У 2016 годзе Нацыянальнае агенцтва па турызме выпусціла брашуру «100 рэчаў, якія патрэбна зрабіць у Беларусі». «Звязда» вырашыла кінуць самой сабе выклік і выканаць як мага больш пунктаў з гэтага спіса. І расказваць чытачам, што з гэтага атрымалася.
Сярод разнастайных беларускіх славутасцяў... не так шмат людзей. Не, таленавітых землякоў, якімі можна ганарыцца, у нас, дзякуй богу, шмат. А вось тых, на каго прыязджаюць паглядзець турысты з розных гарадоў і краін, — адзінкі. Дакладней, адзін — Віктар Пятровіч Кірсюк, чалавек-славутасць. У спісе рэчаў, якія неабходна зрабіць у Беларусі, пад пунктам нумар тры значыцца — «паглядзець, як сапраўдны ліхтаршчык запальвае агні на вуліцы Савецкай у Брэсце». Карэспандэнт «Звязды» пазнаёмілася з ім бліжэй.
«Без веры жыць нельга»
Па спецыяльнасці Віктар Пятровіч — электраманцёр. Але «электраманцёр» — гучыць не надта рамантычна, а вось «ліхтарашчык» — зусім іншая справа. Тым больш што Віктар Пятровіч — адзіны ліхтаршчык на ўсю краіну. Чаму ў 2009 годзе гэта даверылі менавіта яму, ён сам не ведае. «Часта пытаюцца, чаму мяне абралі ліхтаршчыкам. Але гэтае пытанне лепей задаць майму кіраўніцтву. Хоць скажу, што кандыдатаў было шмат і да нас уважліва прыглядаліся. Але тады ніхто не думаў, што запальванне ліхтароў на Савецкай стане такім папулярным. А ўзнік ажыятаж сярод гараджан — і турысты пачалі цікавіцца. У першыя гады толькі на фотасесіі па дзве гадзіны патрабавалася. Была неяк жанчына-экскурсавод з Польшчы, дык яна казала, што мяне з польскім ліхтаршчыкам не параўнаць. Па яе словах, мой польскі калега запаліў і пайшоў. А я стараюся кожнаму ўвагу ўдзяліць. Я не абавязаны гэта рабіць, але як інакш? Многія ж спецыяльна дзеля мяне на Савецкую прыязджаюць».
Дзякуючы жаданню турыстаў сфатаграфавацца з ліхтаршчыкам і падзяліцца фотаздымкамі ў сацыяльных сетках, усе і даведаліся пра гэтую цікавую традыцыю. «Кожны вечар людзі падыходзяць і просяць сфатаграфавацца з «легендарнай асобай», як яны кажуць. Я нікому не адмаўляю, нават калі шмат часу патрабуецца. Цяпер, падчас пандэміі, стаю на лесвіцы, калі фатаграфуемся, ужо нікога не абдымаю», — адзначае Віктар Пятровіч. Па словах Віктара, яму падабаецца, як людзі назіраюць за яго працай. «А калі лямпу ім паказваю, усе ў захапленні. Некаторыя нават шапку просяць даць сфатаграфавацца, але я не даю. Я ж павінен заўсёды па форме быць», — жартуе ліхтаршчык.
З папулярнасцю ліхтаршчыка і яго формай звязана яшчэ адна цікавая традыцыя. Лічыцца, калі пацерці яго гузік і загадаць жаданне, яно абавязкова спраўдзіцца. Віктар Пятровіч так згубіў некалькі гузікаў, таму цяпер замацоўвае іх дроцікам. Ён расказвае, што ёсць людзі, якія нават імкнуцца адарваць гузік — так вераць у іх сілу. «Мне здаецца, што гэтая традыцыя пайшла з тых гарадоў, дзе былі трубачысты і з іх дапамогай людзі хацелі спраўдзіць сваё жаданне. У нас трубачыстаў няма, таму гэта даверылі мне. І былі выпадкі, калі жаданні спраўджваліся. Прыязджала жанчына з Санкт-Пецярбурга і расказвала, што загадвала, каб дачка замуж выйшла, унук нарадзіўся, — і ўсё атрымалася. Дзеці-спартсмены часта вечарамі прыходзяць, а на наступны дзень расказваюць, што перамаглі на спаборніцтвах, як і загадвалі. Я ўсім раю церці гузік і прыгаворваць «хачу і зраблю», тады ўсё атрымаецца. Людзям жа патрэбна ў нешта верыць, без веры жыць нельга», — дзеліцца Віктар Пятровіч.
У брэсцкага ліхтаршчыка ўжо склаўся своесаблівы фан-клуб. Самыя ўважлівыя брастчане пазнаюць яго без мундзіра ў паўсядзённым жыцці. Нават просяць сфатаграфавацца, але гэта яму не падабаецца. Без мундзіра Віктар Пятровіч фатаграфавацца саромеецца. Казачны герой, славутасць горада, у звычайным жыцці сціплы інтэлігентны чалавек. З пастаяннымі аматарамі традыцыі запальвання ліхтароў яны ўжо сталі добрымі знаёмымі. «Са многімі людзьмі мы ўжо вітаемся вечарамі, пытаемся, як справы. Некаторыя падыходзяць і раніцай, калі я тушу ліхтары, а яны ідуць на работу. Раней, калі тушыў ліхтары, то сустракаў пастаянных кліентаў піцейных устаноў. Яны мне «О, вы запальваеце!», я ім кажу, што раніцай звычайна тушу, і яны ўжо разумеюць, што час ісці дадому», — усміхаецца Віктар Пятровіч. Але, па яго словах, ёсць і апаненты, якіх, на шчасце, няшмат. «Ёсць людзі, якія імкнуцца мяне ў нечым упікнуць. Напрыклад, былі выпадкі, калі мне тэлефанаваў адзін кіраўнік з пытаннем, чаму я не запальваў ліхтары. Але ж увесь горад бачыў, што я быў на Савецкай. Проста камусьці захацелася так «пажартаваць». Навошта? Не ведаю. Я ні з кім не сваруся, не спрачаюся, вялізных грошай не маю, езджу на звычайным «масквічы». Ну, гэта іх справа. Я не падзяляю людзей ні па нацыянальнасці, ні па палітычных ці іншых поглядах. Я як сонейка: яно свеціць для ўсіх, а я для ўсіх запальваю ліхтары».
Час запальваць і час тушыць
Час запальвання ліхтароў добра вядомы ўсяму Брэсту. У пачатку вуліцы стаіць гадзіннік, стрэлкі якога паказваюць, калі на Савецкай пачнецца казка. Летам — каля 22.00, у зімовы перыяд — каля 17.00—18.00. Дарэчы, Віктар Пятровіч дае старт усяму асвятленню горада. Як толькі запалены апошні керасінавы ліхтар — запальваюцца і электрычныя. Рэгламентуе гэта ўказ гарадскога старасты. «Каб гораду не апускацца ў цемру начную і грамадзяне яго маглі радавацца даўжэй, ліхтаршчыку гэтаму запальваць агні гарадскія па наступленні змяркання спраўна, нягледзячы на дажджы праліўныя, снег вялікі і сцюжу лютую. Несці ўсяночную службу па наглядзе за належнай іх працай» — высечана на камені, які і пачынае алею ліхтароў. А каб кожны мог прачытаць гэты наказ, лятучая мыш трымае над ім ліхтар як сімвал таго, што ў Брэсце ніколі не будзе цёмна. Раней Віктар Пятровіч запальваў і гэты ліхтар, але ў гарадскіх махляроў былі на яго свае планы. Лампадку ў мышы некалькі разоў кралі, таму зараз яна трымае электрычны ліхтар.
І калі час выхаду ліхтаршчыка пастаянна розны, то месца нязменнае. Віктар Пятровіч выходзіць з-за гэтага самага каменя і заўсёды пад музыку. Але самому герою кампазіцыя не вельмі падабаецца: «Нейкая сумная, на мой погляд. Я даўно казаў, што трэба яе памяняць, але пакуль нічога не вырашылася».
Віктар Пятровіч Кірсюк — адзіны чалавек у краіне, які працуе без выхадных. Ні памочнікаў, ні замены ў яго няма. Рабочы дзень пачынаецца а чацвёртай гадзіне раніцы летам і а восьмай — узімку. Зімой завяршаецца ў шэсць гадзін, а летам — у адзінаццаць. Паміж гэтым трэба паспець адпачыць, удзяліць час сям'і, зрабіць асабістыя справы і дагледзець ліхтары. Нават падчас сямейных свят бацька і дзед едзе запальваць ліхтары, сям'я да гэтага ўжо прывыкла. «Я абавязаны гэта рабіць, мяне чакаюць людзі. Магчыма, на якім-небудзь прадпрыемстве я інакш бы ставіўся да працы. А тут жа ўсё дзеля людзей. Да часу запальвання яны ўжо збіраюцца, чакаюць», — адзначае ліхтаршчык.
На пытанне, калі ён апошні раз быў у адпачынку, дае дакладны адказ — 12 гадоў таму, калі яшчэ не запальваў ліхтары. І за гэты час нават ні разу не хварэў. Прычына — здаровы лад жыцця і лячэнне народнымі сродкамі. «У мяне аднойчы некалькі дзён была тэмпература 37-38 градусаў. Я гарбаты з малінай вып'ю, яшчэ настояў траў. І тэмпература збіваецца, а прыму таблетку парацэтамолу — падымаецца. Лічу, што нам трэба харчавацца тым, што нашы продкі ўжывалі, тым, што ў нас расце. Вы ж паглядзіце: у Беларусі ёсць свае самыя карысныя і самыя здаровыя прадукты. І вельмі важна ўмець прыслухоўвацца да свайго арганізма, есці, спаць — толькі калі хочацца», — расказвае Віктар Пятровіч.
Па словах ліхтаршчыка, ад такога нестандартнага рабочага графіка ён не стамляецца. Як і ад лесвіцы вагой 10 кілаграмаў, якую трэба два разы на дзень падносіць да 17 ліхтараў і кожны раз на яе залазіць. «Неяк было, што я запаліў ліхтары, усё нармальна. Пераапрануўся, іду дадому і бачу, што адзін ліхтар капціць, аж пачарнеў. Ну, я вярнуўся па лесвіцу, ліхтар патушыў, паправіў няспраўнасць. Усе 17 ліхтараў мне як родныя», — расказвае Віктар Пятровіч. Абслугоўвае свае ліхтары Віктар Пятровіч сам: мые лямпы, падкручвае і падразае фіцілі, калі нешта ламаецца — рамантуе. Канструкцыя ліхтароў такая ж, як і была ў XVІІІ—XІX стагоддзях. Віктар Пятровіч расказвае, што ў той час у Брэсце было каля 60 ліхтароў, і абслугоўвалі, запальвалі і тушылі іх два чалавекі. Сучасныя ліхтары працуюць на экалагічна чыстым керасіне з Наваполацка. Для алеі з 17 ліхтароў патрэбна каля шасці літраў. Даліваць керасін трэба прыкладна кожныя дзве ночы. Але і тут ёсць свае тонкасці. Віктар Пятровіч адзначае, што ўсё залежыць ад таго, як падкручаны фіціль.
Ліхтаршчык з флоту
Канструкцыю ліхтароў Віктар Пятровіч ведае з дзяцінства. Вучыўся ў школе, рабіў урокі пры святле такіх лямпаў у вёсцы Залядынне Іванаўскага раёна. Пасля школы скончыў Пінскую марскую школу, атрымаў спецыяльнасць электрыка наводных караблёў. З 1975 да 1978 года служыў у Азерабайджане на Ваенна-марскім флоце на Каспійскай флатыліі. А пасля вярнуўся ў Брэст. «Шчыра кажучы, часам шкадую, што не застаўся на флоце. Былі прапановы служыць на паўночным флоце. Але ж дадому хацелася», — дзеліцца Віктар Пятровіч.
Галоўныя аматары брэсцкага ліхтаршчыка — тры яго ўнучкі і адзін унук. У школе дакладна ўсе ведаюць, хто іх дзед. Як расказвае Віктар Пятровіч, любімы занятак унукаў — прыходзіць вечарамі на Савецкую і хваліцца, што менавіта іх дзядуля запальвае ліхтары. Унукі — не толькі піяр-агенты Віктара Пятровіча, але і яго памочнікі па лецішчы, якое ён называе для сябе найлепшым месцам. «Вельмі люблю працаваць на зямлі. За 12 кіламетраў ад Брэста ў мяне ўчастак пяць сотак. Месца няшмат, але мне хапае. Акрамя агарода, расце маліна, ажыны, жымаласць. Нават ківі растуць: пасадзіў у гаршчочкі зярняткі — тры расткі ўзышлі», — расказвае Віктар Пятровіч. Любімая праца на дачы, зразумела, не прычына не ехаць на Савецкую запальваць ліхтары.
Да свайго звання славутасці Брэста ліхтаршчык адносіцца па-філасофску: «Мне крыху няёмка ад таго, што мяне так узвышаюць, называюць легендай, славутасцю. Я ж проста раблю сваю працу. Але калі людзі даюць такую ацэнку, цікавяцца — то добра. Я люблю сваю працу, яна робіць мяне шчаслівым. Людзі заўсёды так на мяне глядзяць, так захапляюцца, дзякуюць, што часам нават слёзы выступаюць. А мне прыемна зрабіць нешта добрае, падарыць казку».
Любімае месца Віктара Пятровіча ў Брэсце, безумоўна, вуліца Савецкая. Турыстам Брэстчыны ён раіць паглядзець скульптуры на вуліцы Гогаля, Брэсцкую крэпасць і абавязкова заехаць у Белавежскую пушчу. «Брэст — самы лепшы горад, як і ўвогуле Беларусь, я іншых краін не ведаю. А ў Брэсце ўсё на месцы».
Валерыя СЦЯЦКО, г. Брэст
«Пакупнікам прапануюць прадукцыю ад розных вытворцаў».
Закуліссе адкрытага сэрца.
Век жыві — век вучыся.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.