Вы тут

​Хаям і Колас: сугучча мудрасці


Гэтая повязь класікаў адчувалася ў дзень нараджэння знакамітага іранскага паэта, вучонага і філосафа Амара Хаяма, калі адбылася ўрачыстая вечарына «Цырымонія памяці Хакіма Амара Нейшабуры» ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Там жа пачала работу часовая экспазіцыя «Якуб Колас і Амар Хаям: жыццёвая мудрасць у паэтычным слове», прысвечаная творчасці двух выбітных асоб, паміж біяграфіямі якіх можна правесці шэраг паралеляў.


Мерапрыемства ў гасцінным доме беларускага класіка сабрала ў гэты вечар прадстаўнікоў дыпламатычных місій, родзічаў Коласа і аматараў творчасці абодвух вялікіх паэтаў. Ініцыятарам творчага і дыпламатычнага праекта выступіла Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь.

— Можна сказаць, што Амар Хаям самы вядомы і папулярны іранскі паэт у Беларусі, Расіі, краінах Цэнтральнай Азіі і Каўказа. Вершы гэтага вялікага паэта перакладзены на рускую мову і даступныя ўсім. Але Амар Хаям не толькі папулярны паэт, а яшчэ і вядомы матэматык, філосаф, астраном і музыкант. З радасцю хачу паведаміць, што зараз ідзе работа над перакладам вершаў Амара Хаяма на беларускую мову з мэтай далейшага выдання кнігі. Пасольства таксама гатова аказаць неабходную падтрымку, каб творы Якуба Коласа былі перакладзены на фарсі. Каб і іранцы мелі магчымасць лепш пазнаёміцца са знакамітымі асобамі Беларусі, — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Саід Яры.

Рубаі Амара Хаяма сталі вядомыя на ўвесь свет у 1859 годзе, менавіта тады ў Англіі выйшаў зборнік твораў паэта, які на англійскую мову пераклаў Фіцджэральд. Менавіта ў паэтычных філасофска-лірычных чатырохрадкоўях схавана разуменне чалавека і свету. Яскравасць вобразаў і глыбіня пазнання жыцця — гэта тое, што ў пэўнай меры яднае іранскага і беларускага класікаў. Якуб Колас, калі згадаць яго «Новую зямлю», якую называюць «энцыклапедыяй беларускага сялянскага жыцця», ці «Казкі жыцця» альбо паэму «Сымон-музыка», таксама ставіў у цэнтр сваіх твораў вобразы чалавека, багацце беларускай культуры, хараство роднага краю... Напісанае гэтымі майстрамі слова не губляе сваёй актуальнасці ва ўсе часы.

— У кожнага народа ёсць гісторыя, свая культура і свае людзі, якімі захапляюцца. І пакуль усё гэта зберагаецца, прымнажаецца і далей развіваецца, народ будзе жыць, — лічыць начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч. — Таму трэба кожнаму з нас берагчы сваю культуру і гісторыю. І двайце разам вывучаць традыцыі і культуру адно аднаго, і тым узбагачацца духоўна.

«Хто быў стары і хто быў малады,
Усіх з сабою забяруць гады.
Зямное царства — ў ім ніхто не вечны.
Мы выйдзем, прыйдуць іншыя сюды...»

Гэтыя радкі Амара Хаяма падчас імпрэзы працытавала ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч. Яна згадала, як аднойчы атрымала ў якасці падарунка кнігу, дзе паэзія іранскага класіка была змешчана на мове арыгіналу і ў перакладзе Рыгора Барадуліна. Вядома, што ў асабістай бібліятэцы Якуба Коласа была кніга паэта Алішэра Наваі, які пісаў на розных мовах, у тым ліку і па-персідску. Кнігу беларускі пісьменнік прывёз з Узбекістана, дзе знаходзіўся з сям’ёй у эвакуацыі з 1941 па 1943 гады. І цалкам верагодна, што Якуб Колас не толькі ведаў імя Амара Хаяма, але і чытаў яго творы. Таму сімвалічна, што ў бібліятэках яго сыноў кнігі Хаяма былі ў перакладзе на рускую мову…

— Лічаныя паэты свету засталіся ў свядомасці жыхароў планеты Зямля праз тысячу ці пяцьсот гадоў. Амар Хаям не проста адзін з іх, а наш паэтычны сучаснік. Яго вершы, легендарныя рубаі чытаюць і пераказваюць, цытуюць дома, у сяброўскай бяседзе, на сустрэчы аднадумцаў і тых, хто спрачаецца. Рубаі як светач, як слова, якое песціць думкі, развівае фантазію і пашырае мары, — адзначыў дырэктар — галоўны рэдактар «Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч.

«...Я зачарованы маўчу, стаю
У чарах цішыні і чарамі сагрэты,
І ў тон адзін з зямлёю я пяю,
І кожны міг сябе я пазнаю
Часцінкай злітаю вялікага сусвету»

— пісаў Якуб Колас, і ў атмасферы ўрачыстай сустрэчы гэтыя радкі набылі асаблівае гучанне. Няхай жа слова Амара Хаяма і Якуба Коласа працягвае ўражваць сваёй прыгажосцю і мудрасцю новыя пакаленні, бо гэта класіка, якую варта адкрыць для сябе.

Алена ДРАПКО

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.