Вы тут

Адбылося пасяджэнне на тэму «Законы аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і супрацьдзеянні экстрэмізму»


Подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне ляжыць у аснове падмурка беларускай дзяржавы, заявіў начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўнай бяспецы Генеральнай пракуратуры Валерый ШУЛЯК падчас пасяджэння праекта БелТА «Экспертнае асяроддзе» на тэму «Законы аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і супрацьдзеянні экстрэмізму».


Фота: БелТА.

Памяць пра подзвіг

«Як вядома, грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне характарызуецца спробамі дэстабілізацыі абстаноўкі знешнімі і ўнутранымі дэструктыўнымі сіламі шляхам распальвання ў грамадстве варожасці і розні, маніпулявання настроямі часткі насельніцтва, навязвання крайніх формаў пратэснай актыўнасці. Адначасова ідэі нацызму, у аснове якога ляжыць тэзіс аб перавазе адной нацыі над іншымі, адной ідэалагічнай групы над іншай, аднаго чалавека над іншым, перажываюць сваё другое нараджэнне ў іх асучасненых, часам старанна закамуфліраваных і схаваных праявах», — распавёў Валерый Шуляк.

У прыклад ён прывёў падзеі ў Беларусі пасля выбараў 2020 года.

— Згадаем хоць бы той жа абкатаны ў Беларусі рэжысёрамі гібрыдных войнаў і каляровых рэвалюцый пастулат аб «суперлюдзях», якія стаяць у сваім развіцці значна вышэй над усімі астатнімі, што з прычыны сваёй недасканаласці не да канца разумеюць бягучы момант і ўласнае дабро. А вынікам з'яўляецца ўсё тая ж старая песня на новы лад — культываванне радыкалізму, расізму, нацыяналізму, распаўсюджванне ідэалогіі варожасці і нянавісці сацыяльнай, ідэалагічнай, рэлігійнай. Яны, у сваю чаргу, з'яўляюцца спрыяльнай глебай для радыкальных настрояў, здольных перарасці як мінімум у масавыя беспарадкі, як максімум у войны лакальнага і рэгіянальнага ўзроўню, — адзначыў начальнік аддзела.

Валерый Шуляк падкрэсліў, што паралельна з гэтым ідуць працэсы наўмыснага скажэння гістарычнай праўды пра Другую сусветную вайну, вырашальнай ролі савецкага народа ў перамозе над фашызмам.

— У модзе псеўдагістарызм. Чорнае называецца белым, злачынцы — героямі і наадварот. У той жа час, гістарычная спадчына нашай дзяржавы і ў першую чаргу памяць пра подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пра свяшчэнную ахвяру беларускага народа, які палажыў на алтар Перамогі мільёны сваіх жыццяў, забеспячэнне на аснове гэтай памяці сувязі і пераемнасці пакаленняў ляжаць у аснове падмурка беларускай дзяржавы, з'яўляюцца найважнейшымі маральнымі скрэпамі беларускага народа. Мы назіраем, як гэты падмурак, гэтыя скрэпы спрабуюць разгайдаць і знішчыць, — дадаў ён. — У сувязі з гэтым лічым, што адначасовае ўдасканаленне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму і недапушчэнні рэабілітацыі нацызму набывае на сучасным этапе асаблівыя сэнс і значэнне.

Сур'ёзны сігнал

Адраджэнне нацысцкай ідэалогіі ў Беларусі недапушчальнае, заявіў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў.

— Актуальнасць законаў, якія прыняты, відавочная. Падзеі 2020 года, спробы выкарыстоўваць ідэі нацызму дэструктыўнымі сіламі для разгойдвання сітуацыі ў нашай краіне былі відавочныя. На жаль, мы павінны канстатаваць, што ў нашай краіне, якая больш за ўсіх пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны, страціўшы тры мільёны чалавек, адбываюцца такія падзеі», — сказаў Сяргей Рачкоў.

Паводле яго слоў, ніхто нават не мог выказаць здагадку, што мы калісьці падыдзем да пытання аб заканадаўчым рэгуляванні праблемы недапушчэння рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых.

— Але тым не менш, у парламенце Беларусі мы прынялі рашэнне, што неабходна падрыхтаваць такі закон, — заўважыў сенатар. — Хачу адзначыць, што былі дыскусіі, розныя меркаванні. І адно з меркаванняў было інтэграваць тэматыку недапушчэння рэабілітацыі нацызму ў закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Але большасць схілілася да таго, што мы павінны мець асобны закон, які дасць сур'ёзны сігнал грамадству пра тое, што ў Беларусі такая дзейнасць недапушчальная. Таму быў распрацаваны асобны закон.

Закон аб рэабілітацыі нацызму распрацаваны з улікам нормаў мадэльнага закона Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД «Аб недапушчальнасці дзеянняў па рэабілітацыі нацызму, гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых».

— На этапе падрыхтоўкі закона мы прыйшлі да думкі, што ён у першую чаргу павінен мець такую ідэалагічную скіраванасць і спрыяць таму, каб у нашым грамадстве мы маглі дакладна вызначыцца, што адраджэнне нацысцкай ідэалогіі недапушчальнае. У законе выразна сказана пра забарону на рэабілітацыю нацызму, гераізацыю нацысцкіх злачынцаў. І асабліва хацеў бы адзначыць, што мы дакладна акцэнтавалі таксама ўвагу на праблематыцы тых, хто ўдзельнічаў на баку акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, на калабарантах, на тых, хто ўдзельнічаў у генацыдзе беларускага народа, — дадаў ён.

Маральны закон

Парасткі нацызму і яго праяў трэба выпальваць гарачым жалезам, заявіла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія АНАНІЧ.

— Закон аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму — гэта комплексны прававы акт. Гэта палітычны, юрыдычны, і, калі хочаце, маральны закон, які выразна расстаўляе акцэнты беларускага грамадства і дзяржавы аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму, нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых. Было адпаведнае даручэнне кіраўніка дзяржавы. І не магу тут не адзначыць, што неаднаразова ў ходзе дыялогавых пляцовак, сустрэч з працоўнымі калектывамі, у лістах, зваротах грамадзян да дэпутацкага корпуса падкрэслівалася гэтая тэма. Асабліва калі ўбачылі, што БЧБ-сцягамі, якія выкарыстоўваліся фашысцкімі прыслужнікамі, пачалі размахваць на нашых вуліцах і плошчах. Людзей гэта проста абурыла. І таму вярнуліся да гэтай тэмы. Гэта такі комплексны падыход у звязцы з тым, што меры па супрацьдзеянні, недапушчэнні рэабілітацыі нацызму прапісаны і ў законе «Аб змяненні законаў па супрацьдзеянні экстрэмізму», — распавяла Лілія Ананіч.

Паводле яе слоў, вельмі важна, што ў законе дакладна вызначаны органы процідзеяння ў недапушчэнні рэабілітацыі нацызму.

— У пераліку гэтых органаў не толькі сілавыя структуры, але і органы дзяржаўнага кіравання ў сферы адукацыі, інфармацыі, у сферы фінансавых расследаванняў, калі гаворка ідзе аб фінансавых патоках, якія могуць улівацца ў гэтыя працэсы. У законе ёсць вельмі важны радок, што парадак ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) прыкмет экстрэмізму вызначаецца Саветам Міністраў. І зараз ідзе напрацоўка ў Міністэрстве інфармацыі па змяненні нарматыўнай базы дзейнасці рэспубліканскай экспертнай камісіі па выяўленні ў друкаванай прадукцыі прыкмет наяўнасці (адсутнасці) экстрэмізму, — адзначыла парламентарый.

Лілія Ананіч упэўнена, што павінна больш актыўна весціся работа па папулярызацыі подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У яе павінны быць уключаны ўсе зацікаўленыя ведамствы.

— Кожны з нас у рамках свайго разумення, сваіх магчымасцяў павінен падумаць пра тое, а што мы павінны яшчэ зрабіць? Таму тут вялікае поле і для журналістаў, і для дзеячаў культуры, і для палітыкаў. Самае галоўнае, мы — згуртаванае, адзінае грамадства. Мы адстойваем свае каштоўнасці. Што сёння адбываецца ў геапалітычным кантэксце? Нас, Расію спрабуюць зрабіць ізгоямі, хочуць змяніць нашы каштоўнасныя арыенціры, б'юць на моладзь. У нас хочуць усяліць комплекс віны за нашу гісторыю. Нам няма чаго саромецца сваёй гісторыі. Мы прымаем яе такой, якая яна была. Але мы ніколі не аддадзім на ганьбаванне святое, што ў нас ёсць. Сёння ва Украіне і Прыбалтыцы ветэраны ўжо баяцца 9 Мая выйсці на вуліцу, а маршыруюць іншыя. Гэта падмена герояў. Таму гарачым жалезам трэба выпальваць парасткі нацызму і яго праяў, — падкрэсліла парламентарый.

Час вызначыцца з БЧБ-сімволікай

Прыйшоў час перагледзець падыходы да сімволікі, паставіць кропку з вызначэннем «БЧБ». Пра гэта заявіў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) — начальнік 3-га ўпраўлення (па супрацьдзеянні экстрэмізму) Міністэрства ўнутраных спраў Міхаіл БЕДУНКЕВІЧ.

Паводле яго слоў, пытанням недапушчэння рэабілітацыі нацызму і раней аддавалася павышаная ўвага.

— Скажу так, мы і да прыняцця законаў працяглы час займаліся гэтай праблематыкай, узнімалі пытанні, з якімі сутыкаліся ў ходзе аператыўна-службовай дзейнасці. Яшчэ ў 2015 годзе мы пазначылі праблему нацызму, які існуе ў Беларусі. У той час шмат у чым для некаторых людзей было нечакана, што не толькі ў памежных з намі дзяржавах і ў свеце была такая праблема. Але і ў нас яна квітнела на фоне падзей, што адбываліся ў суседніх дзяржавах. Мы выразна бачылі праблему і ўбачылі спробу сіл, якія стаяць за сённяшнімі нацыстамі, надаць новы штуршок іх дзейнасці, арганізаваць іх і папулярызаваць сярод насельніцтва, — заўважыў Міхаіл Бедункевіч.

Як паказвае практыка, неанацысцкія арганізацыі з'яўляюцца асноўнай рухаючай сілай пратэсных рухаў у розных краінах.

— Гэта тыя людзі, якія выкарыстоўваюцца на вуліцах, вядуць вулічныя баі. Тыя, хто мае і атрымлівае навыкі гэтых баёў, у тым ліку і за мяжой. І мы ўбачылі выразную спробу праяўлення гэтых сіл на тэрыторыі Беларусі. Таму яшчэ ў 2015 годзе пазначылі гэтую праблему і выйшлі з шэрагам ініцыятыў па ўзмацненні адказнасці па прапагандзе нацызму, публічнай дэманстрацыі нацысцкай сімволікі. Бо сутыкаліся з абуральнымі выпадкамі, калі людзі, не хаваючы сваіх татуіровак на пляжах, у грамадскіх месцах, культывавалі гэта. Людзі рэальна апасаліся, скажам так, з'яўляцца побач з такімі галаварэзамі. Таму ўжо ў той час работа Міністэрства ўнутраных спраў была накіравана на прыняцце аператыўных мер па выкараненні прычын, якія спрыялі б такім праявам, — распавёў ён.

На сённяшні дзень Міністэрству ўнутраных спраў даручана быць каардынатарам у барацьбе з рэабілітацыяй нацызму.

— Для нас гэта не стала чымсьці нечаканым. Мы да гэтага рыхтаваліся. У нас ёсць выразныя планы па рабоце па ўсіх напрамках, — канстатаваў Міхаіл Бедункевіч. — Міністэрства ўнутраных спраў мае намер у найбліжэйшы час перагледзець спіс арганізацый, якія супрацоўнічалі з нацысцкай Германіяй падчас вайны. Збяром навуковую супольнасць і прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, дзе абмяркуем і прапануем новыя арганізацыі, якія супрацоўнічалі з нацыстамі, для ўключэння ў гэты спіс. Лічым, што прыйшоў час перагледзець падыходы да сімволікі. Паставіць кропку з вызначэннем БЧБ-сімволікі. Наша пазіцыя ў тым, што не можа быць дазволена сімволіка, якая выкарыстоўвалася калабарантамі. Таму ў новым законе ёсць механізмы барацьбы з гэтым. І мы будзем прапаноўваць унясенне БЧБ-сцяга ў спіс сімволікі, якая забаронена. У законе дадзены варыянты выкарыстання ў іншых мэтах — гэта тэатральная дзейнасць, кіно як факт гісторыі. Але хадзіць пад гэтымі сцягамі на вуліцах ніхто не дасць. Выкарыстоўваць у сваіх мэтах гэтыя ідэалагічныя нацысцкія моманты мы не дазволім. Мы будзем змагацца. У нас усё для гэтага ёсць.

МУС таксама з'яўляецца каардынатарам закона па супрацьдзеянні экстрэмізму.

— Ёсць пэўныя планы і кірункі. МУС даручана весці спіс арганізацый і апублікаванне пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. У нас шырокая база такіх людзей і арганізацый. Мы вядзём работу як у рамках наяўных крымінальных спраў, так і ў штодзённай дзейнасці. Асаблівую ўвагу звяртаем на выяўленне такіх асоб, арганізацый і суб'ектаў у інтэрнэт-асяроддзі, сярод дэструктыўных месенджараў, Telegram-каналаў і груп. Асаблівую ўвагу ўдзяляем фінансаванню экстрэмісцкай дзейнасці. Таму што калі ёсць фінансаванне, тады гэтым праявам экстрэмізму, нацызму надаецца новы штуршок. І мы бачым найбольшыя праблемы там, дзе ёсць падтрымка. А яна ёсць па ўсіх напрамках. І мы бачым падтрымку, якая ажыццяўляецца замежнымі каардынатарамі», — адзначыў Міхаіл Бедункевіч.

Загаловак у газеце: Адстаяць праўду

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.