Сітуацыя на Блізкім Усходзе зноў аказалася ў цэнтры ўвагі ўсяго свету. У гэтым неспакойным рэгіёне становішча абвастрылася. Падставай для вострага ваеннага супрацьстаяння паміж ізраільцянамі і палесцінцамі сталі беспарадкі ў Іерусаліме. Баевікі з Сектара Газы вядуць ракетны абстрэл ізраільскай тэрыторыі, у адказ Ізраіль наносіць удары па палесцінскіх аб'ектах. У выніку — разбурэнні і чалавечыя ахвяры, адлік якіх ужо пайшоў на сотні. Чаму распалілася араба-ізраільскае супрацьстаянне, чаго чакаць надалей?
Ад аплявухі да ракет
На Блізкім Усходзе загаварылі аб новай інтыфадзе. З арабскай гэтае слова перакладаецца як «паўстанне» і звычайна мае на ўвазе ўзброеную барацьбу палесцінскіх арабаў супраць ізраільцян. Першая палесцінская інтыфада пачалася ў снежні 1987-га і працягвалася шэсць гадоў. Яе ўмоўна назвалі «вайной камянёў» — па самай распаўсюджанай зброі арабскага натоўпу супраць ізраільскіх сілавікоў.
Другая інтыфада разгарэлася ў 2000-м, пасля візіту лідара партыі «Лікуд» Арыэля Шарона на Храмавую гару ў Іерусаліме. Палесцінцы абвясцілі «інтыфаду Аль-Акса» — па назве мячэці на Храмавай гары, гэта трэцяя па значнасці святыня для мусульман. Супрацьстаянне суправаджалася дзясяткамі тэрактаў і сотнямі ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Пры гэтым, заўважаюць эксперты, фармальна другую інтыфаду ніхто не спыняў.
Чарговая маштабная эскалацыя разгортвалася паэтапна. Спачатку, яшчэ ў сярэдзіне красавіка, ізраільская паліцыя ў мэтах бяспекі забараніла мусульманам збірацца каля Дамаскіх варот — традыцыйнага месца для сустрэч арабскіх жыхароў Іерусаліма пасля вячэрніх малітваў падчас Рамадана. Тады частка мусульманскай моладзі абурылася. Пачаліся сутыкненні, падагрэтыя відэа ў TіkTok, на якім палесцінскі падлетак дае аплявуху артадаксальнаму яўрэю ў трамваі, заклікаючы адзінаверцаў пераймаць яго прыклад, нагадаў expert.ru.
Пасля ізраільскі суд прыняў рашэнне аб высяленні з іерусалімскага квартала Шэйх-Джарах некалькіх палесцінскіх сем'яў, што надала напружанню новую якасць. Кульмінацыяй жа стаў Дзень Іерусаліма і свята яўрэйскіх грамадзян у памяць аб аб'яднанні усходняй і заходняй частак горада пасля вайны 1967 года. На вуліцах пачаліся сутыкненні радыкальнай моладзі з абодвух бакоў, «суды Лінча» над выпадковымі мінакамі. Пасля з боку Палесціны пачаліся масіраваныя запускі ракет па тэрыторыі Ізраіля, з якімі перастала спраўляцца знакамітая супрацьракетная абарона «Жалезны купал». Ізраільская армія адказала абстрэлам тэрыторый Заходняга берага і Сектара Газы з паветра. Колькасць ахвяр штодня павялічваеца. Шмат загінулых дзяцей, жанчын, мірных палесцінскіх і яўрэйскіх грамадзян. Гучаць старазапаветныя абяцанні адпомсціць.
Тэль-Авіў разгарнуў антытэрарыстычную аперацыю «Вартавы сцен». Ізраільская армія сцягнула да межаў Сектара Газы ўзмоцненую групоўку войскаў, ідзе артпадрыхтоўка і наземная аперацыя. У шэрагі арміі закліканы рэзервісты. Тэрарыстычныя групоўкі палесцінцаў, перш за ўсё ХАМАС, абвясцілі аб пераходзе ад абароны да атакуючых дзеянняў пад лозунгам «Меч Аль-Кудс». На ізраільскіх вуліцах — усплёск міжэтнічных сутыкненняў паміж маладымі яўрэямі і арабамі, пагромы і рабаванні.
Асабліва крывавымі сталі падзеі ў прыгарадзе Тэль-Авіва, у горадзе Лод. Першапачаткова там прайшлі пратэсныя акцыі ізраільскіх арабаў у знак салідарнасці са сваімі адзінаверцамі і супляменнікамі ва Усходнім Іерусаліме. Пасля таго як паліцэйскія скарысталі светлашумавыя гранаты, акцыі перараслі ў поўнамаштабныя беспарадкі.
Раз'юшаныя людзі закідвалі камянямі паліцэйскіх, а разам — і звычайных гараджан, падпалілі некалькі сінагог і крам. Зрывалі ізраільскія сцягі ў цэнтры горада і замянялі іх палесцінскімі. Цэнтральным уладам нават прыйшлося спешна сцягваць да Лоду паліцэйскія сілы з акупаванага Заходняга берага ракі Іардан, а крыху пазней прэм'ер-міністр Біньямін Нетаньяху абвясціў у горадзе рэжым надзвычайнага становішча. Адметна, што ўрад не прымяняў такія паўнамоцтвы ў дачыненні да арабскай абшчыны з 1966 года.
Выгадная эскалацыя
Традыцыйна шэраг экспертаў і аналітыкаў звязвае эскалацыю канфлікту з унутрыпалітычнымі перыпетыямі як у Ізраілі, так і ў Палесціне. Аналітыкі адзначаюць, што цяперашнія сутыкненні адбыліся як нельга своечасова для кіраўніка выканаўчай улады Біньяміна Нетаньяху. Прэм'ер перажывае, магчыма, адзін з самых складаных перыядаў у сваёй палітычнай кар'еры. Ён рызыкуе страціць уладу, а заадно сесці ў турму: супраць яго зроблена абвінавачванне ў карупцыі і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.
Напрыканцы сакавіка прайшлі чацвёртыя па ліку парламенцкія выбары за апошнія два гады. Партыя Нетаньяху «Лікуд» перамагла, аднак не здолела атрымаць дастатковай колькасці галасоў, каб сфарміраваць аднапартыйны ўрад. Больш за тое, прэм'еру не ўдалося дамовіцца з іншымі членамі кнесета для фарміравання кааліцыйнага кабінета міністраў.
Тады прэзідэнт Ізраіля Рэўвен Рыўлін даручыў сфарміраваць новы ўрад лідару апазіцыйнай партыі «Ёш Ятыд» Яіру Лапіду. І ўжо менш чым праз тыдзень Лапід падрыхтаваўся паведаміць прэзідэнту радасную вестку, што яму ўдалося дамовіцца з кіраўніком іншай апазіцыйнай партыі — «Яміна» — Нафталі Бенетам аб фарміраванні новага ўрада. Акрамя таго, падчас перагавораў удалося ўключыць у кааліцыйнае пагадненне лідара партыі «Раміем» («Спіс арабскага адзінства») этнічнага араба Мансура Абаса.
Але пасля пачатку араба-ізраільскага канфлікту перспектывы новай кааліцыі зноў пад пагрозай. У апазіцыі застаецца яшчэ менш чым два тыдні на заключэнне міжпарламенцкага пагаднення, у адваротным выпадку краіну чакаюць чарговыя выбары. Затое Нетаньяху пусціў у справу любімую тэхналогію — моцную руку і палымяную рыторыку. У гэтым сэнсе прэм'ер-міністру быццам бы «пашанцавала». Як заўважыў экс-кіраўнік МЗС Лівіі Абдэль Рахман Шальке на старонках панарабскай газеты Asharq Al-Awsat, Нетаньяху ў сваім імкненні «манапалізаваць уладу» не спыніцца ні перад чым.
У той жа час старшыня Палесцінскай аўтаноміі Махмуд Абас абвясціў напрыканцы красавіка аб адтэрміноўцы прызначаных на гэты год усеагульных выбараў (не арганізоўваліся ў краіне з 2006-га), матывуючы немагчымасцю правесці іх у Іерусаліме. Крытыкі палесцінскага лідара не ўпершыню сцвярджаюць, што ён нібыта знаходзіцца ў змове з Ізраілем і што яго канчатковая мэта — разгром ХАМАС і перадача Сектара Газы пад кантроль руху ФАТХ, які ён узначальвае. Дарэчы, аналагічныя абвінавачванні на адрас Абаса гучалі, напрыклад, у 2008—2009 гадах, падчас правядзення Ізраілем у прыбярэжным анклаве ваеннай аперацыі «Літы свінец», але дагэтуль ніякіх рэальных пацвярджэнняў гэтаму не было.
Недавер і падазронасць
Падчас цяперашняга канфлікту на другі план сышлі насамрэч сур'ёзныя ўнутраныя праблемы яўрэйскай дзяржавы, звязаныя з арабскім насельніцтвам як унутры Ізраіля, так і на акупаваных тэрыторыях, якое вось ужо шмат дзясяткаў гадоў застаецца на самых нізкіх паверхах сацыяльнай лесвіцы — без працы, дабрабыту, а часцяком без грамадзянства і якіх-небудзь сацыяльных правоў і гарантый.
На сёння колькасць грамадзян Ізраіля арабскай нацыянальнасці складае каля двух мільёнаў чалавек (21 % насельніцтва краіны), з іх прыкладна 85 % вызнаюць іслам. Яны з'яўляюцца нашчадкамі арабаў, якія засталіся ў межах новай дзяржавы падчас першай араба-ізраільскай вайны 1948—1949 гадоў.
Па словах дырэктара Іерусалімскага фонду адукацыі і грамадскага развіцця Юсуфа Мунаера, урад вылучае толькі сем працэнтаў дзяржаўнага бюджэту на выдаткі арабскай абшчыны. Недафінансаванне арабскіх муніцыпалітэтаў таксама адбіваецца на якасці адукацыі. У выніку недафінансаванне сярэдняй школы адмоўна адбіваецца на якасці падрыхтоўкі выпускнікоў. Паводле афіцыйных даных, толькі 24 працэнты прадстаўнікоў арабскай абшчыны атрымалі ўніверсітэцкія дыпломы, сярод этнічных яўрэяў такіх набярэцца больш за палову ўсёй абшчыны. У выніку большасць арабскіх грамадзян можа разлічваць толькі на нізкакваліфікаваную працу.
Усё гэта адбіваецца і на агульным узроўні злачыннасці. Згодна са штогадовымі справаздачамі МУС, на ізраільскіх арабаў прыпадае звыш паловы забойстваў у краіне, 44 % рабаванняў, 38 % згвалтаванняў і 50 % выпадкаў нападаў на супрацоўнікаў паліцыі. Натуральна, што ў такіх умовах у краіне пануе атмасфера недаверу і падазронасці. Паводле даных апытанняў грамадскай думкі, праведзеных Jewіsh Vіrtual Lіbrary, у мінулым годзе каля 75 % ізраільскіх арабаў адказалі, што яны ў той ці іншай меры адчуваюць на сабе дыскрымінацыйную палітыку з боку дзяржавы. Акрамя таго, больш за палову рэспандэнтаў адказалі, што ў іх няма пачуцця гонару ад сваёй грамадзянска-палітычнай прыналежнасці да ізраільцян.
У чаканні міру
Зрэшты, не адчуваюць цёплых пачуццяў да арабскай суполкі і ізраільцяне-яўрэі. Паводле апошніх апытанняў амерыканскай праваабарончай арганізацыі з Антыдыфамацыйнай лігі, толькі 30 % рэспандэнтаў лічаць арабскіх грамадзян неад'емнай часткай ізраільскага грамадства. І палова апытаных ізраільцян адказалі, што яны не хацелі б бачыць арабаў у складзе кааліцыйнага ўрада.
Як адзначыў forbes.ru, на адной геаграфічнай прасторы існуюць некалькі Іерусалімаў, кожны з якіх з'яўляецца адасобленай аўтаноміяй з нябачнымі, але ўсім вядомымі межамі. Перыядычна адносіны паміж гэтымі аўтаноміямі — ультраартадаксальнай, свецка-дзяржаўнай і арабскай — парушаюцца, і тады ляцяць камяні і гучаць сірэны. Калі сутыкненні адбываюцца паміж яўрэямі і арабамі, шырокая агалоска забяспечана, і ўвесь свет становіцца арбітрам, унікаючы ў дэталі мясцовых законаў і палітычных канфліктаў.
Міжнародная супольнасць толькі і рабіла, што выступала з гучнымі заявамі, заўважыў kommersant.ru. Эскалацыя палесціна-ізраільскага канфлікту стала тэмай пасяджэнняў Савета бяспекі ААН і Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва (АІС). Абедзве міжнародныя пляцоўкі былі выкарыстаны для таго, каб усе зацікаўленыя міжнародныя гульцы маглі публічна выказаць сваю пазіцыю. Роскід меркаванняў быў чаканы. Ісламскія краіны, якія ўваходзяць у АІС, цалкам усклалі на Ізраіль адказнасць за новы віток канфлікту і заклікалі да прыцягнення міжнароднай судовай сістэмы для разбіральніцтва, каб прымусіць яго выплаціць кампенсацыі за шкоду, прычыненую палесцінцам. На гэтым настойвалі ў першую чаргу Іран і Турцыя. Аднак нельга сказаць, што ісламскі свет адзіны. Напрыклад, намеснік кіраўніка паліцыі Дубая генерал-лейтэнант Дахі Хальфан Тамім у сваім Twіtter заклікаў арабаў ліквідаваць ХАМАС, паколькі гэтая арганізацыя стала праблемай для палесцінцаў і іх барацьбы за свае правы. Пры гэтым ён абвінаваціў ва ўзмацненні ХАМАСА менавіта Ізраіль.
Так ці інакш, асновай для паўнавартаснага ўрэгулявання блізкаўсходняга канфлікту па-ранейшаму застаецца прынятая ў 1967 годзе, пасля Шасцідзённай вайны, рэзалюцыя Савета бяспекі ААН пад нумарам 242, адзначыла ТАСС. Згодна з ёй, Ізраіль павінен вывесці свае войскі з акупаваных тэрыторый, а арабскія краіны павінны пачаць перагаворы аб яго прызнанні і заключэнні з ім мірнай дамовы. Асноўная загваздка дадзенага дакумента, дапоўненага пасля іншымі дамовамі, — у пытанні чарговасці крокаў, што, па сутнасці, абцяжарвае перагаворны працэс. Відавочна, што без усёабдымнага вырашэння палесціна-ізраільскага канфлікту і паслаблення радыкальных элементаў у Сектары Газы рэгулярныя ўспышкі гвалту будуць працягвацца і надалей.
Захар БУРАК
Наперад да актыўнага даўгалецця.
СТРАЛЕЦ. Наперадзе — тыдзень, поўны непрадказальных момантаў. Вашы адаптыўнасць і ўменне хутка мяняцца прыйдуцца як нельга дарэчы.