Вы тут

Сусветны дзень метралогіі адзначылі і ў Беларусі


Беларускія метролагі разам з Сусветнай метралагічнай супольнасцю адзначылі Сусветны дзень метралогіі. Сёлета дэвіз гучыць так: «Вымярэнні для здароўя». Гэтая тэма абрана для прыцягнення ўвагі да важнасці вымярэнняў у сферы аховы здароўя.


Сёння асноўная міжнародная ўвага засяроджана на пытаннях пераадолення наступстваў пандэміі COVІD-19. Барацьба з вірусам запатрабавала хуткай рэакцыі на ўсіх узроўнях, што пацягнула за сабой фарміраванне новага роду патрабаванняў да выканання вымярэнняў.

Як адзначалі ў прэс-службе Дзяржстандарту, наша краіна мае эфектыўную і развітую метралагічную інфраструктуру, якая ўключае дзяржаўную метралагічную службу (Нацыянальны метралагічны інстытут (БелДІМ) і 16 арганізацый Дзяржстандарту), а таксама метралагічныя службы органаў дзяржкіравання і прадпрыемстваў краіны.

Узначальвае дзяржаўную метралагічную службу Дзяржстандарт, які ажыццяўляе правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі і каардынацыю дзейнасці ў галіне забеспячэння адзінства вымярэнняў.

Абноўлены Закон Рэспублікі Беларусь «Аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў», які ўступіў у сілу ў канцы 2020 г., у бягучым годзе атрымлівае ўсё большую практычную рэалізацыю. У яго развіццё прыняты шэраг пастаноў Савета Міністраў і Дзяржстандарту, якія ўдакладняюць і вызначаюць асобныя напрамкі сфер рэгулявання. І гэтая работа працягваецца.

Законам у большай ступені размежаваны паўнамоцтвы дзяржаўнай метралагічнай службы, юрыдычных асоб (іх метралагічных службаў) і іншых суб'ектаў па выкананні работ па забеспячэнні адзінства вымярэнняў у рэгуляванай (сфера заканадаўчай метралогіі) і нерэгуляванай абласцях.

Дзяржаўнае рэгуляванне захавана ў эканамічна і сацыяльна важных сферах: у гандлі, медыцыне, прамысловасці, энергетыцы, радыяцыйнай бяспецы, транспарце і інш.

Ключавой задачай Дзяржстандарту і Нацыянальнага метралагічнага інстытута (БелДІМ) з'яўляецца развіццё і ўдасканаленне нацыянальнай эталоннай базы. Сёння яна ўключае 65 эталонаў найвышэйшай дакладнасці.

Летась завершана рэалізацыя падпраграмы «Эталоны Беларусі» ДНТП «Эталоны і навуковыя прыборы» на 2016—2020 гады. У яе рамках створана 12 нацыянальных эталонаў і адна эталонная ўстаноўка, шэсць эталонаў мадэрнізавана. У ліку новых нацыянальных эталонаў — эталон адзінкі шчыльнасці вадкасці, эталон адзінак адноснай вільготнасці паветра і тэмпературы пункту расы/інею, эталон адзінкі хуткасці паветранага патоку і інш.

Стварэнне нацыянальных эталонаў забяспечвае імпартазамяшчэнне метралагічных паслуг і дазваляе айчынным прадпрыемствам значна эканоміць сродкі.

У цяперашні час зацверджана ДНТП «Нацыянальныя эталоны і высокатэхналагічнае даследчае абсталяванне» на 2021—2025 гады. Падчас яе рэалізацыі плануецца распрацоўка дзевяці і мадэрнізацыя дзесяці нацыянальных эталонаў.

«Метралогія займае цэнтральную ролю ў захаванні здароўя, павышэнні якасці жыцця, у навуковых адкрыццях і інавацыях, прамысловай вытворчасці, міжнародным гандлі. Усе аспекты жыццядзейнасці сучаснага чалавека ў той ці іншай ступені залежаць ад адзінства і дакладнасці вымярэнняў», — адзначылі ў прэс-службе Дзяржстандарту.

Дар'я ГАСЦІЛОВІЧ

Загаловак у газеце: ВЫМЯРЭННІ ДЛЯ ЗДАРОЎЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.