Вы тут

Анры Маціс у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага


Усё жыццё знакаміты француз Анры Маціс знаходзіўся ў няспынным пошуку. У імкненні да максімальна эфектнай і адначасова гарманічнай выразнасці ён мяняў свае мастацкія інструменты і мяняўся сам. Выставачны праект «Анры Маціс. Погляд», які размясціўся ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, дазваляе асэнсаваць гэтыя змены і прасачыць асноўныя кірункі яго творчых пошукаў. 118 літаграфій з работ аднаго з найбольш уплывовых мастакоў XX стагоддзя дапаўняе выстаўка Аліка Замосціна, а таксама экспазіцыя беларускіх графікаў, жывапісцаў, скульптараў, прадстаўнікоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.


Анры Маціс «Цырк». Літаграфія 1983 г. з работы 1947 г.

Анры Маціс праславіўся не толькі як жывапісец, але і як гравёр, ілюстратар кніг, манументаліст-дэкаратар, тэатральны мастак, скульптар, кераміст, майстар габелена і вітража. Ён стваральнік новага віду дэкаратыўнага мастацтва — выразак з паперы, афарбаванай гуашшу, — аплікацыі, якую пазней сталі называць дэкупажам. Вяршыняй яго эксперыментаў стала кніга «Джаз» пра цыркавое жыццё, ім напісаная і праілюстраваная. Несумненна, галоўнае ў серыі — гульня з колерам: майстэрства, да якога Анры Маціс імкнуўся ўсё жыццё. Творы вельмі складана зразумець, гісторыя іх «канструявання» ў гэтым выпадку многае тлумачыць. Аднак стваральнікі экспазіцыі не палічылі неабходным змясціць некаторыя факты ці каментарыі мастака або мастацтвазнаўцаў — творы суправаджаюцца цытатамі Анры Маціса з артыкулаў, кніг, лістоў і разважанняў. Яны не робяць тую ці іншую літаграфію больш зразумелай, а проста дапаўняюць выстаўку, сапраўды перадаючы погляд творцы на свет і мастацтва. А гэта адна з мэт праекта з красамоўнай назвай. Так, па вытрымках наведвальнік разумее, што для Маціса было сугуччам фарбаў, гармоніяй, «жывым партрэтам»…

Якраз жанр партрэта займаў асаблівае месца ў творчасці мастака. Твар цікавіў яго больш, чым нацюрморты або пейзажы. Як заўважаюць мастацтвазнаўцы, імкнучыся да максімальнага выяўлення цэлага, мастак ігнараваў неістотныя дэталі і максімальна спрашчаў формы, лічачы шкодным і непатрэбным тое, што не ўплывала непасрэдна на эмацыянальна-энергетычны імпульс. Многія прадстаўленыя кампазіцыі здаюцца падманліва простымі, але за кожнай з іх велізарная праца.

Наведвальнікі могуць убачыць серыі «Партрэты» і «Вокны». Гэта асаблiва каштоўныя рэчы. Выпушчаны яны былі ў колькасці ўсяго 50 асобнікаў, таму на аўкцыёнах каштуюць вельмі дорага. Сярод герояў Анры Маціса — як знакамітыя дзеячы (Сяргей Пракоф’еў, Луі Арагон), так і малавядомыя персанажы, у тым ліку сваякі мастака. Лаканічныя выявы — яшчэ адна дэманстрацыя таго, што мастак імкнуўся перадаць не дакладны вобраз таго ці іншага чалавека, а эмоцыі і пачуцці, звязаныя з героем.

Першы па часе партрэт — «Мадам Маціс. Жанчына ў капелюшы» (літаграфія 1954 г. з работы мастака 1905 г.). У нейкім сэнсе твор можна назваць лёсавызначальным… У 1897 годзе Анры Маціс і яго каханая Караліна Жабло разышліся, а восенню таго ж года мастак пазнаёміўся з Амелі Парэйр. Ужо ў студзені 1898 года Анры і Амелі ажаніліся, і даволі хутка ў іх з’явіліся сыны-пагодкі Жан-Жэрар і П’ер (апошні ў будучыні стане вядомым арт-дылерам і шмат зробіць для прасоўвання творчасці Анры Маціса ў ЗША). Пазашлюбную дачку Маціса Маргарэт пасля афіцыйнага ўдачарэння таксама ўзялі ў сям’ю. Яна і жонка многія гады былі любімымі мадэлямі мастака. Але гэты партрэт мадам Маціс азначаў для мастака вельмі шмат: прыкладна ў той перыяд ён адыходзіў ад уплыву многіх плыняў, якім аддаў даніну на мяжы стагоддзяў, і выпрацаваў свой стыль: плоскія формы, яркія фарбы, што накладаюцца шырокімі мазкамі, выразныя рэзкія лініі, адсутнасць імкнення да партрэтнага падабенства, але дакладная перадача характару. Работу многія не прынялі. Неяк мастаку сказалі, што ён не бачыць жанчын такімі, якімі іх паказвае. «Калі б я сустрэў такую жанчыну ў жыцці, то спалохаўся б і ўцёк, — адказаў Анры Маціс і дадаў: — Я ствараю не жанчыну, а карціну».

Анры Маціс.Мадам Л. Д. Жоўтае, зялёнае, сіняе. Літаграфія 1954 г. з работы 1947 г.

У частцы экспазіцыі, прысвечанай партрэтам, змешчаны і «Аўтапартрэт у паласатай майцы» (літаграфія 1954 г. з работы 1906 г.). Шорсткая барада, шырокі, ледзь выпуклы лоб, вялікія сур’ёзныя вочы — гэта адзін з найбольш простых твораў, тут яшчэ не вельмі адчуваецца буянства фарбаў і разгул эксперымента, якія будуць заўважны пазней. Мастак тут змрочна-задуменны і нібыта знарок неахайна апрануты: лічыцца, што гэта быў вельмі трывожны, неспакойны перыяд яго жыцця, барацьба не толькі за прызнанне, але і за выжыванне.

Інтэр’еры Маціса цесна звязаны з вобразам вокнаў. Гэта любімы матыў творцы і адзіная ў яго творчасці пэўная форма ў прасторы, з якой ён выконвае шматлікія эксперыменты. Акно ўспрымалася як партал у іншы свет, давала мастаку нагоду для асэнсавання вечных тэм выяўленчага мастацтва. Ці адкрыта яно; што знаходзіцца знадворку; у якіх паставах знаходзяцца персанажы ў памяшканні — кожная дэталь уплывае на настрой і інтэрпрэтацыю карціны. І нават назвы прымушаюць сузіраць і разважаць: «Цішыня жыве ў доме» (літаграфія 1948 г. з работы 1947 г.), «Невялікі інтэр’ер з круглым мармуровым сталом» (літаграфія 1948 г. з работы 1947 г.), «Дзве дзяўчыны ў каралавым інтэр’еры, сіні сад» (літаграфія 1948 г. з работы 1947 г.), «Інтэр’ер з чорным папаратнікам» (літаграфія 1948 г. з работы 1948 г.)…

Сёння творчасць знакамітага імпрэсіяніста і аднаго з лідараў плыні фавістаў вывучаецца і пераасэнсоўваецца, але ў свой час многія спецыялісты-сучаснікі сцвярджалі, што мастак адарваны ад рэчаіснасці і ператварае жывапіс у дэкарацыю, а яго карціны зняважліва называлі шпалерамі. Анры Маціс не звяртаў на гэта ўвагі, упэўнены ў тым, што творца вольны сам вызначаць крытэрыі прыгожосці і законы мастацтва. Нягледзячы на крытыку і жахлівыя падзеі, што адбываліся навокал (мастак нават хацеў пайсці дабравольцам на фронт, калі пачалася Першая сусветная вайна, але не змог гэтага зрабіць па стане здароўя), ён працягваў ствараць яркія і светлыя карціны, якія расказвалі аб прыгажосці свету і радасці творчасці. Яго марай было гарманічнае спакойнае мастацтва.

Праект «Анры Маціс. Погляд» сумясцілі з новай экспазіцыяй фотамастака Аліка Замосціна пад назвай «Лабірынт фарбаў». У калекцыі, прадстаўленай гледачам, 40 фотапалотнаў, якія адрозніваюцца ад ранейшых работ аўтара. Наведвальнікі могуць убачыць творы розных жанраў: партрэты, пейзажы, а таксама сюжэтныя сюррэалістычныя кампазіцыі. Анры Маціс лічыцца адным з галоўных эксперыментатараў пачатку ХХ стагоддзя, і арганізатары вырашылі паказаць творчасць нашага сучасніка, эксперыментатара XXI стагоддзя Аліка Замосціна, які сумяшчае мастацтва фатаграфіі, эстэтыку традыцыйнага жывапісу і графіку лічбавых тэхналогій. Адна з галоўных прычын — яркія колеры твораў ураджэнца Беларусі. Як лічаць арганізатары, у гледачоў ёсць магчымасць параўнаць двух аўтараў і зрабіць высновы. «Я пачынаў з чорна-белай фатаграфіі, потым займаўся графікай: гэта быў добры вопыт і дастаткова цікавыя, па меркаванні прафесіяналаў і гледачоў, работы, — адзначае Алік Замосцін. — Аднак мяне заўсёды вабіла разнастайнасць фарбаў, таму я перайшоў да больш актыўнай работы з колерамі — так мае фотаздымкі сталі фотажывапісам. Але ў гэтых фотакарцінах няма нічога прыдуманага: ніводнай лішняй дэталі. Толькі кадр і колер, кадр і колер… У мяне ёсць уласная формула добрай фатаграфіі: калі вы паглядзелі на работу і праз тыдзень яе помніце — яна сапраўды вартая. Забылі праз гадзіну? Значыць, слабая».

Ірына Кабякова «Кветкі на акне», 2021 г.

Таксама ў асобнай зале прадстаўлены работы вядомых беларускіх мастакоў і пачаткоўцаў: Дзяніса Барсукова, Надзеі Букі, Вікторыі Ганчаровай, Аліны Дзмітрыевай, Жаны Клімовіч, Мар’яны Карповіч, Марка Раманюка, Маргарыты Маніс… Змешчана ў экспазіцыі скульптура Сяргея Гумілеўскага і Генадзя Козела, а таксама кераміка Ірыны Кабяковай і Ліліі Нішчык. Большасць аўтараў — маладыя творцы, якія яшчэ толькі спрабуюць свае сілы. Як растлумачыў куратар выстаўкі Алег Рыжкоў, адбіралі карціны па прынцыпе яркасці, смеласці, пэўных новаўвядзенняў і эксперыментаў. Найбольш удалымі ў плане счытвання адсылак да творчасці Анры Маціса і дэманстрацыі ўласнага стылю можна назваць работы «Кветкі на акне» (2021) Ірыны Кабяковай, «Дзяўчына ў блузцы з кветкамі» (2021) Ганны Плотнікавай  і «Thorns» (2021) Мікіты Арлова. Некаторыя мастакі ў перадачы моманту вырашылі засяродзіцца на пэўных колерах і адценнях, што пайшло толькі на карысць. Сярод такіх карцін — халоднае і меланхалічнае «Дзяцінства, ранішні лес» (2017) Анастасіі Пратасавіцкай  і яркая і экспрэсіўная «Вальпургіева ноч» (2021) Уладзіміра Кандрусевіча. Так ці інакш, некаторыя работы ўсё ж выбіваюцца з агульнай канцэпцыі: у першую чаргу — Вольгі Жук і Уладзіміра Бяскроўнага. Нягледзячы на зразумелыя (і не вельмі) матывы, творы вылучаюцца тэхнікай, але не больш.

На выстаўцы «Анры Маціс. Погляд» дэманструюцца дакументальныя фільмы, якія знаёмяць з біяграфіяй і творчым шляхам французскага аўтара. Да таго ж кожны жадаючы зможа паспрабаваць разгадаць тэматычны квэст. Экспазіцыя, дапоўненая жывапісам і графікай беларускіх майстроў, будзе доўжыцца да 20 чэрвеня. Куратар праекта Алег Рыжкоў адзначыў, што адразу пасля яго завяршэння ў гэтай зале будуць дэманстравацца шэдэўры сусветнай сучаснай фатаграфіі і камп’ютарнай графікі.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».