Вы тут

Апусцела без цябе зямля. 23 мая спаўняецца 25 гадоў з дня гібелі першага Героя Беларусі Уладзіміра Карвата


Вось так бывае: яшчэ некалькі дзён таму намервалася да сумнай даты напісаць тэкст пра Уладзіміра Карвата, а зараз, выходзіць, трэба пісаць пра траіх. Бо зноў жа ў маі, зноў жа ў Баранавічах подзвіг Уладзіміра Мікалаевіча паўтарылі па ўзросце — яго сыны, цяперашнія беларускія лётчыкі — Андрэй Нічыпорчык і Мікіта Куканенка. Як тады Уладзімір ад вёскі, яны адвялі фактычна некіраваны самалёт ад горада і засталіся ў небе назаўсёды.


Каля помніка Карвату ў Брэсце ў гэты дзень заўсёды збіраюцца яго саслужыўцы па 61-й авіябазе, аднакласнікі. Прыходзяць цяперашнія вучні восьмай школы, родныя, знаёмыя. Ускладваюць кветкі, маўчаць.

Храналогія подзвігу падпалкоўніка Карвата ўвайшла ў энцыклапедыі. Падчас выканання вучэбна-трэніровачнага палёту самалёт Су-27 стаў губляць вышыню, лётчык атрымаў загад з зямлі пакінуць машыну. Ён мог бы выканаць загад і застацца жывы... Але перад сабой Уладзімір бачыў населены пункт і да апошняга стараўся адвесці самалёт убок, у поле. Ён мог бы выканаць загад, а самалёт цалкам верагодна, нікога не зачапіў бы, і ўсе засталіся б жывыя. Але за некалькі секунд нельга было разлічыць дакладна траекторыю падзення некіраванага знішчальніка, за некалькі секунд можна было прыняць рашэнне, якое пазней назавуць подзвігам.

Падпалкоўнік адвёў самалёт ад населенага пункта Арабаўшчына Баранавіцкага раёна, машына ўпала ў полі разам з лётчыкам. Першымі яго знайшлі мясцовыя жыхары, якія паспяшаліся на месца катастрофы ў спадзяванні дапамагчы пілоту. Яны і ўбачылі, што рукі яго так і засталіся на прыборах кіравання.

У Брэсцкай школе № 8, якую ў свой час скончыў Уладзімір Карват і якая носіць яго імя цяпер, ёсць Музей лётнай славы. Экскурсіі для наведвальнікаў тут праводзяць вучні старэйшых класаў. Вучні пішуць сачыненні на зададзеную тэму, у музей прыходзяць на ўрокі мужнасці.

У гэтыя дні словы падтрымкі звычайна адрасуюць жонцы героя Ніне Кірылаўне, яго дачцэ і сыну, якія ўжо маюць сваіх дзяцей. На жаль, няма ўжо маці Уладзіміра Агрыпіны Дзмітрыеўны. За шмат гадоў яна так і не змагла змірыцца са сваёй стратай, прывыкнуць да адчування, што любімы сын не прыйдзе да яе. Арыпіна Дзмітрыеўна па сваёй прыроднай дабрыні не магла адмовіць, калі яе прасілі прыйсці на якое-небудзь мерапрыемства, а там не магла справіцца са слязьмі. Гэтая простая жанчына ўвасабляла сабой мацярынскія пакуты ад страты дзяцей. Гледзячы на яе абавязкова ахоплівала адчуванне, што маці не патрэбны сыны-героі. Матулям патрэбны жывыя сыны!

Аб гэтым хочацца літаральна крычаць і сёння. Бо няма такой меры, якой вымяраецца гора матуль Андрэя і Мікіты, іх жонак, дзяцей, блізкіх. А для нас яны ўжо — героі. Зрабілі амаль неверагоднае, адвялі бяду ад людзей. Пакуль мала падрабязнасцяў, але ў Баранавічах гавораць аб тым, што лётчыкі фактычна ў час катастрофы здолелі скінуць шмат паліва з бакаў. Бо калі б апошнія былі поўныя, наступствы выбуху для найбліжэйшых дамоў і іх насельнікаў прадказаць цяжка. Яны выцягвалі непаслухмяны самалёт да апошняга. Яны загінулі, каб папярэдзіць гібель мірных жыхароў, значыць, аддалі жыццё за радзіму.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.