай рабоце МДУ імя А. Куляшова Алег Дзячэнка.

— Пра гэта ішла размова і на VІ Усебеларускім народным сходзе, — падкрэсліў ён. — Патрыятычнае выхаванне — гэта найважнейшая частка дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Пад ім маецца на ўвазе сістэма ведаў, каштоўнасцяў, палітычных установак, практычных дзеянняў асобы, якія накіраваны на развіццё, квітненне, гарантаванне нацыянальнай бяспекі краіны. Улічваючы ўсё гэта, выхаванне моладзі трэба разглядаць як найважнейшую ўмову ўстойлівага развіцця нашага грамадства. І асаблівае месца ў гэтым займаюць вышэйшыя ўстановы адукацыі, бо ў перыяд навучання фарміруюцца істотныя рысы асобы. З улікам падзей мінулага года сёння стаіць задача распрацоўкі мадэлі патрыятычнага выхавання не толькі моладзі, але і ў цэлым насельніцтва краіны.

Пра недапушчэнне гераізацыі нацызму і распаўсюджанне экстрэмізму ва ўстановах вышэйшай адукацыі казаў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навукі Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк.

— Мы павінны зрабіць усё магчымае і немагчымае для таго, каб тым людзям, якія сеюць нянавісць і варожасць, у студэнцкіх аўдыторыях не было месца. У той жа Германіі за гэта можна атрымаць забарону на прафесію. Трэба памятаць, што ёсць краіна, ёсць радзіма, ёсць калектыўнае «я».

Стаўка на моцныя рэгіёны

Гэта адзін з галоўных прыярытэтаў развіцця краіны на найбліжэйшыя пяць гадоў. Старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Мудрагелаў перакананы, што моцныя рэгіёны сёння немагчыма ўявіць без лічбавізацыі эканомікі, без укаранення канцэпцыі «разумны горад». Вялікая ўвага ўдзяляецца экалагізацыі, умацаванню эканамічнага патэнцыялу раёнаў, стварэнню камфортных умоў для пражывання грамадзян.

У Магілёўскай вобласці распрацаваны стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года. У падрыхтоўцы дакумента прынялі ўдзел болей чым 200 розных экспертаў.

— Па сутнасці, усё, што закладзена ў 17 мэтах устойлівага развіцця, ужо рэалізоўваецца, — удакладніў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. — Нам застаецца толькі ўдасканальвацца, больш актыўна выкарыстоўваць міжсектаральны падыход у прыняцці рашэнняў і ўцягваць насельніцтва ў гэты працэс. Комплексная рэалізацыя сацыяльнай палітыкі, накіраванай на стварэнне камфортных умоў для жыцця грамадзян, немагчыма без моцнай і стабільнай эканомікі і напаўнення бюджэту. У Магілёўскай вобласці вядзецца работа па павышэнні эфектыўнасці рэальнага сектара эканомікі. За мінулую пяцігодку экспарт тавараў і паслуг вырас у 1,5 раза, прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове прыцягнута каля 400 мільёнаў долараў, на новыя працоўныя месцы ўладкавана 23 тысячы грамадзян.

Раўнамернасць развіцця тэрыторый — таксама адна з важных задач праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучую пяцігодку. Новы імпульс для чарнобыльскіх раёнаў — Слаўгарадскага, Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага, Крычаўскага і Клімавіцкага — даў Указ Прэзідэнта № 235 «Аб сацыяльна-эканамічным развіцці паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці». Дадатковыя льготы і прэферэнцыі ажывілі тут бізнес і пасадзейнічалі стварэнню новых працоўных месцаў. З моманту дзеяння ўказа ў эканоміку і сацыяльную сферу паўднёвага ўсходу прыцягнута каля 1,1 мільярда рублёў інвестыцый, створана 230 новых камерцыйных арганізацый, працаўладкавана болей чым 2,5 тысячы чалавек.

— Тэмп росту выручкі на аднаго работніка па паўднёва-ўсходнім рэгіёне за час дзеяння праграмы павялічыўся болей чым у два разы, — аргументуе Руслан Барысавіч. — Для параўнання: па вобласці — у 1,8 раза. Гэта наглядны прыклад таго, што адставанне ў развіцці гэтых раёнаў запаволілася.

Думай глабальна — дзейнічай лакальна

Пра першыя крокі рэалізацыі на тэрыторыі вобласці канцэпцыі ўстойлівага развіцця і значнасці такой стратэгіі для ўсёй Беларусі расказаў кандыдат геаграфічных навук загадчык Магілёўскага рэгіянальнага цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў Навукова-даследчага інстытута Мінэканомікі Аляксей Шадракоў.

— Стратэгія распрацоўвалася болей чым два гады і ўпершыню была зацверджана на ўзроўні губернатара, — адзначыў ён. — Унікальнасць яе ў тым, што была асобна выдзелена працоўная група па стварэнні акадэміі ўстойлівага развіцця. І тут вялікі ўнёсак зрабіў МДУ імя А. Куляшова.

Эксперт нагадаў, што распрацаваць стратэгію ўстойлівага развіцця спрабавалі і іншыя вобласці і нават раёны. Але яны так і не былі ўбудаваны ў сістэму дзяржаўнага рэгулявання і прагназавання. Асаблівасць стратэгіі Магілёўскай вобласці ў тым, што яна зрабіла каркас мадэлі, якая ахоплівае ўсе ўзроўні, якія раней не былі задзейнічаны. Створаны план яе рэалізацыі, на першым этапе якога плануецца ўключэнне стратэгіі ва ўсе праграмныя дакументы. Затым адбудзецца ўкараненне сацыяльных інавацый у жыццё і рэалізацыя ключавых прыярытэтаў. Трэці этап забяспечыць устойлівасць развіцця.

— Ужо рэалізоўваецца комплексная праграма развіцця тэрыторый і міжраённай кааперацыі, вядзецца канкрэтная дзейнасць абласной групы па рэалізацыі стратэгіі, — падкрэсліў Аляксей Шадракоў. — Пачалося інфармаванне насельніцтва і арганізацый пра мэты ўстойлівага развіцця і асноўныя палажэнні стратэгіі, фарміраванне і ўкараненне плана работ па рэалізацыі мадэлі цыркулярнай эканомікі Магілёўскай вобласці. Гэты прыярытэт прапісаны і ў рэспубліканскіх дакументах.

Ініцыятыва грамадзян — прыкмета ўстойлівасці

Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў заахвочвае насельніцтва ў стварэнні прывабных для жыцця ўмоў. Адзін з асноўных кірункаў яе дзейнасці — падтрымка мясцовых ініцыятыў.

— Часцей за ўсё насельніцтва клапоціцца пра рамонт дарог, добраўпарадкаванне дзіцячых пляцовак, спартыўных аб'ектаў, — паведаміла дырэктар Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Паліна Церашкова. — За апошнія два гады асацыяцыя падтрымала болей чым 60 ініцыятыў на суму звыш 130 тысяч беларускіх рублёў. Усе праекты рэалізаваны не толькі па ініцыятыве грамадзян, але і з іх фізічным, і фінансавым удзелам. Насельніцтва ўклала ў рэалізацыю добрых спраў каля 30 % ад агульнай сумы.

У асацыяцыі ёсць невялікі вопыт супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі. У 2019-м яна рэалізавала праект «Эфектыўнае ўзаемадзеянне, сучаснае кіраванне, устойлівы вынік». Праект насіў адукацыйны характар, у яго рамках старшыні сельскіх, раённых і гарадскіх Саветаў, а таксама прадстаўнікі дэпутацкага корпуса і органаў грамадскага самакіравання правялі семінары-трэнінгі па асновах рэалізацыі мясцовых ініцыятыў.

Каментарый у тэму

Наталля Макоўская, прарэктар па навуковай рабоце:

— Вынікам канферэнцыі стала стварэнне на базе МДУ імя А. Куляшова акадэміі ўстойлівага развіцця. Сутнасць ідэі — у рэалізацыі агульнага кантэнту паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, рэальным сектарам эканомікі і органамі выканаўчай улады. У рамках канферэнцыі былі падпісаны дэкларацыя аб далучэнні да дасягнення мэт устойлівага развіцця Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «ВМГ Індустры», адкрытага акцыянернага таварыства «Магатэкс» і Магілёўскага камбіната супрацьпажарных работ Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства.

Па выніках навучання быў аб'яўлены конкурс, у выніку якога тры дэпутаты з Краснаполля, Крычава і Горак атрымалі рэсурсы для рэалізацыі са сваімі камандамі заяўленых праектаў. Сёлета сумесна з міжнародным грамадскім аб'яднаннем «Экапартнёрства» асацыяцыя пачала работу па рэалізацыі праекта «Інавацыі ў кіраванні воднымі рэсурсамі для сельскага насельніцтва вобласці».

Магчымасці гарадоў «80+»

Два гады таму Бабруйск трапіў у лік 11 гарадоў з насельніцтвам болей чым 80 тысяч чалавек («80+») для паскоранага развіцця. Гэта самы буйны населены пункт, бо тут пражывае болей чым 211 тысяч чалавек. Сёння Бабруйск працуе над распрацоўкай асобнай стратэгіі ўстойлівага развіцця.

— За два апошнія гады было рэалізавана болей чым 300 мерапрыемстваў у розных сферах, — адзначыла намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Вольга Жук. — Калі разам вырашаць праблему — органы ўлады, бізнес, грамадства, — тады ўсё па сілах. З гэтай думкай мы і прыйшлі да распрацоўкі на гарадскім узроўні стратэгіі ўстойлівага развіцця. Гэта работа для нас, хоць і не ў такіх буйных аб'ёмах, але ж няновая. У нас рэалізоўваецца шэраг ініцыятыў грамадзян. Напрыклад, для невідушчых дзейнічае тыфлаінфармацыйны цэнтр, дзе ёсць магчымасць навучыцца асновам камп'ютарнай пісьменнасці, маркетынгу, рабоце ў сацсетках. Мы паставілі задачу падысці комплексна да ўстойлівага развіцця. Першым этапам стала стварэнне працоўнай групы, у рабоце якой задзейнічалі і прадстаўнікоў грамадства. У сакавіку правялі канферэнцыю, якая стала стартам для рэалізацыі стратэгіі, а ў лістападзе плануем выйсці на распрацоўку і зацвярджэнне самой канцэпцыі ўстойлівага развіцця. Мы падрыхтавалі анкету, каб даведацца, чаго не хапае нашым жыхарам і што яны б хацелі змяніць. Зараз распаўсюджваем яе праз прадпрыемствы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Устойлівы рост з навуковым падыходам

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.