Вы тут

Рубель умацоўваецца і гэта хутчэй за ўсё — надоўга


Пакуль рана казаць аб заканчэнні крызісу, выкліканага пандэміяй COVID-19. Аднак валютны рынак дэманструе дзіўную ўстойлівасць, а беларускі рубель умацоўваецца. Па выніках біржавых таргоў 21 мая курс долара склаўся на ўзроўні 2,5089 рубля, што значна ніжэй за максімум бягучага года. Мы пастараемся адшукаць прычыны такіх паводзінаў валют на нашым рынку.


Знешні гандль прыносіць «дывідэнды»

І сапраўды, аб'ём экспарту ў студзені-лютым гэтага года склаў 6450,8 млн долараў, што на 16 % больш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Пры гэтым імпарт паказаў больш сціплы рост — 5694,7 млн долараў, што на 10,3 % больш, чым летась. У выніку станоўчае сальда знешняга гандлю склалася на ўзроўні 756,1 млн супраць 396,4 млн долараў годам раней. Нават знешні гандаль таварамі, якая звычайна спрыяла адтоку валюты з краіны, выйшла ў плюс, хай не вялікі ($88 млн), але ўсё ж такі.

На думку фінансавага аналітыка Дзмітрыя Нарывончыка, галоўная прычына апераджальнага росту экспарту — павелічэнне вартасных аб'ёмаў сыравіннага складніка. Бо з 880 млн долараў прыросту экспарту $620 млн прыйшліся на ключавыя напрамкі сыравіннага экспарту — перапрацоўку расійскай нафты і продаж калійных угнаенняў. Уклад ад рэалізацыі беларускай прадукцыі несыравіннага характару ў прырост экспарту не перавышае $260 млн.

Парк высокіх тэхналогій не паддаўся на хітрыкі інфармацыйнага прэсінгу і спрацаваў досыць прыбыткова. І нават нягледзячы на прагназуемы адток спецыялістаў сферы інфармацыйных тэхналогій, станоўчае сальда знешняга гандлю ІТ-паслугамі не стала менш. Толькі за два першыя месяцы года ў капілку краіны ўдалося пакласці 668,1 млн долараў (у студзені-лютым 2020 года — $641,8 млн).

Гэтыя дадзеныя сведчаць аб тым, што грашовы паток ад знешняга гандлю працягвае заставацца станоўчым, нягледзячы на прынятыя ў дачыненні да нашай краіны санкцыі.

Прадаюць больш чым купляюць

Статыстыка па валютным рынку за студзень-красавік гэтага года дэманструе, што суб'екты гаспадарання, нерэзідэнты і банкі сталі чыстымі прадаўцамі замежных грашовых адзінак з перавышэннем аб'ёму прададзенай валюты над набытай. За разгляданы намі перыяд яны прадалі на 420,6 млн долараў больш, чым купілі. У мінулым годзе юрыдычныя асобы дэманстравалі павышаны попыт на валюту і за такі ж перыяд купілі на 759,4 млн долараў больш, чым прадалі. Ва ўмовах, калі курс долара рос па некалькі капеек у дзень, «уцёкі ў валюту» былі натуральным жаданнем прадпрымальнікаў захаваць заробленае.

Цяпер сітуацыя зваротная. У гэты час умацаванне беларускага рубля прыносіць страты тым, чые звычайныя гаспадарчыя аперацыі здзяйсняюцца ў рублях, а свабодныя сродкі захоўваюцца ў валюце. Гэта прыводзіць да таго, што яшчэ большая частка «юрыкаў» пачынаюць прадаваць свае «зялёныя» запасы на біржавых таргах.

А вось вялікая частка насельніцтва да мясцовай валюты ставіцца скептычна. Менавіта фізічныя асобы па-ранейшаму працягваюць заставацца чыстымі пакупнікамі валюты: яны за чатыры месяцы набылі на 349 млн долараў больш, чым прадалі. У той жа час у параўнанні з мінулым годам перавышэнне попыту над прапановай істотна меншае. Бо ў студзені-красавіку мінулага года адмоўнае сальда па валюце дасягала 521,3 млн долараў.

Што мы маем у актыве? Па выніках першых чатырох месяцаў прапанова на валютным рынку перавысіла попыт, што садзейнічала ўмацаванню курсу беларускага рубля і дазволіла Нацыянальнаму банку стаць чыстым пакупніком валюты. А гэта прывяло да своечасовага назапашвання Нацбанкам золатавалютных рэзерваў належных аб'ёмаў.

Банкаўскія ўклады, тэндэнцыі мяняюцца

Яшчэ адным фактарам, які аказаў падтрымку валютнаму рынку, стала скарачэнне адтоку сродкаў з дэпазітаў. Паводле звестак аб стане шырокай грашовай масы, агульны аб'ём сродкаў у нацыянальнай валюце, размешчаных у дэпазітах, з 1 студзеня да 1 мая гэтага года скараціўся з 9180,7 млн рублёў да 8935,1 млн рублёў. Галоўная прычына — скарачэнне сродкаў юрыдычных асоб, што можа быць звязана з перыядам выплаты квартальных падаткаў.

Нам больш цікавы наступны паказчык. Дэпазіты фізічных асоб паказалі рост — з 4532,6 млн да 4655,7 млн рублёў (+2,7 %). Гэта яшчэ раз пацвярджае, што вострая стадыя крызісу ліквіднасці мінула і зараз галоўная задача банкаў — збалансаваць даходнасць крэдытнага партфеля і кошт грашовых рэсурсаў. Аналагічна нізкія тэмпы скарачэння назіраюцца па дэпазітах у замежнай валюце.

У цэлым дзякуючы нармалізацыі сітуацыі з банкаўскімі ўкладамі ўдалося пазбегнуць залішняга попыту на замежную валюту, які можна было назіраць у мінулым годзе, калі насельніцтва масава забірала з банкаў беларускія рублі і купляла замежныя грошы.

Па даўгах плацім менш. Пакуль

Яшчэ адным фактарам, які спрыяе скарачэнню адтоку валюты з краіны, стала часовая перадышка ў абслугоўванні дзяржаўнага доўгу. Паводле прэс-рэлізу Нацбанка, прысвечанага стану золатавалютных рэзерваў на 1 мая гэтага года, у красавіку на выкананне ўнутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце было накіравана 105 млн долараў. Але ў студзені мы плацілі па даўгах 410,6 млн долараў, у лютым — 250 млн долараў, а ў сакавіку – $310 млн.

У кароткатэрміновай перспектыве (да канца II квартала гэтага года) чакаецца паступленне другога транша расійскага крэдыту ў памеры 500 млн долараў, што таксама акажа падтрымку ўнутранаму валютнаму рынку. Акрамя таго, Беларусь рыхтуецца да размяшчэння дзяржаўных аблігацый на расійскім рынку. Гэта вынікае з прадпісанняў Указа ад 13.05.2021 № 183 «Аб прыцягненні знешніх дзяржаўных пазык». Запланаваны аб'ём эмісіі складае 100 млрд расійскіх рублёў, што эквівалентна 1,35 млрд долараў, а тэрмін звароту — 3 гады.

І яшчэ

Гэта ўжо шосты тыдзень запар умацавання беларускага рубля да валютнага кошыку, заявіў старшы аналітык кампаніі «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб. Аналітык не выключае, што ў хуткім часе долар можа знізіцца да 2,5 беларускага рубля, еўра застанецца паблізу 3,06 беларускага рубля, а расійскі рубель можа патаннець да 3,39 беларускага рубля за 100 расійскіх.

Трэба адзначыць, што кошт кошыка валют разлічваецца як сярэдняе геаметрычнае ўзважанае двухбаковых курсаў беларускага рубля да долара ЗША (USD), еўра (EUR), расійскага рубля (RUB) за 1 адзінку замежнай валюты з вагамі 0,3, 0,2 і 0,5 адпаведна. Гэта значыць, кошт кошыка валют разлічваецца як множанне значэнняў курсаў беларускага рубля да долара ЗША ў ступені 0,3, да еўра ў ступені 0,2 і да расійскага рубля ў ступені 0,5.

Акрамя таго, пры ўсталяванні курсаў валют банкі ўлічваюць многія фактары, адзін з іх — попыт, таму актуальны курс лепш удакладняць загадзя. Ён можа мяняцца як на працягу дня, так і ў выходныя. Нялішнім будзе загадзя спытаць і пра наяўнасць валюты ў абменніках банкаў. Поспеху вам.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Разумныя грошы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».