Вы тут

Падарожжы ў Святую зямлю, сакрэты княжацкай кухні і бой Януша Радзівіла. Як прайшла «Ноч музеяў» у Нясвіжы


Сёлета асноўныя падзеі «Ночы музеяў» прыпалі на 22 і 23 мая. Сярод мерапрыемстваў, якія прапаноўвалі арганізатары, абраць нешта адно было вельмі складана. Настолькі разнастайныя і цікавыя актыўнасці праводзіліся ў музеях. На «Ноч музеяў» мы вырашалі з’ехаць з Мінска і наведаць самы знакаміты беларускі замак. Зразумела, што нацыянальны гісторыка-культурны музей Нясвіж проста не мог не прыняць удзел у «Ночы музеяў». Чым здзівіў замак Радзівілаў — чытайце ў рэпартажы «Звязды».


У Нясвіж мы прыехалі ў другой палове дня. Горад сустрэў сапраўды майскім надвор’ем: квітнеючым бэзам і пахмурным, пераднавальнічным небам. Дарога ад цэнтру горада да замка займае хвілін сем. Гэты цікавы скачок з сучаснасці ў мінулае можа дазволіць сябе не кожны горад. Але Нясвіж з лёгкасцю мяняе крамы, каву на вынас і аўтобусныя прыпынкі на Бернардынскі пруд і першы на тэрыторыі Рэчы Паспалітай езуітцкі касцёл.

Прыехаўшы ў Нясвіж першае, на што мы трапілі, была праграма «Па залах і эпохах». Гэта анімацыйная экскурсія, дзе падчас прагулкі па дварцовых залах наведвальнікі знаёміліся з уладальнікамі замка розных гістарычных эпох. Мікалай Хрыстафор Радзівіл Сіротка распавядаў пра свае падарожжы ў Святую зямлю, Пане Каханку дзялілася неверагоднымі гісторыямі, а Марыя Ружа Браніцкая адкрывала некаторыя сакрэты княжацкай кухні. Праз такі анімацыйны ход экспазіцыя замка быццам бы ажывала. Але прызнаемся шчыра, у некаторыя моманты мы наўмысна адставалі ад экскурсавода і разглядалі замкавыя памяшканні самі. Уявіце сябе: пустая, багата ўпрыгожаная комната. Аглядчыкаў няма, бо яны рыхтуюцца да асноўных мерапрыестваў «Ночы музеяў». Ты застаешся сам насам з эпохай, якая даўно сышла. Праз вокны бачны шпілі замка, пруд, пахмурнае неба. Не трэба ніякіх экскурсаводаў, каб адчуць атмасферу старога Нясвіжа.

Аглядзеўшы ўсю замкавую экспазіцыю, з лёгкасцю можна назваць тры месцы, якія нельга прапусціць. Знаёміцца з імі можна як у адзіночку, так і разам з экскурсаводам. Падымайцеся на трэці паверх і адразу ідзіце ў залатую залу. На гэта немагчыма глядзець без захаплення. Калісьці гэтая зала была ўпрыгожана сусальным золатам, менавіта ад гэтага і пайшла яе назва. Пакой павінен быў адлюстроўваць росквіт і сілу Радзівілаў, і гэта ў яе атрымлівалася. Але пасля войнаў, у якіх прымалі ўдзел Радзівілы, пакой страціў былую раскошу. Рэстраўратары паспрабавалі аднавіць залу: зараз, калі вы паглядзіце на сцены або паталок, ад залацістага бляску муроў у вас забаляць вочы. Толькі ўявіце сябе, што там адбываецца, калі ў пакой трапляюць сонечныя прамяні.

Адразу з залатой залы будзе праход у калекцыйны кабінет мінералаў. Там можна падзівіцца двум рэчам. Першая — якія разнастайныя інтарэсы былі ў рода Радзівілаў. Другая — якія ўсё ж такі дзіўныя і непаўторныя рэчы стварае прырода. Гаворка ідзе аб калекцыі мінералаў. Малахіты, сапфіры, каменныя пароды: каб дасканала агледзець усю экспазіцыю, мы ахвяравалі не меньш, чым пятнаццацю хвілінамі. Але час прайшоў незаўважна.

Апошні выставачны праект, які мы вельмі раім наведаць, мае назву «Castrum doloris. Пахавальны цырыманіял Нясвіжскага двара». Каб трапіць у экспазіцыйную залу, трэба прайсці праз слаба асветлены калідор, а недзе за вашай спіной будуць раздавацца гукі пахавальнага хору. Праект распавядае пра пахавальную культуру князёў Радзівілаў і дэманструе артэфакты.

Асноўная праграма «Ночы музеяў» у Нясвіжы пачалася ў шэсць гадзін вечара. Фестываль праходзіў пад назвай «Радзівіліада» і дэманстраваў культуру, воінскія традыцыі і музыку XVI-XVIII стагоддзяў. Замкавая плошча запоўнілася рыцарамі, прыдворнымі дамамі, рамеснікамі і жыхарамі сярэднявечнага гораду. Падчас тэатралізаванага прадстаўлення гледачы даведаліся, як выглядалі ліцвінскія мушкецёры. Некаторыя з самых маленькіх наведвальнікаў ўразіліся настолькі, што пачалі плакаць. За мушкецёрамі на плошчу прыйшла шляхта ВКЛ. Адзін з шляхцічаў абразіў другога: так распачаўся бой на мячах. Але ўсё скончылася добра: і ліцвінская пяхота, і шляхта бавілі час разам, папіваючы нешта з паходных пляшак. Напэўна, нейкі старажытны напой.

Але эпоха Радзівілаў знакаміта не толькі сваёй ваеннай гісторыяй. Культурнымі дасягненнямі нашых продкаў мы захапляемся дагэтуль. Так, падчас святочнай праграмы, можно было ўбачыць выступ тэатра старадаўняй культуры «Яварына». Але больш за ўсё запомніўся ансамбль старадаўняй музыкі «Кантраданс». Удзельнікі ансамблю выкладаюць музыку ў Баранавічах. Але падчас свята яны быццам бы ператварыліся ў прыдворных музыкаў. Экліктычная, але пры гэтым далікатная музыка разносілася па ўсім замкавым двары. Здавалася, што ўсё навокал прыціхла, каб не перашкаджаць.

Канешне ж, немагчыма было абыйсціся без гістарычнай рэканструкцыі. Так, падчас боя «Рэгімент Януша Радзівіла» гледачам прадэманстравалі тактыкі бою і манёўры атрадаў, гістарычнае фехтаванне і паказальны паядынак.

Вечар у замкавым комплексе Нясвіж завяршыўся вогненым шоў. Пад яркія ўспышкі мы развіталіся з сярэднявеччам і пакрочылі назад, да сваёй звыклай паўсядзённай сучаснасці.

Арына КАРПОВІЧ


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».