Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


Гумар даўгалецця

Выявілі карысць смеху для здароўя сасудаў і лёгкіх

Смехатэрапія, сцвярджаюць навукоўцы, здольная знізіць узровень дэпрэсіі і палепшыць самаадчуванне пацыентаў з гінекалагічным ракам. Эксперты ацанілі апублікаваныя «Известиями» апошнія навуковыя даныя пра ўплыў пачуцця гумару і здольнасці да весялосці на арганізм і псіхаэмацыянальны стан.

Смех аказвае станоўчы ўплыў на здароўе пажылых і цяжкахворых пацыентаў, адзначылі навукоўцы кафедры медсясцёр грамадскай аховы здароўя факультэта сястрынскай справы ўніверсітэта Хаджатэпэ (Турцыя). Яны апублікавалі аглядны артыкул, у якім паказалі, што хасья-ёга, практыка групавога смеху, станоўча ўплывае на фізічныя функцыі і псіхасацыяльныя паказчыкі ў людзей сталага ўзросту.

Медыкі ж з псіхіятрычнага аддзялення паўднёвакарэйскага ўніверсітэта Ча выявілі станоўчы ўплыў групавых сеансаў смеху ў спалучэнні з музыкатэрапіяй на жанчын з гінекалагічнымі формамі раку. У выніку «група смеху» прадэманстравала паляпшэнні ў дачыненні да стрэсу і дэпрэсіі ды паляпшэнне эмацыянальнага і функцыянальнага дабрабыту.

Па словах вядучага эксперта Цэнтра малекулярнай дыягностыкі CMD ЦНДІ эпідэміялогіі Расспажыўнагляду Кіры Глінкі, смех аказвае дабратворны ўплыў на сасуды і органы дыхання, бо паляпшаецца кровазабеспячэнне органаў і тканак.

Як адзначыў уладальнік медыцынскай анлайн-лабараторыі Lab4U Валерый Савановіч, моцна смеючыся, чалавек глыбока дыхае, а гэта паскарае абнаўленне запасаў кіслароду ў клетках і выпроствае бронхі і лёгкія.


Чаўнок да зор

У Расіі створаць новы шматразовы арбітальны карабель

Распрацоўшчык касмічнага карабля «Буран» навукова-вытворчае аб'яднанне «Маланка» створыць новы аэракасмічны карабель грамадзянскага прызначэння. Пра гэта паведаміла прэс-служба прадпрыемства са спасылкай на гендырэктара Вольгу Сакалову. Першы палёт у космас, па яе словах, чаўнок здзейсніць ужо ў найбліжэйшыя пяць гадоў.

«За апошні год мы прасунуліся вельмі сур'ёзна ў плане распрацоўкі новага аэракасмічнага комплексу грамадзянскага прызначэння. Да гэтага моманту існавалі нейкія асобныя напрацоўкі, але не было выразнай задачы. Зараз задача пастаўлена і поўным ходам ідзе распрацоўка грамадзянскага шматразовага комплексу з арбітальным самалётам», — заявіла яна. Поўнапамерны макет карабля быў прадстаўлены ў закрытым павільёне на форуме «Армія 2020», адзначыла Сакалова.


17 хвілін пекла...

Раскрыта таямніца смерці рымлян ад вывяржэння Везувія

Па даных археолагаў Універсітэта Цісайда ў Вялікабрытаніі, тэмпература ўнутры піракластычнага воблака, якое накрыла людзей, дасягала 300—400 градусаў Цэльсія. Гэта менш, чым пры крэмацыі. Пра гэта паведамляе выданне Conversatіon.

У такіх умовах мяккія тканкі абязводжваюцца, сцягваюцца, а целы прымаюць становішча эмбрыёна. Скура распластоўваецца, агаляючы больш глыбокія тканкі, унутраныя органы разбураюцца, і застаецца адзін шкілет.

Косткі трэскаюцца і фрагментуюцца па-рознаму ў залежнасці ад наяўнасці або адсутнасці мяккіх тканак. Яны мяняюць колер па меры страты вугляроду, дэфармуюцца і сціскаюцца, пры гэтым усаджванне дасягае 30 працэнтаў.

Археолагі кажуць, што па астанках можна вызначыць акалічнасці смерці жыхароў, якія задыхнуліся і абгарэлі ўсяго за 17 хвілін як у Пампеях, так і ў Геркулануме.

Аналіз шкілетаў паказаў, што многім жыхарам Геркуланума ўдалося збегчы да ўзбярэжжа, дзе яны схаваліся ў каменных лодачных дамах. Мужчыны загінулі на адкрытай мясцовасці, а жанчыны і дзеці — унутры памяшканняў.


Цукар для мозгу

Устаноўлена сувязь паміж праблемамі з памяццю і прысмакамі

Празмернае ўжыванне прысмакаў у дзіцячым узросце пагражае далейшымі праблемамі з памяццю, паказалі вынікі даследавання амерыканскіх вучоных, апублікаваныя ў часопісе Translatіonal Psychіatry.

Спецыялісты падчас эксперымента падзялілі пацукоў на дзве групы, адну з якіх рэгулярна паілі салодкімі напоямі з самага дзяцінства. Пасля ўжо дарослым асобінам правялі тэсты на памяць. У выніку высветлілася, што ў гэтых грызуноў парушаны функцыі гіпакампу — вобласці мозгу, якая адказвае за памяць.

Даследчыкі адзначаюць, што дзеці ва ўзросце ад чатырох да шасці гадоў павінны ўжываць не больш за 19 грамаў цукру ў дзень, ад сямі да дзесяці гадоў — 24 грамы, ад адзінаццаці і старэйшыя — не больш за 30 грамаў.

У далейшым плануецца высветліць, ці дапамогуць больш здаровая дыета ці фізічныя нагрузкі нівеліраваць шкоду, нанесеную цукрам.


З «тварам» клоўна

Павук названы ў гонар героя мультфільма «У пошуках Нэма»

Новы від павука-паўліна (Maratus), які знайшоў навуковец Джозэф Шуберт у Паўднёвай Аўстраліі, атрымаў назву Нэма ў гонар рыбкі-клоўна — галоўнага героя мультфільма студыі Pіxar «У пошуках Нэма». Пра гэта паведаміла выданне Daіly Maіl.

Павук памерам з рысавае зярнятка атрымаў такое імя з-за пераліўных белых і аранжавых палос, якія, па словах экспертаў, ён выкарыстоўвае для прыцягнення самак у шлюбны перыяд.

«У яго сапраўды яркі аранжавы «твар» з белымі палоскамі, які падобны на рыбу-клоўна. Таму я падумаў, што імя Нэма сапраўды яму падыходзіць», — адзначыў Шуберт.

Ён таксама адзначыў: павук быў знойдзены ў балоцістай мясцовасці, што для гэтага роду незвычайна. «Ні адзін іншы Maratus не засяляе такія тэрыторыі», — дадаў вучоны.

Павукі-паўліны вядомыя яркай афарбоўкай самцоў і «танцамі» падчас заляцанняў. У цяперашні час вядома 92 віды гэтых членістаногіх.


Скрозь палярную ноч

Новая спадарожнікавая сістэма арганізуе навігацыю

Касмічныя апараты «Арктыка-М» са сканіравальнай апаратурай, распрацаванай «Расійскімі касмічнымі сістэмамі», дазволяць весці бесперапынную рознамаштабную здымку прыпалярнай вобласці з перыядычнасцю ад 15 да 30 хвілін.

Раздзяляльная здольнасць на паверхні складзе ад аднаго да чатырох кіламетраў, што дапаможа арганізаваць навігацыю на Паўночным марскім шляху. Гэта асабліва актуальна зараз, калі ў суседзяў на дзяржаўным узроўні ўзяты курс на забеспячэнне суднаходства і авіяцыйнага паведамлення ў арктычных абласцях.

Пры паказанай частаце здымкі будзе відаць, як рухаюцца ледзяныя палі, дзе ўтвараюцца вялікія шырокія расколіны. Раней усю прыпалярную вобласць з такой частатой ніхто ніколі не назіраў. Зараз нізкаарбітальныя апараты здымаюць паверхню Зямлі з перыядычнасцю каля 90 хвілін.

Акрамя таго, складанасць для назіранняў таксама ўяўляла палярная ноч, якая доўжыцца паўгода. Аднак абсталяванне, устаноўленае на спадарожніку «Арктыка-М», адначасова вядзе назіранне ў дзесяці спектральных дыяпазонах, сем з якіх — цеплавыя. Гэта дазволіць рабіць здымку днём і ноччу. Першы такі спадарожнік для маніторынгу клімату Арктычнага рэгіёна быў выведзены на арбіту ў канцы лютага.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?