Вы тут

Аўтар «Кітайска-рускіх адносін» нарадзіўся ў Магілёве


Збіраючы матэрыялы для кнігі «Дарогі да Паднябеснай» (выйшла ў Міснку напрыканцы 2019 года), прысвечанай усемагчымым фактам яднання Беларусі і Кітая, я абмінуў такога чалавека, як Міхаіл Навумавіч Паўлоўскі. А між тым, дарэмна...


Вядомы ў свой час у эміграцыйным асяроддзі рускай інтэлігенцыі Міхаіл Навумавіч Паўлоўскі (нарадзіўся ў 1885 годзе ў Магілёве) у 1920-1930-я гады жыў у Кітаі.

З біяграфіі нашага суродзіча. Бацька Міхаіла — Навум Паўлоўскі меў урачэбную практыку ў Магілёве. Хаця і была за плячыма ўсяго толькі фельдшарская адукацыя. Сын з юнацтва захапіўся рэвалюцыйнымі ідэямі, быў актыўным удзельнікам партыі эсэраў. Маладога чалавека выслалі ў Сібір, адкуль ён здолеў у 1911 годзе ажыццявіць уцёкі. Патрапіў у Францыю. Атрымаў вышэйшую інжэнерную адукацыю. Па адных дадзеных — у Льежэ (Бельгія), па другіх — у Францыі. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі Міхаіл Паўлоўскі вярнуўся ў Расію.

Служыў перакладчыкам пры французскім міністры А. Томе, які быў камандзіраваны з Парыжа для перамоў з Часовым урадам. Пасля наш зямляк ўзначаліў Вышэйшы савет забеспячэння саюзных армій пры Часовым Сібірскім урадзе. 29 лістапада 1918 года экстрэнным цягніком генерала Болдырава адправіўся з Омска на ўсход. У канцы лістапада 1918 года па загаду адмірала Калчака быў арыштаваны. Пасля вызвалення, 6 сакавіка 1919 года, выехаў ва Уладзівасток. Увайшоў у склад рэдакцыйнай калегіі пазапартыйнай штодзённай дэмакратычнай газеты «Вечер».

Пасля ліквідацыі Далёкаўсходняй рэспублікі эміграваў у Кітай. Жыў у Шанхаі. Займаўся прадпрымальніцтвам. Пастаўляў у Кітай чыгуначнае абсталяванне і тэхніку. У кнізе аднаго з эмігрантаў — Марка Вішняка наш суайчыннік згадваецца як ініцыятар ўсталявання помніка А. С. Пушкіну ў Кітаі. Вось што піша М. Вішняк (назва кнігі — «Гады эміграцыі. 1919 — 1969»): «Вымушаны адыйсці ад палітычнай дзейнасці, ён не згубіў цікаўнасці да палітыкі, але стаў займацца ў асноўным грамадскімі і філантрапічнымі справамі і набыў надзвычайную папулярнасць сярод „рускіх кітайцаў“ у звязку, у прыватнасці, з усталяваннем помніка Пушкіну ў 1937 годзе». Размова — пра помнік класіку рускай паэзіі, які ўсталяваны ў Шанхаі ў 1937 годзе.

У 1930-я гады Міхаіл Навумавіч пераязджае ў Францыю. У 1937 — 1939 гг. выдае часопіс «Русские записки». Праўда, рэдагуюць яго іншыя дзеячы эміграцыі. У выхадных дадзеных чамусьці пазначана: «Парыж — Шанхай». Той самы Марк Вішняк сведчыць, што Паўлоўскі быў інціыятарам і выдаўцом часопіса, але забараняў на вокладцы, у выхадных дадзеных ставіць яго прозвішча. Міхаіл Паўлоўскі таксама паспрыяў выданню кніг некаторых рускіх эміграцыйных пісьменнікаў — у прыватнасці, Надзеі Тэфі, Барыса Зайцава. Дарэчы, цікавым падаецца і такі факт: у 1890-я гады Н. Тэфі жыла са сваім першым мужам у маёнтку пад Магілёвам. Сярод яе твораў ёсць верш «З Міцкевіча». Сюжэт адной з балад клаіска польскай паэзіі руская паэтэса наклала на падзеі 1905 года.

У 1949 годзе Міхаіл Паўлоўскі выдаў манаграфію «Руска-кітайскія адносіны». Вядома, што працу над ёю ён пачаў яшчэ ў час жыцця ў Кітаі. Памёр Міхаіл Навумавіч у 1963 годзе.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.