Вы тут

Сям'я Кудзіных дагэтуль жыве ў аварыйным доме. Чаму пытанне яшчэ не вырашана?


Дом нумар 76 па вуліцы Валгаградскай, як і два іншыя дамы паблізу, быў прызнаны аварыйным яшчэ ў 2000-х. Апошнія жыхары выехалі адсюль летась. Усе, акрамя Кудзіных. Пенсіянерка Ларыса Аркадзеўна, яе муж з анкалагічным захворваннем і іх сын да гэтага часу застаюцца ў аварыйным доме.


У адселеныя дамы, што чакаюць зносу, часта самавольна засяляюцца асобы без пэўнага месца жыхарства.

Верыць — не верыць?

«Звязда» пісала пра Кудзіных каля трох месяцаў назад. З тых часоў у жыцці гэтай сям'і мала што змянілася. Новае жыллё па-ранейшаму здаецца Ларысе Аркадзеўне марай. Яна не верыць у тое, што калі-небудзь пераедзе ў выдзеленую ім кватэру.

— Занадта доўга нам казалі «чакайце». Карэспандэнту «Звязды», куды звярнулася мая сяброўка яшчэ ў лютым у надзеі на дапамогу з вырашэннем нашага пытання, ва УКБ Цэнтральнага раёна Мінска сказалі, што мы пераедзем у красавіку, самае позняе — у маі. Ну што ж, будзем чакаць канца мая, — уздыхае Ларыса Аркадзеўна.

У раёне вуліцы Валгаградскай, дзе стаяць тры старыя дамы (у тым ліку і 76-ы, дзе жывуць Кудзіны), будуць узведзены пяць сучасных жылых шматкватэрных дамоў, расказалі ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна Мінска.

Завяршэнне праектных работ па гэтых дамах запланавана на снежань 2021 года, а знос старых канструкцый плануецца скончыць да канца бягучага года. Але пакуль што ў старых дамах па Валгаградскай яшчэ застаюцца жыхары.

— У суседніх дамах не пераехалі з аварыйнага жылля тыя, чые кватэры не прыватызаваныя, — кажа Кудзіна. — Напрыклад, у суседнім доме жыве наш сабрат па няшчасці — чалавек, які пакутуе на алкагалізм. А мы прыватызавалі кватэру чатыры гады таму і заўсёды акуратна плацім за камуналку.

Бясконцая гісторыя

Нагадаем гісторыю сям'і Кудзіных, якія ўжо амаль страцілі надзею выехаць з аварыйнага жылля. У дом, які цяпер павінны знесці, сям'я засялілася ў далёкім 1974 годзе. Па сутнасці, тут Ларыса і Мікалай Кудзіны пражылі ўсё жыццё. Ларыса Аркадзеўна працавала на тэлефоннай станцыі, Мікалай Васілевіч быў вайскоўцам, на пенсію выйшаў старшым прапаршчыкам. Дом недалёка ад Севастопальскага парку, куды пераехала тады яшчэ маладая сям'я, нават амаль 40 гадоў таму быў зусім не новы.

— Нам сказалі, што мы пражывём у гэтай кватэры ўсяго дзесяць гадоў. Потым тры дамы пойдуць пад знос, і мы атрымаем добраўпарадкаванае жыллё, — успамінае гаспадыня кватэры. — А аказалася — засталіся мы тут на ўсё жыццё ... У гэтай кватэры мы з мужам сустрэлі свае 70-гадовыя юбілеі...

Словам, да нашага 2021 года дом, у якім жыве сям'я Кудзіных, ужо даўно выпрацаваў свой рэсурс. Трубы, праводка, перакрыцці, вокны і дзвярныя праёмы — усё гэта ўжо не падлягае аднаўленню. Прасядае і цячэ столь, на вільготных сценах уздуваюцца і адслойваюцца шпалеры. Ніякі рамонт тут не дапаможа, будынак цалкам правамерна вырашана знесці.

У ліпені мінулага года Кудзіным далі двухпакаёвую кватэру ў Сцяпянцы. У дакуменце ад 07.07.2020 гаворыцца, што па рашэнні Мінгарвыканкама Кудзіну Мікалаю Васілевічу, Кудзіну Васілю Мікалаевічу і Кудзінай Ларысе Аркадзеўне (уласнікам 1/3 долі) даецца двухпакаёвая кватэра па вул. Карвата, агульная плошча 49,9 кв. м. Сям'я дала згоду на перасяленне ў прадстаўленую кватэру і стала чакаць дакументы на засяленне. І па сёння... усё яшчэ чакае.

Чаму ж так доўга? Сітуацыю з сям'ёй Кудзіных нам растлумачыў намеснік дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна Мінска Максім Дзянісік:

— Першапачаткова афармляецца акт выбару месца размяшчэння зямельнага ўчастка і паралельна робіцца ацэнка нерухомай маёмасці на гэтай тэрыторыі. Калі акт зацвярджаецца Мінгарвыканкамам, рыхтуецца рашэнне аб маючым адбыцца адабранні. Гэта рашэнне ў нас было ў 2018 годзе 20 верасня. У адпаведнасці з заканадаўствам, забудоўшчыку выдзяляецца пэўны набор кватэр. Па законе кватэра павінна быць супастаўная па агульнай плошчы з той, з якой жыхары выязджаюць. Згода на пераезд у кватэру на вуліцы Карвата сям'я Кудзіных дала 15.07.2020. Справаздача «Белгіпразема» па гэтай нерухомай маёмасці была перададзена нам 23.08.2020. Пасля гэтага мы падрыхтавалі праект рашэння аб выдзяленні жылога памяшкання ва ўласнасць грамадзян. 7 верасня быў распачаты працэс узгаднення ўсіх дакументаў у Мінгарвыканкаме. Затрымак з нашага боку не было. Але тэрмін дзеяння рашэння аб забранні — самага першага дакумента ў гэтым спісе — складае 2 гады. Ён скончыўся 20.09.2020. Такім чынам, працэдуру прыйшлося пачынаць спачатку.

Воз і цяпер там?..

Ужо зацверджаны паўторны акт выбару зямельнага ўчастка, паўторна ўзгоднены многія неабходныя дакументы, адзначыў Максім Дзянісік.

— Зараз фактычную ацэнку дае «Белгіпразем», пасля гэтага падрыхтоўваецца рашэнне аб выдзяленні нерухомай маёмасці грамадзянам (на яго ўзгадненне спатрэбіцца каля двух тыдняў) — і ўсё, сям'я Кудзіных пераедзе ў новую кватэру, — запэўнілі ва УКБ Цэнтральнага раёна Мінска.

— Значыць, да канца мая сям'я можа і не пераехаць?

— Так можа атрымацца. Але ў любым выпадку яны пераедуць у новую кватэру ў найбліжэйшы час. УКБ робіць усё неабходнае для паскарэння гэтага працэсу.

Але Ларысе Аркадзеўне і яе сям'і нават не верыцца, што канец іх пакут блізкі: практычна ўвесь апошні год яны занятыя... вымушанымі цеснымі зносінамі з асобамі без пэўнага месца жыхарства.

Бяздомныя аблюбавалі пакінутыя жыхарамі кватэры адселенага дома яшчэ зімой. Разам з новымі «суседзямі» ў і без таго складаны побыт Кудзіных прыйшлі і новыя праблемы: ад антысанітарыі да пагрозы пажару. Кудзіны звярнуліся ў Мінгарвыканкам, і вокны на першым паверсе іх дома цяпер забіты фанерай. Але час ад часу «захопнікаў» па-ранейшаму даводзіцца высяляць, наракае суразмоўніца.

— Дзверы пад'езда мы закрываем толькі на ноч, — распавядае Кудзіна. — Справа ў тым, што наш пад'езд мы закрываем толькі знутры, таму што звонку адкрыць яго не можам. Так што, калі ўсе сыходзяць з кватэры, пад'езд застаецца адкрытым. Таму не выязджаю на дачу, хоць мужу патрэбна свежае паветра: ён жа цяжка хворы, а ў ранейшыя гады налета я заўсёды вывозіла яго за горад. Ды пакінуць пад'езд адкрытым надоўга страшна. Вось нядаўна «жыхара» высялялі з міліцыяй. На дзесяць хвілін выйшла ў краму — і ў пад'езд тут жа ўсяліўся бяздомны: гляджу, паміж паверхамі з'явіліся цюфяк, коўдра. Не хацеў сыходзіць, прыйшлося выклікаць міліцыю. Зараз лета, бяздомныя будуць заходзіць да нас у дом радзей. І ўсё ж ужо хацелася б пачаць жыць па-чалавечы, у нармальных умовах. Ва УКБ сказалі, што кватэра, на якую мы далі згоду, будзе наша. Зцасталося дачакацца ўсіх узгадненняў. Будзем чакаць.

Аляксандра АНЦАЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Кватэрнае пытанне»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».