Вы тут

Рыцарская мара, прывідны леў і сатыра Элаізы. Чаму Косаўская Чорная дама ненавідзіць п'яніц і ігракоў


Звычайна легенды назапашваюцца стагоддзямі... Чым больш старажытныя муры — тым больш гісторый аб прывідных воінах, чорных альбо белых дамах, шэрых мніхах, праклятых скарбах і замураваных сутарэннях...

Палац, пра які мы сёння пагаворым, узнік у другой палове XVІІІ стагоддзя, у эпоху Асветніцтва, але містычных гісторый вакол яго столькі, што хапіла б на некалькі больш старажытных замкаў…


Мяркуйце самі.

Тут і Чорная дама — былая гаспадыня палаца, якая пільнуе яго спакой і маральнасць гасцей.

Тут жа — прывід маладой служанкі. Дзяўчына нібыта адпрэчыла заляцанні аднаго з магнатаў, за што была падступна выштурхнута ім ноччу ў калідор на з'ядзенне льву, якога выпускалі вартаваць палац. Ну і прапала дзеўка бедная...

Дарэчы, і леў, як належыць яркаму персанажу, таксама некаторымі пераводзіцца ў «разрад» прывідаў — маўляў, дасюль блукае па руінах і рыкае.

Нават дзікае паляванне караля Стаха чамусь прывязалі да Косаўскага палаца. Маўляў, скача ціхімі месяцовымі начыма, шукае, паводле версіі Уладзіміра Караткевіча, здрадніка Рамана...

А ёсць нібыта яшчэ і падземны ход — ды такі, што карэта, запрэжаная трыма коньмі, магла праехаць. І цягнуўся той ход ажно да Ружан...

Фігуруе ў легендах і пасыпаная соллю дарога, па якой улетку на санях ездзіла гаспадыня палаца, прыпадабняючыся Пане Каханку. І скарбы ў сутарэннях, і «музычная сцяна», якая гучыць, калі па ёй ударыць, а мо «музычны падаконнік» на другім паверсе — калі, стаўшы на яго, пляснуць у ладкі, водгулле пойдзе адусюль...

Зрэшты, сам выгляд палаца ў Косаве правакуе на містычныя легенды — такі ён гатычны, рамантычны... Недарэмна сучаснікі называлі яго «рыцарскай марай».

Давайце паглядзім на вядомыя факты пра Косаўскі палац і падумаем, як маглі некаторыя з іх спарадзіць легенды.

Горкі прысмак венгерскага віна

Пачнём з Войцеха Пуслоўскага, якому дастаўся маёнтак Косава ад Флемінгаў. Чалавек ён быў надта прадпрымальны. Дарогі будаваў, млыны, вінакурні, прадпрыемствы па вырабе жалеза, сукна, паперы, шкіпінару, дываноў... Ужываў паравыя рухавікі, землі прыкупаў нечуванымі прасторамі... А чаму ж не, калі брат жонкі Юзафіны — міністр фінансаў Царства Польскага...

Улады мяняліся... Войцех Пуслоўскі ўмудраўся заставацца пры ўплыве ды грашах. У Вялікім Княстве Літоўскім быў дэпутатам Трыбунала, у Расійскай імперыі стаў правадзейным стацкім саветнікам. Дарэчы, добры прыбытак меў ад паставак у расійскае войска.

Захаваліся ўспаміны пра тое, як Войцех Пуслоўскі ўвесну 1825 года змог дамагчыся права запрасіць на абед цара Аляксандра І, калі той з Царскага Сяла ехаў у Варшаву. Пуслоўскі, уладальнік вёскі Міхалін, прымаў цара ў доме Міхалінскай паштовай станцыі, аздобіўшы інтэр'ер так, што дом нагадваў маленькі палац (натуральна, што імператар не збіраўся збочваць з дарогі дзеля наведвання нейкіх там маёнткаў). Абед быў шыкоўны... Усё на смак імператара. А мэтай такіх затрат з боку Пуслоўскага было выпрасіць памілаванне для сына Цітуса, які служыў у кавалергардскім палку і за год да таго ўвязаўся ў двубой, за што быў разжалаваны ў жаўнеры. Згодна з мемуарамі сучасніка, Войцех знайшоў момант закінуць слоўца за сына, калі цар пахваліў пададзенае да стала венгерскае віно: «Ваша вялікасць! Я вельмі шчаслівы, што гэтае венгерскае заслужыла такую ўхвалу ад вашай вялікасці; яно ў мяне дамашняе і ўзята з тае бочкі, якая захоўвалася да сёння з дня нараджэння майго няшчаснага сына, які служыў у кавалергардскім вашае вялікасці палку».

Цар яшчэ раз пахваліў віно, намёк прапусціў міма вушэй, на гэтым усё і скончылася, што са зласлівасцю занатавалі ў дзённіках прыдворныя.

Дарэчы, звычай у тутэйшых шляхецкіх сем'ях ставіць пры нараджэнні сына на захоўванне бочку віна, запачаткаваны яшчэ пры каралі венгерскага паходжання Стафане Баторыі — называлася такое віно на мёдзе «баторын» і ўжывалася ў самых урачыстых выпадках, звычайна на вяселлі таго, у гонар чыйго нараджэння было пастаўлена. Так што Пуслоўскі паступіў вельмі сімвалічна.

Прыхільнік Касцюшкі

Ва ўсёй сваёй прыгажосці Косаўскі палац паўстаў пры новым уладальніку, малодшым сыне Войцеха Вандаліне Пуслоўскім. Будаўніцтва пачалося ў 1838-м, праз пяць гадоў пасля смерці Войцеха. На вызначэнне месца пабудовы паўплывала тое, што побач — радавая сядзіба Тадэвуша Касцюшкі, вялікім прыхільнікамі якога былі Пуслоўскія. Вандалін загадаў аднавіць сядзібу Касцюшкаў, зрабіць там музей героя, а побач узвесці варты рыцарскай славы палац. Даручылі праект варшаўскаму архітэктару Францішку Яшчолду.

Пра раскошу Косаўскага палаца недарэмна ходзяць легенды. 12 вежаў, якія сімвалізуюць 12 месяцаў, шкляная падлога над акварыумам з рыбамі, карцінная галерэя, бібліятэка... Цалкам магчыма, быў і леў — магнаты любілі звярынцы. Вось толькі ці хадзіў ён бескантрольна па калідорах? Наўрад. Магчыма, у народнай памяці застаўся выпадак з уцёкамі драпежніка, альбо адмыслова распаўсюджваліся чуткі пра дзікага вартаўніка, каб адпужнуць патэнцыйных зладзеяў.

А вось тое, што жонка Вандаліна Пуслоўскага, Ядвіга з Язерскіх, ездзіла ўлетку на санях па дарозе, пасыпанай соллю, гісторыкі, здаецца, дапускаюць...

А вось пасля Вандаліна маёнтак перайшоў да яго сына Лявона, які цягаўся па Парыжах, заляцаўся да дам і быў заўзяты гулец. Адны кажуць, Косава прайграў у карты, другія кажуць — за даўгі аддаў... У адной крыніцы знайшла звесткі, што Лявон прадаў маёнтак за 700 тысяч рублёў князю Аляксандраву з Масквы. У другой, што бацька Лявона Вандалін яшчэ пры жыцці выставіў палац на продаж, каб дапамагчы расплаціцца з даўгамі сыну... У любым выпадку, Косава перастала належаць Пуслоўскім, палац пераходзіў з рук у рукі, з яго вывозілі ўсё каштоўнае, паціху руйнавалі... У такіх выпадках, кажуць, і прачынаюцца здані былой славы.

Што бывае, калі пускаеш пісьменнікаў гасцяваць

А каб як найлепш пазнаць прывідаў палаца, звернемся да... пісьменніцы Элізы Ажэшкі.

Вандалін Пуслоўскі быў вядомы мецэнат, калекцыянер, аматар мастацтваў. У яго гасцявалі Генрык Сянкевіч і Напалеон Орда... Эліза Ажэшка наведвалася не раз, пісала тут свае творы... У некалькіх крыніцах я знайшла згадкі, што свой раман «Паны Пампалінскія» 1876 года Ажэшка напісала, узяўшы некаторыя тыпы з сям'і Пуслоўскіх.

Што ж, падабенствы сапраўды ёсць. Прынамсі, адносіны паміж Вандалінам і Ядвігай Пуслоўскімі і іх сынам Лявонам сапраўды падобныя да апісаных у рамане адносін графа Яраслава Пампалінскага і ягонай жонкі з іх сынам Цэзарыем (часткова Лявон угадваецца ў іншым персанажы, Вільгельме, які прайграе ў Парыжы прызначаныя для фабрыкі грошы).

«У павеце, дзе знаходзіцца маёнтак Пампалінскіх, успыхнула эпідэмія даволі малавывучанай хваробы. Хвароба хутка спасцігла многіх. Усім панам N-скага павета, хто хоць троху сябе паважаў, закарцела абзавесціся радавым дваранскім прозвішчам. Шляхціцы ліхаманкава корпаліся ў сямейных архівах; пачалася форменная аблога тых устаноў, дзе захоўваліся радаводныя кнігі. У поце твару раскопваліся даўно сатлелыя, паўзабытыя рэшткі, і на свет божы выцягваліся, а то і наноў сачыняліся хоць колькі праўдападобныя прозвішчы і прыдомкі, якія тут жа далучаліся да прозвішчаў. Толькі малодшаму з яснавяльможных братоў — Яраславу — не выпала шчасця валодаць ні палацам, ні асабняком у сталіцы. Справа ў тым, што ён успадчынніў якраз тыя землі, дзе ўзводзіўся знакаміты будынак, які ўжо параўноўваўся з Кёльнскім саборам, хоць гэта быў хутчэй Ватыкан у мініяцюры. Будаўніцтва яго ён палічыў справай гонару і сваім свяшчэнным сыноўскім абавязкам».

Згадзіцеся, Яраслаў цалкам супастаўны з малодшым сынам Войцеха Пуслоўскага Вандалінам — старэйшым братам дасталася варшаўская спадчына, а яму — Косава, дзе ён і ўзвёў гатычны будынак «у стылі Кёльнскага сабора».

А згаданыя апантаныя росшукі ў архівах сапраўды былі — у Расійскай імперыі некалькі разоў праводзілі перапіс шляхты, і кожны мусіў пацвердзіць паходжанне.

Яшчэ падабенства... Як бачыце, Ажэшка вельмі здзекліва высмейвае шляхецкую пыху, пагоню за тытуламі. Паны Пампалінскія ў яе аповесці таксама пнуцца пацвердзіць сваё старажытнае паходжанне і нават настойліва спрабуюць здабыць у Папы Рымскага графскі тытул.

Пуслоўскія таксама змагаліся за графскі тытул, гэтак жа ездзілі ў Рым, да Папы Рымскага, Пія ІX, і гэтак жа іх тытул не прызналі на Радзіме.

Праўда, застаецца ў мяне пытанне... Эліза Ажэшка, гледзячы па ўсім, была ў сяброўскіх адносінах з Пуслоўскімі, гасцявала ў іх... А твор настолькі з'едлівы, так бязлітасна выкрывае герояў... Ці была такая бязлітаснасць патрэбай мастацкай праўды, якая мацнейшая за сяброўства, ці таго сяброўства аднойчы не стала?

Графіня ў чорным

Дык хто ж такая Чорная дама Косаўскага палаца?

Паводле легенды, яна асабліва чула рэагуе, калі нехта лаецца альбо нецвярозы... Маўляў, гэта пані Ядвіга Пуслоўская падобным чынам гневалася на шалапутныя паводзіны сына Лявона, якія прывялі да таго, што Пуслоўскія страцілі гэты палац.

У рамане Элізы Ажэшкі ў графа Яраслава ёсць жонка, княгіня Ікс. «Яна правяла большую частку сваёй маладосці ў Парыжы і выдатна ведала, што прынята ва ўсіх Сен-Жэрменскіх прадмесцях свету і што ёй належыць паводле нараджэння, становішча і сувязяў. З ёю ў дом Пампалінскіх увайшоў невядомы яму дагэтуль вялікасвецкі шык... Толькі ўзводзімае ў Літве падабенства Ватыкана трохі ўзгнагароджвала яе...»

Ці не з'яўляецца прататыпам княгіні Ікс Ядвіга Язерская, дзеля запытаў якой узвёў Вандалін у Косаве «падабенства Ватыкана»? Улічваючы выхадку з яздой па солі, якраз у гэтым духу персанаж.

«Гэта была станістая, высокая жанчына. Яе лёгкая, але паважная хада, горда ўскінутая галава, пяшчотны, белы, хоць пакрыты ўжо сеткай маршчын твар, ганарысты і ўладны погляд вялікіх чорных вачэй, у якіх яшчэ не згасла былое полымя, упэўненыя рухі і манера трымацца — нішто не выдавала ў ёй пакорлівасці, дабрадзейнасці ды іншых цнот праведніцы, якой яна была на думку свету... Чорная сукенка з дарагога шоўку ціха шаргатала па дыване, што высцілаў падлогу галерэі. На шыі, у пене бялюткіх, тонкіх, як павута, карункаў танула венецыянская брошка авальнай формы з выявай храма святога Пятра. Чорныя з сівізной валасы неахайна абвівалі такія ж карункі...»

Згадзіцеся, персанаж, які цалкам падыходзіць на ролю прывіднай Чорнай дамы!

Не ведаю, наколькі героі Ажэшкі спісаныя з натуры — напэўна ж, назіранні сінтэзаваныя з фантазіяй, а мо і назнарок многае зменена, каб не было пазнавальнае...

Цікава і тое, што пахавальня роду Ажэшкаў у Закозелі пабудавана па праекце таго самага архітэктара Францішка Яшчолды, у тым самым гатычным стылі.

Так што калі зберацеся наведаць Косава — а пабываць там трэба абавязкова, каб палюбавацца, як аднаўляецца «рыцарская мара», — памятайце, што Чорная дама застанецца вельмі незадаволеная, калі не ўбачыць паважлівых паводзін. Магчыма, удасца вам і пачуць прывідны рык ільва... А вось падземны ход у 25 кіламетраў да Ружан, кажуць даследчыкі, выдумка.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Рыцарская мара, прывідны леў і сатыра Элаізы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Як беларуска стварыла сваю сістэму рэабілітацыі дзяцей з кахлеарнымі імплантамі

Методыка аказалася запатрабаванай у нашай краіне і за яе межамі.

Культура

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

«Як зрабіўся паэтам, я не ведаю сам...». Лёсы беларускіх паэтычных зборнікаў

Лёс другога зборніка ў літаратарскай кар’еры — самы складаны. 

Культура

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

Уладзіслаў Арцёмаў: «У беларускай мове болей старажытнага духу...»

На пытанні «Звязды» адказвае галоўны рэдактар расійскага літаратурнага часопіса «Москва».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.