Вы тут

Як падабраць водар, які «пахне жанчынай»? Некалькі правілаў ад zviazda.by


У гэтым маі споўнілася 100 гадоў адной з самых вядомых парфум у свеце — «Шанэль № 5». Яе вынаходніцтва стала настолькі рэвалюцыйным, што дало пачатак новаму кірунку ў індустрыі прыгажосці. Інавацыйнасць ідэі складалася ў тым, што замест натуральнай асновы былі выкарыстаны альдэгіды. Менавіта сінтэтычнасць водару, якая супярэчыла прыродзе, адкрыла мноства магчымасцяў для эксперыментаў. Парфумер Эрнэст Бо, які сінтэзаваў водар па заказе мадэмуазэль Шанэль, прапанаваў ёй на выбар 10 варыянтаў. Узор пад нумарам 5 больш за ўсё спадабаўся Како. Так з’явіліся сусветнавядомыя духі. За стагадовую гісторыю існавання альдэгідных парфум былі створаны сотні водараў, але ж менавіта «Шанэль № 5» у гэтым спісе займае сваё ганаровае месца першаадкрывальніка.

Сёння на паліцах магазінаў можна ўбачыць парфумы на любы густ і кашалёк. Як не памыліцца і набыць той самы, непаўторны водар, які стане неад’емнай часткай вашай асобы? Спадзяёмся, нашыя парады дапамогуць хутка і якасна вырашыць гэтую задачу. 


Класіфікацыя водараў

Перш чым ісці ў парфумерны магазін, раім азнаёміцца з класіфікацыяй водараў, каб зразумець, якія пахі прывабліваюць менавіта вас.

  • Альдэгідныя. Сінтэтычныя водары. Яны могуць імітаваць натуральныя водары (гэта робіцца дзеля таго, каб знізіць затраты на вытворчасць духоў). А могуць быць абсалютна непаўторнымі і не мець мець аналагаў у прыродзе. Дзякуючы выкарыстанню альдэгідаў можна дасягнуць вытанчанасці водару і падкрэсліць перныя, кветкавыя і драўняныя ноты.
  • Раслінныя. Водары гэтай групы нагадваюць нам пра свежаскошаную траву, духмяныя расліны, першыя веснавыя кветкі і плады зялёнай гародніны. Ноты зеляніны часта выкарыстоўваюцца ў верхніх слаях парфум і надаюць ім лёгкасць і свежасць.
  • Кветкавыя. Усходнія. Парфумы гэтай групы — самыя яркія. Створаны для тых жанчын, якія любяць экзотыку. Крыху салодкія і перныя, маюць у сваім складзе водар ванілі, сандалавага дрэва, карыцы і спецый.
  • Анімалістычныя. Першая асацыяцыя з гэтым словам — мускус. Сапраўдны анімалістычны водар, які надае духам гэтай групы асаблівую цеплыню і ўтульнасць. Анімалістычныя ноты часта выкарыстоўваюцца для большай стойкасці парфум і надання ім пачуццёвасці.
  • Шыпры. Адрозніваюцца ад іншых груп спалучэннем класічных і сучасных водараў дрэў, імху, якія надаюць парфумам цеплыню і глыбіню.

Як выбраць ідэальную парфуму?

Галоўнае правіла пры выбары парфумы — не спяшацца. Набыццё духоў павінна быць асэнсаваным. Прыняць рашэнне на хаду ў гандлёвых цэнтрах, панюхаўшы варыянт, нанесены на палоску паперы, не атрымаецца. Парфуме патрэбны час, каб раскрыцца.

КРОК 1. Апырскайце вашае правае запясце абраным водарам. Адразу пасля нанясення вы адчуеце самыя яркія верхнія ноты парфумы. Яны трымаюцца не больш за хвіліну. Затым пачынаюць раскрывацца сярэднія ноты. Працэс адбываецца пад уздзеяннем тэмпературы нашага цела і прыроднага тлушчу, які знаходзіцца на паверхні скуры. Сярэднія ноты характарызуюцца большай мяккасцю і глыбінёй эсенцыі. Іх вы можаце адчуваць на скуры прыкладна ад 30 да 60 хвілін. Ніжнія ноты — базіс — адлюстроўваюць найбольш гарманічнае спалучэнне з хімічнымі характарыстыкамі вашага цела. Адчуваць іх можна ад дзвюх да шасці гадзін. Залежыць ад стойкасці водару.

КРОК 2. Паўтарыце этапы, апісаныя вышэй, на левым запясці. У працэсе параўноўвайце водары на абодвух запясцях.

ВЫСНОВА. Ваша ідэальная парфума не павінная выклікаць галаўны боль, млоснасць ці алергічныя рэакцыі. Яна павінная арганічна спалучацца з вашым натуральным пахам, уздымаць настрой і надаваць упэўненасці.

Як правільна наносіць парфуму?

  1. Наносіць духі раім перад апрананнем, нібы ахутваючы сябе воблакам водару. Ідэальныя для нанясення парфумы — участкі цела, цяплейшыя за іншыя: вобласць шыі, запясці, згін локцяў і шчыкалатак. Так парфума хутчэй «прачнецца».
  2. Нанасіце парфуму на вільготную скуру. Гэта спрыяе больш доўгаму яе трыманню.
  3. Пры нанясенні духоў карыстайцеся толькі распырсквальнікам. Пробку для флакона нельга выкарыстоўваць, бо на ёй можа застацца скураны тлушч, які можа парушыць склад духоў.
  4. Не карыстайцеся духамі перад выхадам на пляж. Яны павялічваюць фотаадчувальнасць скуры, што можа прывесці да ўзнікнення пігментных плям.
  5. Адчувайце меру! Наносіць духі некалькі разоў за кароткі прамежак часу нельга. Памятайце: лепшае вораг добраму!
  6. Пасля заканчэння парфумы не выкідвайце флакон. Пакладзіце яго ў шафу і тонкі вытанчаны водар вашай любімай парфумы яшчэ доўга будзе побач з вамі.  

Кацярына ТУМАС-ЦІШКЕВІЧ

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.