Вы тут

Народны мастак Беларусі Іван Міско марыць усталяваць помнік удовам вайны


Майстэрня-музей народнага мастака Беларусі Івана Міско — свет неверагодны, утульны і таямнічы... За кожнай скульптурай, эскізам, гіпсавай маскай — свая гісторыя... І новыя гісторыі, новыя задумы чуеш ад гаспадара. Вось і ў гэты візіт Іван Якімавіч быў заняты тым, што сачыняў вітанне свайму даўняму знаёмаму, першаму румынскаму касманаўту Думітру Прунарыю, зразумела, з дадаткам у выглядзе эскіза скульптурнага партрэта... А яшчэ адной задумай скульптар падзяліцца не мог: мусіць трымаць ідэю ў таямніцы. Бо хоча прыняць удзел у конкурсе на мемарыяльны знак у гонар уз'яднання Заходняй Беларусі з БССР, які ўжо афіцыйна аб'яўлены.


Эскіз партрэта Ігара Лучанка, які не раз бываў у гэтай майстэрні.

Хлопчык з хутара

— Дзе ж будзе стаяць гэты знак?

— У Мінску, непадалёк ад Палаца спорту і музея Вялікай Айчыннай вайны. Месца вельмі добрае, мы туды з'ездзілі, паглядзелі... Мусіць быць нешта маштабнае... Там не пройдзе станковы від скульптуры. Не мог не ўзяцца за гэтую тэму. Я ж нарадзіўся на хутары Чамяры ў Слонімскім раёне, якраз у Заходняй Беларусі. Вельмі добра памятаю 1939 год... Раніца... Туманістая такая... Нам, дзецям, сказалі: ідзіце ў панскі сад, паспелі антонаўкі... А памешчыкаў жа няма, паўцякалі. І мы, дзятва, пабеглі з кашолкамі, ірвалі спелыя антонаўкі, выходзілі на шасэйную дарогу і кідалі савецкім танкістам гэтыя яблыкі... Памятаю арганізацыю калгасаў. Мой бацька быў актывістам. Дарэчы, вядомы падпольшчык Сяргей Прытыцкі ў часы панскай Польшчы якраз у нашай вёсцы хаваўся.

— Нават з класічнай літаратуры вядома, колькі балючага здаралася падчас калектывізацыі...

— Усякае было. Неяк бацька прыйшоў дадому і кажа майму дзеду: «Тата, трэба воз, лейцы, хамут аддаць у калгас». Дзед прыўзняўся з печкі: «А ты сваймі рукамі што-небудзь з гэтага зрабіў?» Саскочыў, узяў сякеру, і паміж бацькам і сынам пачалася бойка... Гэта ўсё адбывалася на маіх вачах. Яшчэ што памятаецца... У вёску ўпершыню прыехаў трактар, які тады называлі «жалезным канём». Вяскоўцы казалі: «Жалезны конь аўса не есць, а чым яго карміць?». Аралі, аралі гэтым жалезным канём, загналі некуды ў гліну, ён там так засеў, што давялося двума звычайнымі коньмі выцягваць. На гэтым скончылася аранне трактарам. Людзі жартавалі: «Кепска жалезнага каня кармілі».

— Што тады для вас яшчэ змянілася?

— У 1940-м у нас з'явіліся першыя піянерскія атрады. Непадалёк ад нашага дома, у лесе, сярод старых дубоў, на паляне, з зямлі выклалі зорку. Пяць метраў у дыяметры, даволі вялікая. У сярэдзіне зоркі ладзілі вогнішча. Вечарам мы, дзятва, сядзелі на старых дубах і назіралі, як на фоне гэтага вогнішча адбываўся прыём у піянеры. Мы зайздросцілі... Усім хацелася такі гальштук, але мы былі занадта малыя. Запомнілася полымя вогнішча, цёмныя сілуэты на яго фоне, наша радасць і зайздрасць... А калі пачалася вайна і многія з моладзі сышлі ў партызаны, гэтая зорачка стала для іх паролем. Калі сыходзілі на заданне, напрыклад, узрываць цягнік, казалі: «Дзе сустракаемся?» — «Каля зорачкі». Гэтая зорачка і па сёння існуе. Мяне там ужо сталага прымалі ў ганаровыя піянеры. І тады тыя з першых піянераў, хто быў яшчэ жывы, папрасілі: «Іван, зрабі тут помнік». І я зрабіў мемарыяльны знак, прысвечаны першым піянерам Слонімскага раёна. І сёння туды прыходзяць школьнікі. Неяк прыехаў у вёску і пайшоў да зорачкі са сваімі малымі сваякамі, і нехта з іх наступіў на зорачку нагой. А іншы як дасць яму па вуху: «Ты стаў нагамі на нашу зорачку!»

— Напэўна, пасля 1939-га пачаліся і раскулачванні?

— Так. Раскулачвалі... Зямлю забіралі... Калі ў тваім доме была драўляная падлога, ты ўжо лічыўся багатым. А калі пачалася вайна, многія з раскулачаных вярнуліся і пачалі помсціць, ішлі ў паліцыю. У нас дома падлога была гліняная. Але ўрэзалася ў памяць, як пасля вайны дзед спілаваў старыя яблыні і заліў вадой вулей, бо за іх трэба было плаціць вялікі падатак. Усякае было... Сусед наш сказаў на фатаграфію Сталіна «Антыхрыст» — тры гады адседзеў. За адно слова. Усе баяліся адзін аднаго, сваякоў, нічога не абмяркоўвалі.

Эскіз помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах.

Тэма вайны таксама блізкая скульптару. «Масюкоўшчына, 1941 г.». Ваеннапалонным Масюкоўшчыны прысвячаецца.

«Сёння не начуйце дома, хавайцеся ў лесе...»

— Вы — адзін з аўтараў манумента ў гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне... Ці збіраецеся вяртацца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны?

— Вельмі хацелася б усталяваць помнік удовам Вялікай Айчыннай вайны. Аб'явіць рэспубліканскі конкурс, адкрыць рахунак, знайсці сродкі, хоць гэта сёння цяжка. Жанчыны ў ваенны і пасляваенны час вынеслі на сваіх плячах агромністы цяжар, фактычна, лёс краіны. Такі помнік неабходны, ён паказаў бы тэму вайны ў новым ракурсе, паспрыяў бы выхаванню ў моладзі гістарычнай памяці, бо ў кожным родзе былі жанчыны, якія страцілі мужоў, братоў, сыноў... І кожны зможа пазнаць у такім помніку сваю маці, бабулю, прабабулю. Звярталіся ў Саюз жанчын Беларусі, ідэя спадабалася, але ўсё, як звычайна, упіраецца ў фінансацыю. Між іншым, да мяне прыходзілі лісты з Салігорска, Слуцка, ад простых грамадзян, якія прапаноўвалі ідэю такога помніка. Тэма цяжкая, балючая... Успамінаю, калі бацька быў на фронце, мы на карове аралі. Вечарам хацелася малака — а яго няма, карова не дае. А мы, малыя, не разумеем, злуемся... Памятаю першы дзень вайны... Прыйшлі немцы, зайшлі ў хлеў, выгналі кабана, застрэлілі, злавілі ўсіх курэй, распалілі вогнішча і ўчынілі п'янку. У кожнага немца быў губны гармонік, крычалі «Сталін капут!» Гэта было страшна... І вось што цікава... Вёска доўгая, хутар наш увогуле ў аддаленні... Але нам усім заўсёды ў час перадавалі: сёння не начуйце дома, хавайцеся ў лесе, прыязджаюць карнікі. Мы бралі адзенне, коўдру... А раніцай вярталіся. Нехта ж папярэджваў? Хто? Мусіць, быў свой чалавек у паліцыі, у немцаў.

— А заканчэнне вайны памятаеце?

— Прыйшлі мы ў школу 9 мая. А заняткаў няма. Мы не ведаем, што здарылася. Потым нехта прыехаў са Слоніма, загадаў сабраць вучняў і сказаў: «Заняткаў сёння не будзе. Ідзіце дамоў. А па дарозе заходзьце ў кожны дом і кажыце: «Вайна скончылася. Перамога». Мы так і рабілі... А калі я прыйшоў дахаты і сказаў тое ж маці, яна заплакала: «А ці жывы наш бацька?» Якраз тады яго паранілі пад Берлінам... Але ён вярнуўся. Калі я ўбачыў яго гімнасцёрку з узнагародамі, мне так захацелася яе надзець... Каўнер вялікі, маці завярнула некалькі складак ззаду, завязала неяк... І я хадзіў так па вёсцы і хваліўся. Хтосьці з вайны вяртаўся без рук, без ног... Але якая радасць была, што ў доме ёсць пах мужчыны! Бо што ні дом — сіроты. Успамінаю ўласнае пачуццё бездапаможнасці, калі трэба было малаціць, араць, а я яшчэ малы, нічога не магу... Сучасным дзецям цяжка гэта ўявіць. Абутку не было, ежа — крапіва. Хадзілі ў школу апухлыя ад голаду. Якая мода — абы хоць якую анучу адзець. Вялікі пінжак ці малы, вялікія боты ці малыя — нікога не цікавіла. З гумы шылі хадакі... І я навучыўся. Шыў буркі і шапкі-васьміклінкі, сам навучыўся. Прынеслі аднекуль швейную машынку «Зінгер»... Мы рана сталелі. І курыць я рана вельмі пачаў. І жаніцца рана загарэлася.

— У колькі?

— У сем гадоў, на суседцы. Ёй было сорак. Памятаю, пасвілі кароў, і калі мая карова і яе з адной купіны траўку шчыпалі, пыска да пыскі, мне здавалася, гэта найвышэйшая праява кахання, і такая радасць, што побач мая карова і яе!.. Звыклы свет нашага дзяцінства — узрывы, бомбы, зброя... Якія там цацкі? Знайсці снарад, кінуць у вогнішча і чакаць, калі бабахне. Спаборніцтва ўчынялі, у каго варонка большая атрымаецца.

— Гінулі, напэўна, дзеці?

— Ды шмат... Памятаю, пайшлі з аднагодкам Мішам пастраляць. Сабралі вінтоўку... Кожную дэталь вінтоўкі хавалі асобна, бо хлопцы кралі адзін у аднаго. Які ж ты пацан, калі ў цябе зброі няма, нагана альбо вінтоўкі? Дык вось, я кажу: «Міша, давай дамовімся: ты націскаеш на курок, а я буду глядзець, як куля выходзіць са ствала праз нарэзы. І калі яна будзе на выхадзе, я галаву адвярну, каб ты мне ў вока не трапіў». На шчасце, Міша выстраліў раней часу, мне над вухам, я аглух. Больш не стралялі. Калі праз шмат гадоў, пасля атрымання Дзяржаўнай прэміі СССР, у мяне была ўрачыстая сустрэча з аднавяскоўцамі, Міша ўстаў з залы і кажа: «Іван, а можна я раскажу, як ты захацеў паглядзець, як куля са ствала выходзіць?» Пасля расповеду ў зале доўга стаяла цішыня.

У скульптуры касманаўта Алега Навіцкага майстар імкнецца перадаць моц і непахіснасць чалавека, які рушыць да мэты.

«Вырашылі выкапаць яму, паглядзець, што на тым баку зямлі»

— Малявалі ў дзяцінстве?

— Маляваў заўсёды, нават калі яшчэ ў школу не хадзіў. Была ў нас вялікая пабеленая печ. Калі бацькі кудысьці сыходзілі, я даставаў з печы вуглі і маляваў. Бацькі вярталіся, і я кожны раз чакаў, калі яны возьмуць папругу і адлупцуюць мяне... Але так і не дачакаўся. Памятаю, сусед прыходзіць і пытаецца ў маці: «А хто гэта намаляваў?» — «Ды мой Ванька».— «Дык, можа, ён будзе мастаком?» — «Можа, і будзе». Печ захавалася, мне прапаноўваюць яе адрэстаўрыраваць, зняць грунты, знайсці мае першыя малюнкі... Пакуль рэстаўратар не знайшоўся. Калі ў мяне пытаюцца парады, як дапамагчы дзіцяці выбраць прафесію, я кажу адно: бацькі не павінны перашкаджаць дзіцяці зрабіць гэты выбар самому.

— І больш ніхто з вашага роду не быў мастаком?

— Не. Вось педагогі былі. Праўда, хто такі настаўнік быў раней? Ідзе па вёсцы, мужык спыняецца перад ім, здымае шапку і нізка кланяецца. Такая павага была! А сёння? Што ў мяне было з дзяцінства — прага спазнаць неспазнанае. Ляціць самалёт, а я пакутую: чаму не я яго зрабіў? Неяк у мяне спыталі: ты можаш бегчы і не дыхаць? І я трэніраваўся, пакуль не падаў... Аднойчы сабраў хлапчукоў, намовіў выкапаць яму, паглядзець, што на тым баку зямлі. Капалі, пакуль нас не прагнаў мой дзед.

— Калі ж вы з'ехалі з вёскі?

— Як у армію забралі... Паступіў у мастацкае вучылішча, але чамусьці паклікалі ў ваенкамат у Слоніме. Прыйшоў... Вечарам аб'яўляюць: ідзіце дадому, мы вас праз паўгода забяром. Як гэта я пайду дамому? Хто за мяне тады замуж пойдзе? Скажуць — хворы, слабы... Забірайце ў армію зараз! Я заўсёды быў упарты, настаяў на сваім. А тых, хто тады вярнуўся дадому, чамусьці так і не прызвалі. І ніхто з іх у выніку не атрымаў адукацыю. Мяне пасадзілі ў эшалон, і — у Забайкалле. 1952 год, камандзіры ўсе ўдзельнікі вайны. А камандзір дывізіі быў двойчы Герой Савецкага Саюза Давід Драгунскі. Мяне хацелі пакінуць на звыштэрміновую службу, знайшлі мне нявесту — татарку па прозвішчы Сафіуліна, невысокага росту, але вельмі прыгожую... Якраз тады я намаляваў партрэт камандзіра дывізіі алейнымі фарбамі. Драгунскі паглядзеў на карціну і сказаў: «Табе не жаніцца трэба, не ў арміі служыць... Едзь і вучыся на мастака». А так мог бы застацца, жаніцца на той татарачцы... І вось яшчэ які лёс... Мне даверылі зрабіць надмагілле касманаўта Берагавога, з якім я быў добра знаёмы. Ён пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве. І аказалася, што магілы Берагавога і Драгунскага побач, літаральна ўшчыльную.

— Вось знаёмы макет помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах... Ваш аўтарскі калектыў — вы, Уладзімір Піпін і Сяргей Логвінаў, выйграў творчы конкурс. Які лёс помніка?

— Зрабілі макет у натуральную велічыню, павязём у Стоўбцы, усталюем на плошчы, каб паглядзець, як упішацца. Запросім прэсу. У Стоўбцах правядзём суботнік, атрыманыя грошы ад якога пойдуць на ўстаноўку помніка. Бо хоць рахунак адкрылі, але сродкаў вельмі мала. У наступным годзе юбілей Коласа, хацелася б да гэтай даты паспець. Хацелася б, нарэшце, і помнік знакамітай мастачцы Надзеі Лежэ-Хадасевіч паставіць... Пры жыцці яна прапаноўвала бясплатна на казырку мінскага Палаца спорту зманціраваць мазаіку яе мужа, французскага мастака Фернанда Лежэ. Чаму б не вярнуцца да яе мары? Ну і яшчэ адно... У наступным годзе, у лютым, і ў мяне юбілей, дзевяноста гадоў. Я вельмі чакаю гэтую выдатную дату. Хачу зрабіць персанальную выставу.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Антонаўкі для танкістаў і яміна на той бок зямлі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент

Грамадства

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Ча­му зні­кае ва­да з кра­наў

Спё­ка — час для эка­но­міі ці па­лі­ву ага­ро­даў?

Грамадства

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Водар лаванды вабіць на Веткаўшчыну

Як выглядае «беларускі Праванс», дакладна ведаюць жыхары глыбінкі Гомельскай вобласці.